Сёньня праўладная «Мінская праўда» апублікавала інтэрвію з паўабаронцам футбольнага клюбу «Тарпэда-БелАЗ» Анатолем Макаравым, які ў 2020 годзе выступіў супраць гвалту сілавікоў. У гутарцы з прапагандыстамі ён назваў «незваротнай памылкай» свой учынак два гады таму, а самога сябе «пешкай у інфармацыйнай вайне». Публікацыя называецца «Тры словы ледзь не зламалі жыцьцё». Маюцца на ўвазе словы «Мы супраць гвалту». Афіцыйнае выданьне абвінаваціла футбалістаў, якія выступілі супраць гвалту, што яны «могуць кепска граць, а маўчаць — не».
Некалькі тыдняў таму былы брамнік беларускай зборнай Васіль Хамутоўскі, на якога завялі крымінальную справу з палітычных матываў і затрымлівалі, абвінаваціў праваабаронцаў у «інфармацыйным шуме» і папрасіў не лічыць яго палітвязьнем.
«Я б ня ставіў знак роўнасьці паміж Хамутоўскім і Макаравым. Адна справа, калі супраць цябе ёсьць крымінальная справа, як у Хамутоўскага. У Васіля ёсьць і іншая вельмі складаная сытуацыя, але я не хацеў бы пра гэта расказваць. Мне здаецца, калі ты трапляеш у гэтую пастку, то ты можаш рабіць усё, каб зь яе вызваліцца. У мяне язык не паварочваецца сказаць нешта наконт Васіля. А што тычыцца тых, хто запісвае відэа, каб зарабіць сабе на міску поліўкі або каб цябе ня выштурхнулі з клюбу, гэта ганебная гісторыя. Асабліва ў выпадку Макарава, які сказаў усяго тры словы — „Мы супраць гвалту“», — кажа Беразінскі.
Кіраўнік праекту Tribuna. com у Беларусі нагадвае, што відэазварот футбалістаў у 2020 годзе быў вельмі ляяльны да ўлады, там асуджаўся выключна гвалт і ані слова не было супраць сыстэмы.
«Футбалістаў клююць сёньня з усіх бакоў. Чаму? Бо яны цяпер не патрэбныя ані прапагандзе, бо іх вынікі ніжэй за плінтус, яны вылятаюць зь першых раўндаў эўракубкаў. Людзі за іх не заўзеюць, бо там проста няма за каго заўзець. Не патрэбныя яны і дэмакратычным сілам, бо яны ў свой час не падтрымалі народ. У футболе давядзецца аднавіць усё: і каманды, і футбалістаў».
Паводле Беразінскага, Міністэрства спорту мае магчымасьць выкідаць з футболу гульцоў, якія не пагаджаюцца запісваць відэа з «пакаяньнем». Яны вымушаныя або зьяжджаць з краіны, або завяршаць кар’еру.
«Трыбуна» ўжо некалькі гадоў як стала вядучым спартовым СМІ Беларусі. Пасьля выбараў 2020 году некалькі журналістаў сайту зазналі перасьлед з боку ўладаў, у выніку рэдакцыя пакінула краіну. Адзін з журналістаў і блогераў — Аляксандар Івулін — адбывае турэмнае пакараньне за ўдзел у пратэставых маршах. Праваабарончая супольнасьць назвала яго палітычным вязьнем.