Як назавуць эпоху позьняга Лукашэнкі? Пра некаторыя ўзроставыя хваробы дыктатарскіх рэжымаў

Леанід Брэжнеў, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін. Каляж

Нечакана для многіх Лукашэнка пачаў хваліцца ўласнымі посьпехамі і дасягненьнямі і падсумоўваць зробленае за тры дзесяцігодзьдзі пры ўладзе. Раней гэта не было яму ўласьціва. Што адбываецца?

Сьцісла:

  • Праявы культу асобы — адна з характэрных рысаў аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў, асабліва на позьніх стадыях існаваньня.
  • Раней Лукашэнка не дазваляў пышных дзяржаўных урачыстасьцяў з нагоды ўласных юбілеяў і гадавін прыходу да ўлады.
  • І Лукашэнка, і Пуцін, даючы (ці не даючы) згоду на ўшанаваньне ўласных заслуг, у той ці іншай ступені арыентуюцца на добра знаёмы ім досьвед эпохі Брэжнева.
  • Найбольш значны сьлед, які Лукашэнка пакінуў у гісторыі Беларусі апошніх дзесяцігодзьдзяў — у тым, што адабраў у беларусаў свабоду, якая ў іх трыццаць гадоў таму, да ягонага прыходу, была: свабоду выбіраць, адкрыта выказваць уласныя думкі, крытыкаваць уладу, чытаць і глядзець тое, што падабаецца.

Увогуле, гэта яўная ўзроставая асаблівасьць, прыкмета пажылога веку — схільнасьць ганарыцца ўласнымі былымі заслугамі, падсумоўваць зробленае за многія мінулыя гады і дзесяцігодзьдзі, прымаць знакі пашаны за колішнія дасягненьні. Падсьвядомае жаданьне перад набліжэньнем адыходу засьведчыць перад сабой і нашчадкамі, што недарэмна прыходзіў на гэты сьвет, што пакінуў свой варты і прыкметны сьлед у жыцьці. Ці можна дакараць за гэта пажылога чалавека?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы нікога ў Беларусі не трымаем». Чаму Лукашэнка і Пуцін не закрылі межаў для тых, хто ўцякае ад рэпрэсій

«Мы ніколі яшчэ не жылі так добра, як цяпер»

У першыя гады і дзесяцігодзьдзі пры ўладзе Лукашэнка стараўся не акцэнтаваць увагу на сваіх сапраўдных (ці ўяўных) дасягненьнях, на непрыстойна працяглым часе ўтрыманьня ўлады, лішні раз імкнуўся ня згадваць пра дзесяцігодзьдзі свайго прэзыдэнцтва. Рашуча спыняў спробы некаторых падначаленых арганізаваць дзяржаўныя ўрачыстасьці, напрыклад з нагоды 25-годзьдзя знаходжаньня пры ўладзе ў 2019-м, альбо адзначаць уласныя юбілеі.

Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе. УНС. Менск, 24 красавіка 2024 году

Цяпер тыя ранейшыя абмежаваньні, падобна, зьнятыя. Вось толькі некалькі цытат зь ягонага выступу на нядаўнім «Усебеларускім народным сходзе», зусім не характэрныя для Лукашэнкі былога, маладзейшага:

  • «Мы траціну стагодзьдзя цьвёрда стаім пад інфармацыйным, санкцыйным „агнём“».
  • «Мы ніколі яшчэ не жылі так добра, як цяпер».
  • «Прызнаем, каб ня кідацца ў рэвалюцыйныя трансфармацыі. Не дзеля таго траціну стагодзьдзя таму мы адводзілі народ ад бездані. І адвялі».
  • «Я ганаруся нашымі дасягненьнямі».
  • «Нам ёсьць што прадставіць маладому пакаленьню ў год нашага 30-годзьдзя...Мы ня проста пераадолелі цяжкасьці, якія зваліліся на нашы плечы. Мы зрабілі гэта хутка і якасна».
  • «Паводле майго найглыбейшага перакананьня, менавіта так і павінна выглядаць цывілізаваная высокаразьвітая краіна. Краіна роўных магчымасьцяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь для Крамля як варыянт „добрай Украіны“», — Класкоўскі пра «заклятых хаўрусьнікаў»

Два юбілеі

Ці сапраўды мы ўбачым іншага Лукашэнку — самазаспакоенага, апанаванага гонарам за зробленае, гатовага да ўсхваленьняў з боку ўдзячнага народу? Наколькі гэты трэнд устойлівы і стабільны, стане зразумела, хутчэй за ўсё, ужо ў блізкай будучыні, гэтым летам. Наперадзе дзьве значныя ў біяграфіі Лукашэнкі даты: у ліпені — 30-годзьдзе ягонага прыходу да ўлады, у жніўні — асабісты юбілей, 70-годзьдзе. Усе ранейшыя падобныя юбілейныя даты ў Беларусі праходзілі надзіва непрыкметна. І не таму, што пра іх не памяталі. Спробаў уганараваць, ушанаваць і ўвекавечыць з боку падначаленых рабілася мноства. Але ўсе іх сваёй цьвёрдай рукой спыняў Лукашэнка.

Напрыклад, многім памятная публічная прапанова прысвоіць першаму прэзыдэнту званьне Героя Беларусі, агучаная на папярэднім УНС, 12 лютага 2021 года. Ініцыятыва зыходзіла нібыта ад мала каму вядомага начальніка ДТСААФ Мачанскага, але ў рэальнасьці за ёй стаялі куды больш значныя фігуры. «Вы другі раз не дапусьцілі, каб краіна пераступіла небясьпечную рысу. Дзякуй за тое, што выратавалі Беларусь«,— на гэтыя словы Мачанскага заля выбухнула бурнымі воплескамі. Аднак тым разам Лукашэнка ўстаяў: да ўручэньня залатой зоркі, нягледзячы на аднадушную падтрымку такой ідэі з боку дэлегатаў, справа не дайшла.

Аднак зьвярну ўвагу на адну красамоўную дэталь: у новым законе «Аб Усебеларускім народным сходзе», прынятым 7 лютага 2023 года, адной з кампэтэнцый УНС названа наступная:

«Усебеларускі народны сход узнагароджвае прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі ўзнагародамі...»

Тут варта зазначыць што ўвогуле ўзнагароджаньне дзяржаўнымі ордэнамі і мэдалямі адбываецца ў Беларусі ад імя прэзыдэнта. І самому сабе прысуджаць узнагароды першай асобе як бы няёмка: ня надта сьціпла. Іншая справа, што дагэтуль пра існаваньне такой надзённай патрэбы Лукашэнка ніколі нават не намякаў. Але цяпер, выглядае, прынцыпы мяняюцца. Ці выпадковым было зьяўленьне гэтага пункту ў новым законе, неўзабаве пераканаемся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі не да Ля-Манша, дык хаця б да Вільні. Чаму агрэсія Пуціна і Лукашэнкі супраць краін Балтыі не выглядае чымсьці неверагодным

Кіцель Брэжнева

І Лукашэнка, і Пуцін, даючы (ці не даючы) згоду на ўшанаваньне ўласных заслуг, у той ці іншай ступені арыентуюцца ў гэтым на эпоху Брэжнева, на якую прыпала пара іхнага сталеньня, маладосьці, першага працоўнага досьведу. Брэжнеў у першыя гады свайго кіраваньня — палітык досыць памяркоўны, прагматычны і сьціплы, у асаблівых схільнасьцях да празьмерных ушанаваньняў заўважаны ня быў. Дзіўныя мэтамарфозы пачалі адбывацца зь ім прыблізна з 1976 года, зь ягонага 70-гадовага юбілею.

Леанід Брэжнеў, 1971

Раптам выявілася, што з узростам у пастарэлага Леаніда Ільліча прачнулася вялікая схільнасьць да ўганараваньня ўласнай пэрсоны, да рознага кшталту мэдалёў, ордэнаў і званьняў. Зразумела, як толькі гэта стала відавочна для падначаленых, усе таемныя жаданьні генсека тут жа пачалі ажыцьцяўляцца зь вялікім запасам і апярэджаньнем. За апошнія шэсьць гадоў жыцьця таварыш Брэжнеў атрымаў тры зь пяці залатых зорак Героя Савецкага Саюза, залатую шаблю, тры залатыя зоркі Героя ГДР, па дзьве залатыя зоркі Героя Баўгарыі і Чэхаславаччыны. Ня кажучы пра сотні іншых узнагарод, у тым ліку пагоны маршала Савецкага Саюзу і ваеначальніцкі ордэн Перамогі, якім Брэжнева нельга было ўзнагароджваць паводле статуту ордэна. І дадайце да гэтага прыжыцьцёвы бронзавы помнік на радзіме, у Днепрадзяржынску, які таксама паўстаў у 1976 годзе.

Леанід Брэжнеў (зьлева) у Менску, 1978

Лукашэнка, без сумневу, памятае той брэжнеўскі «зарапад» канца 70-х гадоў, зь якога пасьмейваліся і ў СССР, і за мяжой. Увогуле, і Лукашэнка, і Пуцін на працягу ўсіх сваіх доўгіх гадоў пры ўладзе старанна пазьбягалі брэжнеўскіх атрыбутаў застою, якія яшчэ добра памятаюць многія людзі старэйшага веку. Прынамсі, геройскіх зорак і званьняў сабе не прысвойвалі, гераічных мэмуараў пра сваё мінулае не публікавалі, прыжыцьцёвых помнікаў ня ставілі.

І вось раптам — такая непрыкрыта брэжнеўская стылістыка лукашэнкавага выступу, якую яшчэ некалькі гадоў таму ад яго цяжка было чакаць. Лукашэнка як бы скасоўвае колішнюю эпітым’ю, адкрывае шлюзы: цяпер ганарыцца і хваліцца дасягненьнямі 30-годзьдзя нібыта ня толькі не забаронена, гэта як бы і прадпісваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто за? Аднагалосна!». Навошта Лукашэнка дагэтуль імкнецца імітаваць «усенародную падтрымку»

Песьні пра галоўнага

Было б яўным перабольшаньнем сьцьвярджаць, што Лукашэнка канчаткова пераступі рысу, за якой пачынаецца культ асобы. Усё ж на працягу амаль трыццаці гадоў ён з большым ці меншым посьпехам супрацьстаяў гэтай зьяве, да якой схільны любы аўтарытарны (а тым больш дыктатарскі) лад. Зрэшты, супрацьстаяў выбарачна, фрагмэнтарна — галоўным чынам тым праявам, якія канчаткова дыскрэдытавалі сябе ў часы Сталіна і Брэжнева. Напрыклад, залатых зорак ён сабе не навешаў, а вось ад генэральскага мундзіра і маршальскіх пагонаў адмовіцца ня здолеў. Як і ад абавязковых уласных партрэтаў ва ўсіх дзяржаўных установах. Ці ад палаца ў стылі ўсходняга султана. І ад шматлікіх рэзыдэнцый для адпачынку ў розных канцах Беларусі і Расеі. І шмат чаго іншага, што мае мала агульнага са стылем сучаснага эўрапейскага палітыка.

Характэрна, што і Пуцін, і ўсьлед за ім Лукашэнка дазваляюць увекавечваць сябе ў песьнях. Увогуле, пасьля Сталіна ўсхваленьне савецкіх правадыроў у вершах і песьнях не практыкавалася. Ад гэтага правіла адышлі ў самы апошні год жыцьця Брэжнева. У сьнежні 1981-га ў СССР урачыста адзначалася 75-годзьдзе «дарагога Леаніда Ільіча». Вось тады на ўрачыстым канцэрце з гэтай нагоды савецкія грамадзяне зь некаторым зьдзіўленьнем пачулі песьню «Наш Генэральны сакратар»:

Вы коммунист, глава страны народной,

Зовущий землю в солнечную даль.

Спасибо Вам за Ваш священный подвиг,

Товарищ Генеральный секретарь!

Урачыстасьць, патас і праставатая ўзьнёсласьць — усяго гэтага не было ў першай песьні, складзенай у 2002 годзе пра Пуціна. Але сэнс і мэта стваральнікаў тыя ж: узьвялічваньне, усхваленьне асобы:

Я видела его вчера в новостях,

Он говорил о том, что мир на распутье.

С таким, как он, легко и дома, и в гостях,

И я хочу теперь такого, как Путин.

Пасьля гэтага прыблізна ў такой жа стылістыцы пачалі зьяўляцца і песьні пра Лукашэнку — «Слухай Бацьку», «Любімую не отдают», «Саня останется с нами», «Ах, Александр». Адна з апошніх «Батька у нас крутой» была напісана сямейным дуэтам Быкавай і Алейніка адмыслова да 30-годзьдзя прыходу да ўлады Лукашэнкі. Сёньня яе можна пачуць на многіх канцэртных пляцоўках Беларусі, у тым ліку ў выкананьні вайсковых аркестраў. Пры выкананьні публіцы належыць дружна паднімацца са сваіх месцаў. У тэксьце, у прыватнасьці, ёсьць такія словы :

Он не наклонился и не сдал народ

западным «партнёрам» за гроши.

За него с запасом в 30 лет вперёд

Проголосовали бульбаши.

Батька у нас крутой.

В мире один он такой.

С Батькой спокойна страна,

Только ему не до сна.

Аляксандар Лукашэнка на вайсковым палігоне, 2024

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другая карона для Лукашэнкі. Вынікі пасяджэньня УНС ад Вадзіма Мажэйкі

Нямогласьць патрыярха

Відаць, надыходзіць такі ўзрост і такі момант, калі адбываюцца незваротныя зьмены і чалавек, нават усьведамляючы згубнасьць таго, што робіць, ужо зь цяжкасьцю супраціўляецца спакусам ды ілюзіям... І справа нават ня ў тым, што «яму няма каму пра гэта сказаць». Леаніду Ільлічу, як сьведчаць шматлікія мэмуары, і ягоныя сямейнікі (найперш жонка), і некаторыя асабліва блізкія старыя сябры спрабавалі і намякаць, і раіць, і мякка рэкамэндаваць. Але без асаблівага плёну... Проста надышоў той час і той узрост, калі захацелася купацца ў промнях славы і ўспамінаць пра дасягненьні, калі зьнікла крытычнае стаўленьне да рэчаіснасьці і крывадушных прамоў прыдворных лісьліўцаў.

Аляксандар Лукашэнка на вайсковым палігоне, 2024

Многія добра памятаюць таго Лукашэнку, які безь перапынку па восем гадзін стаяў за трыбунай, адказваючы на безьліч пытаньняў ад усіх ахвотных. І амаль усе адзначылі, якой кароткай была ягоная праграмная прамова на апошнім УНС і якім куртатым было абмеркаваньне, як хутка згарнулі ўсе дыскусіі і адказы на пытаньні прысутных — абы толькі хутчэй скончыць паседжаньне.

Сакрэт полішынэля — тое, што відэаапэратарам і фотакарэспандэнтам, якія асьвятляюць візыты Лукашэнкі, строга забаронена здымаць і распаўсюджваць кадры таго, зь якой цяжкасьцю ён спускаецца альбо паднімаецца па прыступках трапа самалёта. Усе ведаюць, якім вялізным шрыфтам друкуюць для яго тэксты прамоў (дзеля таго, каб ён мог абыходзіцца без акуляраў, што ён сам, відавочна, лічыць прыкметай старасьці і таму ўсяляк іх пазьбягае). Усе чуюць, як усё часьцей у яго паўтараюцца праблемы з голасам... Лукашэнка становіцца іншым. Ва ўсіх сэнсах.

Апошнія пяць гадоў жыцьця Брэжнева — час ягоных старэчых дзівацтваў і слабасьцяў — наступнікі потым назавуць «пэрыядам позьняга застою». Калі-небудзь нашчадкі падбяруць назву і пэрыяду позьняга Лукашэнкі, у які сёньня, відавочна, уступіла Беларусь і ў які ўсім нам выпала жыць. Няма сумневу: самому яму хацелася б, каб ягонае імя ў будучых пакаленьняў атаясамлівалася з чым-небудзь патасна-гераічным, кшталту «прарыву ў космас», «здабыцьця ядзернага патэнцыялу» ці вялікіх спартовых дасягненьняў. Пра гэта ён апошнім часам гаворыць усё часьцей.

Партрэты Дзяніса Пушыліна Ўладзіміра Пуціна ў акупаваным Данецку, 12 сьнежня 2022

Такія ж памкненьні — і ў 72-гадовага Пуціна (толькі ў іншых маштабах — у адпаведнасьці з маштабам падначаленай краіны). Калі б ня гэтая заклапочанасьць, не імкненьне трапіць у падручнікі гісторыі, паўтарыць імпэрскія заваёвы вялікіх папярэднікаў, хто ведае, можа, і не было б ніякага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 года.

Пакуль што найбольш значны сьлед, які Лукашэнка пакінуў у гісторыі Беларусі апошніх дзесяцігодзьдзяў — тое, што адабраў у беларусаў свабоду, якая ў іх трыццаць гадоў таму, да ягонага прыходу, была — свабоду выбіраць, адкрыта выказваць уласныя думкі, крытыкаваць уладу, чытаць і глядзець тое, што падабаецца. Найбольш значным ягоным дасягненьнем магло б стаць захаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту краіны ў неспрыяльных для гэтага ўмовах. Але ці захавае пры ім дзяржава хоць бы рэшткі сваёй незалежнасьці — вялікае пытаньне.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканамічны тупік. Ці ёсьць падставы хваліцца вынікамі 30-гадовага кіраваньня?