Лукашэнка, пачынаючы зь сярэдзіны 90-х, выкарыстоўвае так званыя «ўсебеларускія народныя сходы» як імітацыю адзінства свайго рэжыму і грамадзтва, як ілюзію ўсенароднай падтрымкі.
Сьцісла:
- Бяспройгрышны прапагандысцкі прыём так шмат разоў выручаў Лукашэнку падчас вострых палітычных крызісаў і нагэтулькі замацаваўся ў ягонай сьвядомасьці са станоўчым знакам, што ўрэшце трапіў у Канстытуцыю ў выглядзе новай уладнай інстытуцыі — УНС.
- На задуму арганізатараў, апанэнты рэжыму на тле пампэзнага шматтысячнага форуму прыхільнікаў улады павінны адчуць сябе ізгоямі, вартымі жалю адзінкамі, «адшчапенцамі», абсалютнай меншасьцю.
- У пасьляваенныя гады камуністычныя ідэолягі рэзка асуджалі гітлераўскі фашызм, хоць у рэальнасьці нярэдка выкарыстоўвалі ягоныя прапагандысцкія практыкі. Так сталася і з партыйнымі зьездамі, і з лёзунгам «Народ і партыя адзіныя».
- Адна з мэтаў таталітарнага ўладара — замацаваць у грамадзкай сьвядомасьці пастуляты дыктатуры: маўляў, іншага рэжыму няма і быць ня можа, ён непазьбежны і карыстаецца татальнай падтрымкай; усе, хто супраць яго — ізгоі.
- Перад важнымі для рэжыму палітычнымі кампаніямі для яго асабліва каштоўна зганьбіць, прынізіць, псыхалягічна расьціснуць палітычных апанэнтаў, прадэманстраваць уласную абсалютную перавагу над імі.
Тое, што празь некалькі дзён адбудзецца падчас «Усебеларускага народнага сходу» і чым гэты сход скончыцца, ні для кога ня мае ніякай інтрыгі — ні ў кабінэтах улады, ні ў асяродзьдзі апазыцыі. Усе прамовы, якія прагучаць на чарговым УНС, даўно напісаныя, тэксты выступаў у «спрэчках» зацьверджаныя, рэзалюцыі ўзгодненыя. Складзены пахвілінны сцэнар, у якім рэжысэры падрабязна расьпісалі, дзе старанна падабраная і правераная публіка павінна заўзята пляскаць у ладкі, дзе — рагатаць зь нібыта зымправізаванага жарту, а дзе — адклікацца абуральным гулам на паведамленьні пра падкопы ворагаў. Больш за тое, і ўсе пасады ў новым кіраўніцтве (прэзыдыюме УНС) таксама даўно разьмеркаваныя, падзеленыя, узгодненыя. І нават вынікі галасаваньня ні для кога не зьяўляюцца вялікім сакрэтам. Дзеля чаго ж уся гэта грувасткая і зусім ня танная імітацыя патрэбна Лукашэнку?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК Беларусі абвясьціла дату правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу з «новымі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі»«Каб было, як выбары ў Расеі, — камар носа не падточыць»
Месяц таму, 18 сакавіка, Лукашэнка інструктаваў падначаленых наконт таго, як трэба рыхтаваць Усебеларускі народны сход. Акцэнтаваў увагу на некалькіх момантах:
«...Вельмі важна і вонкава, і па зьмесьце правесьці яго на самым высокім узроўні».
«Яшчэ раз паўтару, што гэта і ўрачыста павінна быць, і, самае галоўнае, зьмястоўна. Каб было, як выбары ў Расеі, — камар носа не падточыць. Каб нас потым не папракалі. Усё зараз сканцэнтравана палітычна на нас. У Расеі бурных падзеяў не мяркуецца, наўкол таксама. Засталося ў нас правядзеньне Ўсебеларускага народнага сходу. Стаўкі асобных нашых беглых і Захаду на тое, каб пастарацца як мага больш прыўнесьці дэзарганізацыю і развал падчас паседжаньня і прыняцьця рашэньня. Мы такога падарунка ім паднесьці не павінны».
Тут адметна тое, што «вонкавы бок», «урачыстасьць» сходу Лукашэнка ставіць на першае месца, а ўжо пра зьмест і ўсё астатняе згадвае потым. Зьвяртае на сябе ўвагу і тое, як старанна падбіралі дату правядзеньня: каб не супадала са значнымі палітычнымі падзеямі ў іншых краінах (найперш у Расеі), каб дасягнуць найлепшага прапагандысцкага эфэкту, каб на інфармацыйным «бязрыб’і» нават бляклы УНС выглядаў як значная палітычная падзея. А вось што меў на ўвазе Лукашэнка, гаворачы пра пляны «беглых і Захаду прыўнесьці дэзарганізацыю і развал» у працу УНС, засталося загадкай. Хіба што паспрабаваў такім чынам прыцягнуць увагу, намякнуць на нейкую інтрыгу там, дзе яе ніколі не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імітацыя, даведзеная да лягічнага канца. Яшчэ раз пра сутнасьць Усебеларускага народнага сходуЧас, калі УНС быў ня толькі масоўкай
Маштабныя і шматлюдныя форумы сваіх аднадумцаў Лукашэнка пачаў склікаць акурат тады, калі задумаў цалкам перафарматаваць пад сябе сыстэму ўлады ў Беларусі. У 1996 годзе, перад рэфэрэндумам.
Захавалася архіўнае фота, на якім адлюстраваны момант, калі 19 кастрычніка 1996 года Лукашэнка ўваходзіць у вялікую залю Палаца спорту, дзе праходзіў першы УНС.
На ім выразна відаць, як на гэта зьяўленьне рэагуе аўдыторыя: усталі са сваіх месцаў і пачалі пляскаць з узьнёслымі выразамі твару толькі лічаныя асобы. Астатнія (абсалютная большасьць) засталіся сядзець, праводзячы самотную фігуру прэзыдэнта позіркамі (хто цікаўным, хто абыякавым).
Сёньня такую карціну немагчыма сабе ўявіць. За доўгія гады выпрацавалі цэлы пампэзны рытуал. Адразу пасьля таго, як урачыстым дыктарскім голасам абвяшчаецца пра зьяўленьне першай асобы, гучаць фанфары, а заля ў «адзіным парыве» зрываецца зь месцаў і выбухае доўгімі працяглымі воплескамі...
Тады, у 1996-м, яшчэ існавала інэрцыя нядаўніх перабудовы, галоснасьці, дэмакратызацыі. За мінулыя восем гадоў людзі адвыклі выдыгаць перад начальствам, прывыклі адкрыта выказваць уласную думку. Многія з тых 4740 дэлегатаў, якіх зьвезьлі з усіх рэгіёнаў у менскі Палац спорту, нават зьяўляючыся прыхільнікамі палітыкі Лукашэнкі, лічылі тады натуральным і неабходным з чымсьці не пагаджацца зь ім, дыскутаваць, спрачацца. І, дарэчы, асобныя зь іх спрабавалі гэта рабіць з трыбуны. Але ўжо тады адчувалася: зусім не дзеля гэтага іх зьвезьлі напярэдадні лёсавызначальнай для Лукашэнкі падзеі — рэфэрэндуму, які фактычна ставіў крыж на беларускай дэмакратыі і адчыняў перад ім браму пажыцьцёвай аднаасобнай улады.
Міне яшчэ некалькі гадоў — і гэтыя ілюзіі цалкам разьвеюцца. Новыя правілы гульні дойдуць да ўсіх (да каго ня дойдуць, тыя ў дэлегаты УНС больш ніколі ня трапяць). І нікому з масоўкі нават у галаву ня прыйдзе пры зьяўленьні ў зале постаці «самога» застацца сядзець у крэсьле, замест таго каб з узьнёслым выразам твару і шчасьлівай усьмешкай падхапіцца зь месца і апантана пляскаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Лукашэнка аддасьць пасаду старшыні УНС камусьці іншаму — то палітычны крызіс у будучыні непазьбежны», — Вадзім Мажэйка«Народ і партыя адзіныя!»
Навошта чалавеку, які ўжо не адно дзесяцігодзьдзе трымае грамадзтва ў страху і паслушэнстве і ўладзе якога нібыта нішто не пагражае, гэтая тэатралізаваная пастаноўка, ілюзія народнай любові, сурагат адзінства дыктатуры і грамадзтва? Як ні дзіўна, для многіх таталітарных рэжымаў гэтая сымуляцыя мае важнае значэньне. Ім здаецца, што такім чынам можна прад’явіць грамадзтву важкі аргумэнт — апраўданьне іхнай манаполіі на ўладу. З другога боку, гэта, відаць, і самаўнушэньне, і дэманстрацыя для вонкавага сьвету. Маўляў, так, мы захапілі ўладу і не зьбіраемся нікому яе аддаваць, але гэта воля ўсяго народу. Паглядзіце, які маналіт мы стварылі. За нас усё грамадзтва. У вас свая дэмакратыя, а ў нас вось такая, свая, сувэрэнная, дзе правадыр і народ — адно цэлае.
Такія маштабныя сходы маюць і псыхалягічны эфэкт. Апанэнты на тле пампэзнага форуму павінны адчуць сябе ізгоямі, вартымі жалю адзінкамі, «адшчапенцамі», абсалютнай меншасьцю. Адна з мэтаў — замацаваць у грамадзкай сьвядомасьці пастуляты дыктатуры: маўляў, іншага рэжыму няма і быць ня можа, ён непазьбежны і карыстаецца татальнай падтрымкай; усе, хто супраць яго, — ізгоі. Перад важнымі для рэжыму палітычнымі кампаніямі для яго асабліва каштоўна зганьбіць, прынізіць, псыхалягічна расьціснуць палітычных апанэнтаў, прадэманстраваць уласную абсалютную перавагу.
У позьнім СССР гэта знайшло адлюстраваньне ў адным з галоўных ідэалягічных пастулятаў і лёзунгаў : «Народ і партыя адзіныя». У 60-80-я гады гэтыя словы мэтровымі літарамі можна было ўбачыць на цэнтральных вуліцах і плошчах амаль усіх савецкіх гарадоў. Яны ж былі галоўным лёзунгам зьездаў КПСС, якія Лукашэнка добра памятае па гадах маладосьці і на ўзор якіх, уласна, і стварыў свой УНС. Прынцыпы арганізацыі, стылістыка, атмасфэра, атрыбутыка — усё адтуль, з часоў брэжнеўскага «застою». Тэзіс пра адзінства народу і партыі быў адным з ключавых у савецкай прапагандзе. Ідэолягі тлумачылі савецкаму чалавеку: паколькі партыя складаецца з найлепшых прадстаўнікоў народу, значыць, яна і народ — адзіныя.
Праўда, вострыя на язык нядобразычліўцы папулярны партыйны лёзунг падправілі і падоўжылі: «Народ и партия едины, различны только магазины».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: УНС патрэбен Лукашэнку, каб прадухіліць прыход пасьля сябе новага Гарбачова«Няма Пуціна — няма Расеі»
У пасьляваенныя гады камуністычныя ідэолягі рэзка асуджалі гітлераўскі фашызм, хоць у рэальнасьці нярэдка выкарыстоўвалі ягоныя прапагандысцкія практыкі. Так сталася і з партыйнымі зьездамі, і з лёзунгам «Народ і партыя адзіныя». У ім цяжка было не пачуць адгалоскі аднаго з галоўных дэвізаў нацысцкай Нямеччыны «Ein Volk, ein Reich, ein Führer» («Адзін народ, адна дзяржава, адзін правадыр»), які адлюстроўваў імкненьне стварыць маналітную дзяржаву, сцэмэнтаваную адзінай ідэалёгіяй і асобай фюрэра. Менавіта пад гэтым лёзунгам 10 красавіка 1938 году праводзіўся рэфэрэндум у Аўстрыі, якім быў ухвалены аншлюс краіны гітлераўскай Нямеччынай. Гэты ж дэвіз часта зьмяшчалі пад шматлікімі прапагандысцкімі плякатамі з партрэтамі Гітлера.
Гітлер — першы з дыктатараў ХХ стагодзьдзя, хто зразумеў і цалкам выкарыстаў вялізны прапагандысцкі і мабілізацыйны патэнцыял належным чынам арганізаваных вялікіх сходаў сваіх адданых прыхільнікаў. Зьезды нацысцкай партыі (афіцыйная назва — «Імпэрскія партыйныя зьезды») праводзіліся ў Нямеччыне з 1923-га па 1938 год. У 30-ыя гады — штогод, і з кожным разам усё больш пампэзна, з удзелам дзясяткаў тысяч людзей, з парадамі і сьветлавымі шоў. У Нюрнбэргу паводле праекту ўлюбёнага гітлераўскага архітэктара Альбэрта Шпэера пачалі нават узводзіць велічны комплекс, прызначаны для партыйных зьездаў. Які, зрэшты, з прычыны вайны так і ня быў дабудаваны: незавершаны нацысцкі «калізэй» можна пабачыць у Нюрнбэргу і цяпер.
Пачынаючы з 1933 году, кожнаму зьезду прысвойвалася адмысловая назва, якая акрэсьлівала ягоную галоўную тэму: «Зьезд перамогі», «Зьезд свабоды», «Зьезд вялікай Нямеччыны». Апошні зьезд — «Зьезд міру» — павінен быў пачацца 2 верасьня 1939 году, але быў адменены ў сувязі з пачаткам агрэсіі Гітлера супраць Польшчы.
А самую вялікую вядомасьць набыў «Зьезд адзінства і сілы» 1934 году. Адбылося гэта дзякуючы таленавітаму прапагандысцкаму фільму «Трыюмф волі», зьнятаму Лені Рыфэншталь. Скразная ідэя фільма — усёпераможнае адзінства народу са сваім правадыром, які мае непарушную волю і магутнасьць. У кадры адзін за другім выступаюць партыйныя бонзы НСДАП, якія славяць веліч фюрэра і створанага ім рэжыму. Напрыклад, Ёзэф Гёбэльс кажа: «Можа, і добра мець уладу, якая грунтуецца на дыктатуры, але намнога лепш заваёўваць і ня страчваць сэрцы людзей». А завяршаецца фільм прамовай Рудольфа Геса, намесьніка фюрэра па партыі: «Партыя — гэта Гітлер! Гітлер жа — гэта Нямеччына, гэтак жа, як і Нямеччына — гэта Гітлер!».
Менавіта гэтае выказваньне Геса многія прыгадалі ў кастрычніку 2014 году, калі адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Пуціна Вячаслаў Валодзін (сёньня ён старшыня Дзярждумы) на паседжаньні «Валдайскага клюбу» прамовіў словы, у якіх прагучаў такі знаёмы нацысцкі матыў: «Ёсьць Пуцін — ёсьць Расея, няма Пуціна — няма Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка настальгуе па зьездах КПСС». Палітоляг тлумачыць, навошта Лукашэнку Ўсебеларускі народны сходФорум згодных і бязмоўных
Свае «народныя сходы» Лукашэнка на працягу мінулай чвэрці стагодзьдзя праводзіў, як правіла, перад знакавымі для сябе падзеямі — рэфэрэндумамі і чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі. І для яго яны заўсёды атаясамліваліся з наступнымі палітычнымі перамогамі. Бяспройгрышны прыём так шмат разоў выручаў і нагэтулькі замацаваўся ў ягонай сьвядомасьці са станоўчым знакам, што ўрэшце трапіў у Канстытуцыю ў выглядзе новай уладнай інстытуцыі. Ці апраўдана было ўмантоўваць у чыста прапагандысцкую канструкцыю, у гэты сход пераможцаў-аднадумцаў, якія клянуцца ў адданасьці свайму правадыру, нейкія практычныя палітычныя і гаспадарчыя функцыі і задачы — у гэтым, напэўна, і сам Лукашэнка сёньня не перакананы. Пра тое, што «вельмі перажывае» з гэтай нагоды, сам прызнаваўся сёлета ў канцы студзеня, уручаючы дыплёмы навукоўцам. Тым больш што сцэнары транзыту ўлады, пад якія два з паловай гады таму мянялі Канстытуцыю і ўпісвалі ў яе гэты сход, даўно засунуты ў далёкую шуфляду і ўжо не выглядаюць чымсьці блізкім і непазьбежным. Але Канстытуцыя зьмененая і задні ход даваць не выпадае. 1200 старанна адабраных дэлегатаў — чыноўнікі, дэпутаты, шматкроць правераныя актывісты прыўладных арганізацый — пакуюць чамаданы і выбіраюцца ў Менск, гатовыя падтрымаць, ухваліць і дружна падняць рукі «за», якую б ідэю ні прапанаваў Лукашэнка.. Як заўсёды — аднагалосна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асаблівасьці візыту Лукашэнкі, «космас наш». Вынікі тыдня ад Карблевіча