Футбольную аматарскую каманду «Белыя зубры» (Białe Żubry) беларусы польскага Труймяста (Гданьск — Сопат — Гдыня) стварылі ўвосень 2021 году.
«Хлопцы зьбіраліся ў нядзелю, каб пагуляць паміж сабой. Тады не было ніякіх мэтаў. Толькі знайсьці паплечнікаў, сяброў, бо пасьля 2020 году беларусы, якія прыехалі ў Труймяста, ня мелі знаёмых», — расказвае Свабодзе адзін з удзельнікаў каманды Яўген.
Яўген — «голас» каманды, як ён сам сябе называе. Ён вядзе сацыяльныя сеткі «Зуброў», а таксама камэнтуе онлайн-трансьляцыі іхных матчаў. Яўген прыйшоў у каманду прыкладна празь месяц пасьля яе стварэньня. Рухавіком і генэратарам «Белых зуброў» называе іншага беларуса, Дзьмітрыя. Той празь нейкі час пераехаў у Кракаў і стварыў там ужо новую каманду, пад назвай Polesie united.
У першым сэзоне занялі перадапошні радок
Празь некалькі тыдняў ад стварэньня каманды колішні капітан Дзьмітры прапанаваў згуляць у польскай лізе 6:6 — там выступаюць каманды па шэсьць чалавек, а не па 11, як звычайна. Большасьцю галасоў вырашылі далучыцца.
«Першы сэзон быў вельмі складаны, эмацыйны. Бо заўжды хочацца выйграваць, а там людзі гулялі ўжо па 5–6 гадоў. Нам, якія бачылі адзін аднаго трэці-пяты раз, было складана», — успамінае Яўген.
«Белыя зубры» ў выніку занялі ў першым сэзоне перадапошні радок, набралі толькі тры пункты.
«Была вялікая сварка, калі хтосьці кімсьці не задаволены. Высьвятлялі, хто вінаваты», — дзеліцца гулец.
Пасьля першага сэзону частка гульцоў сышла. Новых шукалі праз сацыяльныя сеткі, знаёмых. Так знайшлі аднаго з найлепшых сваіх футбалістаў — нападніка Ільлю. Перад гэтым ён некалькі сэзонаў гуляў у польскай камандзе. У тым ліку дзякуючы Ільлю ў другім сэзоне «Белыя зубры» занялі першы радок чацьвёртай аматарскай лігі (найніжэйшай з чатырох) і перайшлі ў трэцюю.
У трэцім сэзоне каманда заняла трэцяе месца ў трэцяй лізе. «Зубры» меліся там і застацца, але хтосьці з другой лігі адмовіўся ад далейшага ўдзелу, і беларусаў запрасілі гуляць там. У чацьвёртым сэзоне яны занялі ў ёй трэцяе месца. Цяпер ідзе пяты сэзон каманды і другі — у другой лізе.
Палова гульцоў маюць досьвед
Склад каманды ўвесь час зьмяняўся. Асноўны зьявіўся з трэцяга сэзону. Цяпер у камандзе каля 13 чалавек. Узрост ад 22 да 39 гадоў. Капітан — з малодшых. Летась разам з мужчынамі гуляў 15-гадовы хлопец, але яму было складана граць зь «дзядзькамі», ён перайшоў у іншую каманду. У складзе «Зуброў» была раней адна дзяўчына, Ілона, але пасьля траўмы яна перастала гуляць. Нядаўна да беларусаў далучыўся паляк Блажэй.
Па-за футболам гульцы працуюць у таксі, у IT, ёсьць піцаёля, электрык, графічны дызайнэр. Сам Яўген таксуе і вядзе невялікі Youtube-канал. Раней у іншых футбольных камандах гуляла прыкладна палова «зуброў». Цяпер вядуць перамовы з былым капітанам беларускай каманды пляжнага футболу. Зьявіўся адбор пры прыёме. Рашэньне, каго бяруць, а каго не, прымае ўся каманда — галасаваньнем.
«Мы сталі шукаць тых, хто гуляе лепш за цяперашніх гульцоў. Мы хочам рухацца ў лігу экстра-клясы (прафэсійны польскі футбольны турнір. — РС)», — тлумачыць Яўген.
Удзел у сэзоне каштуе 800 даляраў
Удзел у лізе платны — 3200 злотых (800 даляраў) за сэзон. Арандаваць футбольнае поле на паўтары гадзіны трэніроўкі — каля 250 злотых. Выходзіць, кожны скідваецца па 15 злотых за адну трэніроўку.
«Былі спрэчкі, хто колькі гуляе, бо ўдзел каманды ў лізе платны. Хтосьці можа ўвогуле ня выйсьці на поле за гульню. Праз такія спрэчкі сышлі яшчэ некалькі чалавек», — кажа Яўген.
Дзякуючы спонсарам пераможцаў у канцы туру ўзнагароджвалі прызамі. На сэртыфікаты можна было купіць прафэсійныя спартовыя тавары.
«Футбольны мяч каштуе больш за 50 даляраў. На год трэба 2–3 мячы», — тлумачыць суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта каманда з бунтарскім духам». Чаму «Крумкачам» не даюць гуляць у Менску«„Белыя зубры“ ў шэрай форме»
Калі заказвалі першую форму для каманды праз інтэрнэт, выпадкова выбралі шэрую з чырвоным, а ня белую, бо падумалі, што шэрае адценьне дадае фота.
«„Белыя зубры“ ў шэрай форме. Трошку сьмешна», — кажа суразмоўца.
Два камплекты формы аплаціла супольнасьць беларусаў Памор’я. Яны каштавалі больш за 3 тысячы злотых (каля 800 даляраў).
«Адгулялі два сэзоны ў гэтай форме. Потым я сказаў: хопіць. „Белыя зубры“ зусім ня белыя. Тады мы зрабілі форму накшталт маскоўскага „Спартака“: белую з чырвонай паласой пасярэдзіне», — успамінае гулец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-капітан беларускай баскетбольнай зборнай Сныціна расказала, колькі ў спорце ЛГБТ і чаму вырашыла зрабіць камінгаўт цяперФорма мелася нагадваць колеры нацыянальнага беларускага сьцяга. Аднак такія ж колеры мае і польскі, таму многія не адразу ідэнтыфікуюць «зуброў» як беларусаў. Зрэшты, у паляка Блажэя, якія далучыўся пазьней, была свая такая самая форма, як і ў беларусаў.
«На нашую перамогу ня ставілі ў 12 з 13 гульняў»
Арганізатары лігі 6:6 вядуць старонку ў інтэрнэце, дзе апісваюць гульні. Хто гуляў, хто забіў гол.
«Можна сваёй каханай жанчыне сказаць: вось тут пра мяне можна пачытаць, вось маё прозьвішча, вось мой здымак, вось я забіў гол», — кажа Яўген пра карысьць такіх публікацый.
Таксама перад кожным турам арганізатары прагназуюць, у каго больш шанцаў на перамогу.
«У другім сэзоне было вельмі цікава чытаць гэтыя прагнозы. Перад гэтым мы занялі перадапошняе месца. На нашую перамогу ня ставілі ў 12 з 13 гульняў: «Мы лічым, што перамогуць супернікі „Белых зуброў“, а мы кожны раз выйгравалі», — успамінае ён сэнсацыю, якую каманда зрабіла ў другім туры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакаяльныя» відэа спартоўцаў: прымус ці прагматызм. Камэнтуе кіраўнік Tribuna.com у Беларусі.«Усе хацелі гуляць у камандзе Ivulin Team»
Двойчы «Белыя зубры» ўдзельнічалі ў Кубку Івуліна, гэта было ў 2022 і 2023 гадах. Першы раз — калі Аляксандар яшчэ быў у турме, а другі, калі ўжо выйшаў.
«У другім Кубку мы адразу гулялі з камандай, дзе гуляў сам Івулін. Лік быў па нулях, аднак па пэнальці мы прайгралі», — успамінае Яўген.
Суразмоўца кажа, што ў Польшчы толькі беларускіх камандаў, зьвязаных з Аляксандрам Івуліным, ён ведае каля пяці. У іхнай назьве звычайна ёсьць словы Ivulin Team. Пры гэтым сам Івулін гуляе толькі ў адной. Першую такую стварылі да Кубка Івуліна ў 2022 годзе. Пазьней да яе далучылася так шмат ахвотных, што давялося падзяліць на некалькі камандаў.
«Усе хацелі гуляць у камандзе Ivulin Team», — кажа Яўген.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрэбныя для дапамогі Аляксандру Івуліну грошы сабралі за 19 гадзін«Гэта была гульня ў адну браму»
Самым сур’ёзным супернікам «Зуброў» Яўген называе каманду «Адрэналін» з Украіны. Зь ёй яны дамовіліся згуляць на самым пачатку, каб ацаніць свой стан. Прайгралі 9:0.
«Ужо ніхто не лічыў. Гэта была гульня ў адну браму. Пасьля яе пайшлі размовы: на халеру нам гэта ўсё, паглядзіце на свой узровень», — успамінае пачатак Яўген.
У трэцяй лізе «Зубры» зноў згулялі з «Адрэналінам» і выйгралі 4:2. Перад гэтым украінская каманда ня мела паразаў у сэзоне.
«Мы тады паставілі сабе птушку, што мы лепшыя за „Адрэналінаў“, але яны ўсё адно былі лепшыя ў табліцы. У наступным сэзоне мы зноў трапілі на „Адрэналін“. Тады мы выйгралі ў іх зь лікам прыкладна 7:1. Напэўна, калі мы сустрэнемся зь імі яшчэ раз, то будзе барацьба», — мяркуе гулец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць гісторый пра вызваленьне ў 2023 годзе. Былыя палітвязьні ўспамінаюць, як выходзілі на волюМэта — стаць чэмпіёнамі
У «Белых зуброў» ёсьць заўзятары — гэта бацькі, жонкі і дзеці гульцоў, усьміхаецца Яўген. Да онлайн-трансьляцый далучаюцца па 10–15 чалавек. Найбольш заўзятараў, каля 20, прыйшлі на гульню, калі «Зубры» сталі чэмпіёнамі ўвесну 2022 году.
«Гэта была драма. Было 0:0. Потым мы прапусьцілі гол, потым мы забілі гол за пару хвілін да канца матчу. Гэта было прыгожа. Мы падрыхтавалі шампанскае», — кажа Яўген.
Цяпер іхная мэта — выйсьці ў экстра-лігу і стаць чэмпіёнамі, а таксама трэнавацца прынамсі раз на тыдзень. Ёсьць жаданьне зрабіць футбольны Кубак у Гданьску, бо «заўжды ў Варшаву трэба ехаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прайшоў матч беларускай «Пагоні» у Варшаве. ВІДЭА