Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка назваў сёлетні ўраджай збожжа «рэкордным». У Літве гэты «рэкорд» вышэйшы ўдвая


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка кажа, нібыта такога ўраджаю няма нават у найбуйнейшых краінах сьвету. Правяраем.

«Мы ўпершыню ў гісторыі вырабілі хлябоў (збожжа) больш за тону на кожнага чалавека. Гэта посьпех, якога, я ўпэўнены, не дасягнулі нават найбуйнейшыя дзяржавы нашай плянэты», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Глядзім, як насамрэч.

Летась гаспадаркі Літвы сабралі 5,6 мільёна тон збожжавых, гэта 2 тоны на чалавека з разьлікам на насельніцтва Літвы. Удвая больш, чым агучвае Лукашэнка.

Ва Ўкраіне летась сабралі 84 мільёны тон збожжавых, гэта таксама 2 тоны на чалавека.

Вытворчасьць адной толькі пшаніцы ў Аўстраліі сёлета — 34 мільёны тон пры насельніцтве гэтай краіны ў 25,7 мільёна чалавек, то бо 1,3 тоны на чалавека. Пры гэтым пшаніца — ня ўсе збожжавыя, якія вырошчваюць у гэтай краіне. Аўстралія — адзін з найбуйнейшых экспартэраў пшаніцы.

Канада, таксама адзін з найбуйнейшых экспартэраў пшаніцы, мае прагноз ураджайнасьці на гэты год у аб’ёме 54,6 мільёнаў тонаў збожжавых (пшаніца, ячмень, кукуруза) — 1,4 тоны на чалавека.

Ці сапраўды сёлетні ураджай рэкордны для Беларусі

Насамрэч не. Сёлета паведамляюць аб намалоце 9 мільёнаў тонаў збожжавых. Большы ўраджай быў у 2014 годзе — 9,5 мільёнаў тонаў, у 2012 годзе намалацілі 9,2 мільёнаў тонаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG