5 красавіка Лукашэнка даў згоду, каб у Палату прадстаўнікоў унесьлі законапраект «Аб прыпыненьні дзеяньня «Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе».
Законапраект не азначае выхаду Беларусі з гэтага міжнароднага пагадненьня, але прадугледжвае прыпыненьне яго дзеяньня ў краіне. Законапраект пакуль не прыняты. Расказваем, што гэта за дамова і што азначае яе прыпыненьне для Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выступіў за прыпыненьне выкананьня Дамовы аб звычайных узброеных сілах у ЭўропеШто гэта за дамова?
Дамову аб звычайных узброеных сілах у Эўропе падпісалі ў лістападзе 1990 году ў Парыжы 16 краін — удзельніц NATO і шэсьць краін — удзельніц Варшаўскай дамовы (так званыя краіны сацыялістычнага лягеру). Уступіла ў сілу яна 9 лістапада 1992 году. З гэтага часу дамова дзейнічае для Беларусі.
Гэтая дамова зьявілася ў час, калі зьніжалася супрацьстаяньне паміж двума блёкамі: краінамі NATO і краінамі сацыялістычнага лягеру. У той час дакумэнт быў скіраваны на кантроль колькасьці ўзбраеньняў. Там былі прапісаныя квоты па колькасьці ўзбраеньняў па пяці асноўных катэгорыях: танкі, баявыя браняваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты, баявыя самалёты.
Абедзьвюм групам дзяржаў-удзельніц гэтай дамовы дазвалялася мець роўную колькасьць звычайных узбраеньняў і баявой тэхнікі. Была прапісаная дакладная колькасьць тэхнікі як для абодвух блёкаў у цэлым, так і для паасобных краін.
З ратыфікацыяй дадатковых дакумэнтаў узьнікалі праблемы: ня ўсе краіны былі гатовыя іх падпісваць. Напрыклад, Літва, Латвія і Эстонія наогул адмовіліся далучацца да Дамовы, як і Славенія, Альбанія і Харватыя.
Узьнікалі дадатковыя пытаньні і да Расеі. Асноўнае — вывад войскаў з тэрыторыі Малдовы і Грузіі. Расея ад гэтага адмовілася. Яшчэ ў 2007 годзе Пуцін падпісаў указ, які прыпыняў дзеяньне дамовы на тэрыторыі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У NATO абвясьцілі аб афіцыйным спыненьні дзеяньня галоўнага пагадненьня бясьпекі з часоў Халоднай вайныА што іншыя краіны?
У жніўні 2022 году Чэхія, а ў сакавіку 2023 году Польшча прынялі рашэньне аб невыкананьні Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе ў адносінах да Беларусі. Беларусь у адказ пайшла на такі самы крок. Гэта значыць, краіны ўзаемна могуць не абменьвацца інфармацыяй пра звычайныя ўзбраеньні і тэхніку. Таксама немагчыма праводзіць узаемныя інспэкцыі звычайных узбраеньняў.
У траўні 2023 году Пуцін падпісаў закон аб дэнансацыі Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
У адказ на гэта дзяржавы — сябры NATO прынялі дэклярацыю аб намеры прыпыніць дзеяньне дамовы.
З 7 сьнежня 2023 году свой удзел у дамове прыпынілі ЗША.
У сакавіку 2024 году ў адказ на рашэньне Расеі дзеяньне дамовы прыпыніла Польшча. Таксама свой удзел у дамове прыпыніла Малдова.
8 красавіка 2024 году Эрдаган падпісаў указ аб прыпыненьні абавязкаў Турэччыны па Дамове аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча прыпыніла дзеяньне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у ЭўропеЯкія наступствы?
Былы дыплямат, дасьледчык Цэнтру новых ідэй Павал Мацукевіч ня бачыць небясьпекі ў прыпыненьні Беларусьсю дзеяньня Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
«Гаворка ідзе аб прыпыненьні ўдзелу ў дамове, а не аб дэнансацыі гэтай дамовы. Расея ж дэнансавала гэтую дамову. Беларусь зьбіраецца прыпыніць свой удзел у ліку апошніх краін. Пасьля таго як у дамове прыпынілі свой удзел Расея, блёк NATO, Польшча, ЗША, Малдова, Турэччына. Асабліва няма значэньня, ці застаецца ўдзельніцай дамовы Беларусь. Беларусь па гэтай дамове ў свой час зьнішчыла вялікую колькасьць узбраеньняў. Няма падставаў для падазрэньняў, што ўлады прыпынілі ўдзел у гэтай дамове, каб нарасьціць іх. Для гэтага няма найперш фінансавых магчымасьцяў», — кажа Павал Мацукевіч.
Ён дадае, што рашэньне разьмясьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю больш небясьпечнае, чым прыпыненьне ўдзелу ў Дамове аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
«Яна была актуальная, калі існавалі два блёкі: NATO і краіны Варшаўскай дамовы. На пачатку 90-х гадоў. Гэта быў гістарычны пэрыяд, калі Беларусь выступала з ініцыятывамі, якія былі скіраваныя на павышэньне ўзроўню бясьпекі ў Эўропе. Тады быў трэнд на дээскаляцыю, і Беларусь актыўна ўдзельнічала ў гэтым. А цяпер сытуацыя адваротная, трэнд адваротны, але Беларусь тут не зьяўляецца ініцыятарам ці заканадаўцам моды», — прыгадвае Павал Мацукевіч.
Паводле нормаў Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе Беларусь мае наступныя квоты: ня больш за 100 тысяч войска, ня больш за 1800 танкаў, 2600 браняваных машын, 1615 адзінак артылерыі, 294 баявыя самалёты, 80 ударных верталётаў.