Міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Сяргей Барташ паабяцаў, што сёлета ў Беларусі зьбяруць 9,1 мільёна тонаў збожжавых і каля 5,2 мільёна тонаў цукровых буракоў. Гэта рэкордны плян, бо летась у Беларусі сабралі ўсяго 7,6 мільёна тонаў збожжавых і зернебабовых культур. Цукровых буракоў — 4,8 мільёна тонаў.
У 2022 годзе таксама не дацягнулі да ўраджаю ў 9 млн тонаў збожжа (хаця абяцалі 11 мільёнаў). У 2021 годзе сабралі 7,3 мільёна тонаў.
Апошні раз ураджай больш за 9 мільёнаў тонаў у Беларусі зьбіралі ў 2014-м, а да таго ў 2012 годзе. «Бітва за ўраджай» у Беларусі традыцыйна пачынаецца з пасяўной. Глядзім, як яна праходзіць сёлета.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першыя ў бульбе, апошнія ў жыце. Што зь беларускай сельскай гаспадаркай
«Адзін мэханізатар працуе ўдзень, другі, на гэтым жа трактары, у начную зьмену»
Жыхарка аднаго з раёнаў Гомельскай вобласьці Аксана (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе пра асаблівасьці сёлетняй пасяўной у адным з калгасаў (цяпер мае назву КСУП, камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства. — РС).
«На машынна-трактарным двары, у гаражы калгасу раней быў „бардак“, што выклікала нараканьні ад розных камісій і „мабільных груп“. Цяпер там чысьценька, акуратна, падмецена. Таму што тэхнікі вельмі мала. „Бардак“ той быў патрэбен нашым мэханізатарам. Бо двор быў застаўлены як цэлай, так і паламанай і разабранай тэхнікай. Мэханізатары самі рамантуюць сваю тэхніку. Раней няма дэталі — яны пайшлі, скруцілі з разабранай сеялкі, веялкі, камбайна — і ўсё працуе. Цяпер папросту запчасткі няма адкуль браць», — расказала Аксана.
Па яе словах, пасяўную ў калгасе правялі, усё пасеялі. Але асаблівасьці былі ў тым, што ня ўсім мэханізатарам хапіла трактароў. Таму давялося працаваць ня толькі ўдзень, але і ўначы.
«Адзін мэханізатар працуе ўдзень, другі, на гэтым жа трактары, у начную зьмену. Бо заробак трэба ж усім», — дадала вяскоўка.
«З пачаткам пасяўной хоць далі электрычнасьць»
Жыхар аднаго з раёнаў Гомельскай вобласьці расказаў Свабодзе, што з пачаткам пасяўной іхны калгас «трохі прыйшоў у прытомнасьць». Бо, па словах Міхаіла (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) летась у калгасе справы былі вельмі кепскія.
«Даходзіла да, я б сказаў, жабрацтва. У канторы за няплату за камунальныя паслугі адключылі электрычнасьць. Дакумэнты, тыя ж ведамасьці на заробак бухгальтары запаўняюць на кампутарах. Электрычнасьці няма, калгас увесь у пазыках „усім і ўсюды“. Паставілі генэратар на бэнзіне. Але і паліва ня так шмат. Даходзіла да таго, што прасілі ў людзей „хоць два літры паліва“, каб аформіць неабходныя дакумэнты на заробак людзям», — расказаў Міхаіл.
Па яго словах, былі адключаныя і стацыянарныя тэлефоны ў канторы. Цяпер, сьцьвярджае суразмоўца, электрычнасьць ёсьць — «бо пасяўная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўцы ўжо экспартуюць сваё збожжа, а беларусы купляюць у расейцаў. Што ня так зь лічбамі жніва-2022
Адзін у полі воін — на 178%
У сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Калінінскі» Добрускага раёну з пасяўной справіўся адзін мэханізатар. Як піша раённае выданьне, «сяўбу збожжавых даверылі аднаму мэханізатару, і ён даў рады на 178%».
Мэханізатар Рыгор Тур патлумачыў, што ўсё прайшло нармальна.
«Пакуль неба сілкуе зерне ў зямлі, мэханізатар праводзіць невялікі рамонт. Усё-такі інтэнсіўная дэкада працы адбіваецца на машыне, якая мае тры гады. Але нічога сур’ёзнага. Калі аграном „дасьць плошчы“, то мэханізатар гатовы ўжо зараз араць глебу», — напісала раённая газэта.
Мэханізатар дадаў, што ён заняты на ўсіх відах працы: арэ, сее, уносіць угнаеньні. У адной з гаспадарак Лоеўскага раёну ў пасяўной удзельнічалі 20 чалавек. Аграном кажа, што працы хапае кожнаму.
Пра будучы ўраджай дбаюць сьвятары, работнікі культуры і міліцыі
У Гомельскім раёне пасяўную пачалі з абрадаў, у якіх узялі ўдзел працаўнікі культуры і праваслаўны сьвятар. На прадпрыемстве «СлавМол» адправілі абрад засяваньня першай баразны, перад якім выканалі «старажытныя песьні». Што гэта за песьні, не ўдакладняецца. Сьвятар прачытаў малітву, пасьвяціў зерне і тэхніку сьвятой вадой, дабраславіў усіх на плённую працу.
У «барацьбу за будучы ўраджай» уключылася і міліцыя. Ад пачатку пасяўной міліцыянты выявілі 56 злачынстваў і больш за 1,4 тысячы правапарушэньняў.
Асноўныя злачынствы — гэта крадзеж паліва, запчастак, прысваеньне грашовых сродкаў прадпрыемства, хабар. Міліцыя налічыла каля 400 дробных крадзяжоў, канфіскавала каля 44 тон збожжа, злавіла 100 работнікаў калгасаў у алькагольным ап’яненьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь больш не аграрная краіна? Як скарачаецца ўраджай у сельскай гаспадарцыА што з заробкамі і тэхнікай у сельскай гаспадарцы?
Сярэдні заробак у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках за люты — 1562 рублі 4 капейкі. Гэта на траціну менш, чым агулам па Беларусі. А на практыцы работнікам сельскай гаспадаркі прапануюць яшчэ менш. Глядзім рэальныя вакансіі.
Напрыклад, у гаспадарцы Нясьвіскага раёну трактарысту-машыністу прапануюць 1300 рублёў. І гэта за 6-дзённы працоўны тыдзень.
Аграному ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласьці на поўную стаўку абяцаюць ад 800 да 1100 рублёў.
Заатэхніку-сэлекцыянэру ў гаспадарцы Ганцавіцкага раёну гатовыя плаціць ад 800 да 1200 рублёў.
З 2018-га да 2022 году колькасьць насельніцтва ў сельскай мясцовасьці скарацілася на 149 тысяч чалавек. Скарацілася і колькасьць работнікаў, занятых у сельскай гаспадарцы: з 284 тысяч у 2018 годзе да 251 тысячы ў 2022-м. Больш сьвежай статыстыкі афіцыйныя крыніцы не публікавалі.
З 2019-га па 2023 год скарацілася і колькасьць тэхнікі ў сельскагаспадарчых арганізацыях:
- Трактары: мінус 3,1 тысячы
- Збожжаўборачныя камбайны: мінус 1,3 тысячы
- Трактарныя плугі: мінус 1,1 тысячы
Як ураджай уплывае на рост цэнаў
Паводле экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, ураджай уплывае, апроч іншага, на інфляцыю ў Беларусі, на рост цэнаў.
«Калі гады былі неўраджайныя, адбывалася павелічэньне імпарту збожжа. 7,5 мільёна тонаў — гэта парогавы паказчык, каб забясьпечыць унутраны рынак. Калі аб’ём большы, то ёсьць магчымасьць больш зарабіць, пакінуць запасы. Ускосна гэта ўплывае на інфляцыю. У гады, калі ўраджай быў ня вельмі, ішло паскарэньне інфляцыі, асабліва гэта адбівалася на цэнах на мяса. Калі менш збожжа, то растуць выніковыя затраты, даводзіцца нешта імпартаваць, і інфляцыя разганяецца», — даводзіць Анатоль Харытончык.
Экспэрт зазначае, што ў Беларусі надвор’е больш уплывае на ўраджайнасьць, чым у іншых краінах.
«У Беларусі ўсё моцна залежыць ад надвор’я. У той жа Літве і Польшчы меншы ўплыў гэтага фактару. Надвор’е такое ж, у Беларусі зьбіраюць мала, а там нармальна», — прыводзіць прыклад Анатоль Харытончык.
Напрыклад, летась у Літве, якая істотна меншая за Беларусь, сабралі 7 мільёнаў тонаў збожжа і зернебабовых. У Беларусі — 7,6 мільёна тонаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў сёлетні ўраджай збожжа «рэкордным». У Літве гэты «рэкорд» вышэйшы ўдвая