Канстантынопальскі патрыярх на Вялікдзень заклікаў да абмену палоннымі паміж Украінай і Расеяй згодна з прынцыпам «усіх на ўсіх»

Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей

Сусьветны патрыярх заклікае да міру і поўнага абмену палоннымі без дадатковых умоваў.

Сусьветны патрыярх Варфаламей заклікаў да абмену «ўсіх на ўсіх» паміж Расеяй і Ўкраінай. Пра гэта паведамляе Каардынацыйны штаб у абыходжаньні з вайсковапалоннымі са спасылкай на Варфаламееўскую службу ў саборы Сьвятога Георгія ў Фэнэры ў Стамбуле, Турэччына.

У сваім звароце з нагоды Ўваскрасеньня Хрыстовага Сусьветны патрыярх Варфаламей адзначыў, што падтрымлівае ініцыятыву расейскага руху «Наш выхад».

«Гэта было б вельмі адчувальным пацьверджаньнем моцы Ўваскрасеньня Госпада», — сказаў Варфаламей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён на дух не пераносіў Homo sovieticus». Аповед пра апошнія гады жыцьця архіяпіскапа Арцемія

Як адзначаецца на старонцы ініцыятывы, з нагоды сьвята расейская арганізацыя пошуку расейскіх вайскоўцаў зьвярнулася да Сусьветнага патрыярха з просьбай падтрымаць абмен.

Раней падчас велікоднай прамовы 31 сакавіка з аналягічным заклікам да абмену выступіў Папа Рымскі Францішак:

«Заклікаючы паважаць прынцыпы міжнароднага права, жадаю агульнага абмену ўсімі палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай: усіх на ўсіх!»

Нагадаем, што сёлета ў Літве зарэгістравалі Праваслаўную царкву Канстантынопальскага патрыярхату, сярод яе сьвятароў двое беларусаў — Георгі Рой і Аляксандар Кухта.

Расейская праваслаўная царква (РПЦ) адкрыта падтрымала вайну, што выклікала абурэньне і адыход ад царквы з боку шэрагу вернікаў,у тым ліку беларусаў. Некалькі сьвятароў, якія зазналі перасьледу ці не пагадзіліся з палітыкай Маскоўскага патрыярхату, пакінулі Беларусь. Праваслаўныя цэрквы Ўкраіны падрыхтавалі кіраўніку РПЦ Кірылу (Гундзяеву) адмысловы пісьмовы адказ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя цэрквы ва Ўкраіне адказалі на заяву патрыярха Кірыла пра «сьвятую вайну»