Саюз рэжымаў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна стаў настолькі цесны, што разглядаецца ў Менску і Маскве як адзінае цэлае. І любая крытыка аднаго расцэньваецца як замах на хаўрус і адзінства, на «саюзную дзяржаву».
Сьцісла:
- Палітычны перасьлед расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава робіцца з падачы беларускіх уладаў.
- Шмат гадоў Суздальцаў быў адным з самых пасьлядоўных ворагаў Лукашэнкі з пазыцыі расейскага шавініста.
- Перасьлед Суздальцава азначае, што цяпер крытыка Лукашэнкі ў Расеі забароненая.
- Ва ўмовах хуткага фармаваньня таталітарнай сыстэмы ступень самастойнасьці нават прыхільнікаў і заўзятараў дыктатараў рэзка абмяжоўваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суздальцаў пра «пляны КДБ Беларусі» яго забіць: Сыгналы пра небясьпеку паступаюць і цяпер
Паводле інфармацыі некаторых тэлеграм-каналаў, расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў, які жыве і працуе ў Маскве, на працягу пэўнага часу быў затрыманы. Потым пра гэтую навіну паведамілі вядучыя інфармацыйныя рэсурсы Расеі. Цяпер Суздальцаў на свабодзе. Але, мяркуючы па ўсім, нейкія рэпрэсіўныя дзеяньні адносна яго з боку сілавікоў РФ былі зробленыя. У канцы сакавіка ягоная старонка зьнікла з сайту Вышэйшай школы эканомікі. Крытыку Лукашэнкі апошнім часам палітоляг спыніў.
Сам Суздальцаў камэнтуе сваё цяперашняе становішча вельмі няпэўна:
«Я не затрыманы, я дома» (РБК); «У мяне насычанае жыцьцё! Што было ўчора, пазаўчора — няважна. Цяпер я дома» (тэлеграм-канал «База»).
Гэтым ён ускосна пацьвярджае, што «ўчора, пазаўчора» нешта адбылося. Паводле інфармацыі таго ж тэлеграм-канала «База», верагодна, гаворка ідзе альбо пра хатні арышт, альбо пра забарону пэўных дзеяньняў, альбо ж пра падпіску аб нявыезьдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін у Лукашэнкі заўсёды вучыўся і вучыцца» — паплечнік Навальнага Леанід ВолкаўГэты перасьлед расейскага палітоляга чыніцца яўна з падачы беларускіх уладаў. 11 студзеня 2024 году МУС Беларусі прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» тэлеграм-канал «Андрей Суздальцаў», сам палітоляг быў абвешчаны ў вышук. У сакавіку яго аб’явілі ў фэдэральны вышук ужо ў Расеі.
Нагадаю, што ў 2006 годзе Суздальцаў быў пазбаўлены дазволу на жыхарства ў Беларусі і высланы з краіны, бо, паводле афіцыйнай фармулёўкі, ставіў «пад пагрозу нацыянальную бясьпеку». Пасьля таго, як ён атабарыўся ў Маскве, то стаў самым пасьлядоўным ворагам Аляксандра Лукашэнкі. Ягоная пазыцыя заключалася ў тым, што кіраўнік Беларусі, хоць шмат гаворыць пра інтэграцыю, але насамрэч падманвае Расею, ня хоча інтэгравацца, а толькі «разводзіць на бабкі» Маскву. Суздальцаў неаднаразова заклікаў Крэмль не цырымоніцца, праводзіць больш жорсткую палітыку адносна афіцыйнага Менску, бо малодшы саюзьнік павінен ведаць сваё месца.
На працягу прынамсі 20 гадоў Суздальцаў вёў такую лінію ў сваіх публічных выступах, і гэта задавальняла расейскую кіроўную эліту. Часта ён гаварыў тое, што хацелі б сказаць у Крамлі, але зь нейкіх прычынаў лічылі немэтазгодным.
Дарэчы, крытыкаў Лукашэнкі ў Расеі заўсёды хапала. Яго ня раз бэсьцілі з розных пазыцый і палітыкі, і мэдыя. Сам Лукашэнка ўсе 30 гадоў свайго кіраваньня вёў бясконцыя вайны з «ворагамі беларуска-расейскай інтэграцыі» ў Расеі. Ён пэрыядычна высылаў зь Беларусі журналістаў расейскіх СМІ, некаторых садзіў за краты (самая скандальная гісторыя — арышт Паўла Шарамета ў 1997 годзе). У 2002 годзе зь Беларусі быў дэпартаваны лідэр Саюзу правых сіл РФ Барыс Нямцоў.
Аднак кейс зь перасьледам Андрэя Суздальцава сьведчыць пра тое, што цяпер сытуацыя радыкальна зьмянілася. Саюз рэжымаў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна стаў настолькі цесны, што разглядаецца ў Менску і Маскве як адзінае цэлае. І любая крытыка аднаго расцэньваецца як замах на хаўрус і адзінства, на «саюзную дзяржаву». Беларускія прадзяржаўныя мэдыя з гэтай нагоды сьвяткуюць.
Тут дарэчы прыгадаць нядаўні прыклад перасьледу з боку беларускіх уладаў прарасейскай актывісткі Эльвіры Мірсалімавай. Яна таксама, як і Суздальцаў, любіць Пуціна, але ня вельмі любіць Лукашэнку. Дык вось, цяпер гэта забаронена. Кейсы Мірсалімавай і Суздальцава азначаюць, што на прасторах Беларусі і Расеі любіць абодвух правадыроў трэба аднолькава. Яны цяпер у палітычным і ідэалягічным сэнсе сіямскія блізьняты. Як у савецкія часы партрэты Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса ці Ўладзімера Леніна і Ёсіфа Сталіна выстаўляліся побач, так і цяпер павінна быць з ушанаваньнем Пуціна і Лукашэнкі.
Да таго ж ва ўмовах хуткага фармаваньня таталітарнай сыстэмы ступень самастойнасьці нават прыхільнікаў і заўзятараў дыктатараў рэзка абмяжоўваецца. У выніку чаго тыя фанаты, якія дрэнна кантралююцца альбо праяўляюць самастойнасьць, моцна рызыкуюць.
Пакуль рэпрэсіі супраць «адналюбаў» мяккія. Мірсалімаву пасадзілі на двое сутак; з Суздальцавым, мяркуючы па ўсім, абмежаваліся жорсткімі размовамі і папярэджаньнямі. Абое адразу зразумелі, дзе цяпер праходзяць новыя «чырвоныя лініі». Можна меркаваць, што цяпер Андрэй Іванавіч надоўга замоўкне.
А Лукашэнка можа сьвяткаваць чарговую перамогу. У сваёй палітыцы перасьледу праціўнікаў ён дацягваецца ня толькі да тых, хто застаецца ўнутры Беларусі, але і тых, хто спрабуе хавацца ў Расеі.
Аднак згаданая тэндэнцыя мае і адваротны бок. Такая моцная прывязка да Пуціна пазбаўляе Лукашэнку свабоды манэўру. Якая можа раптам спатрэбіцца, калі Расея пачне рухацца па непрадказальнай траекторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ўрад правільна разьлічвае на горшы варыянт, — расейскі палітоляг пра інтэграцыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суздальцаў: Масква на заявы Лукашэнкі адрэагуе спакойна, але не даруе