Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выступіў за прыпыненьне выкананьня Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе


Аляксандр Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандр Лукашэнка, архіўнае фота

Дамова была ратыфікаваная Беларусьсю і набыла моц у 1992 годзе.

Аляксандар Лукашэнка даў згоду на ўнясеньне ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праекту закону «Аб прыпыненьні дзеяньня Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе», піша БелТА.

Дамова прадугледжвае абмежаваньне сумарных узроўняў звычайных узбраеньняў і тэхнікі ў пяці асноўных катэгорыях (танкі, баявыя браняваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама мэханізмы праверкі захаваньня абавязаньняў (абмен інфармацыяй і правядзеньне інспэкцый).

Праект закону прадугледжвае прыпыненьне дзеяньня дамовы, але не азначае выхаду Беларусі зь яе і спыненьня ажыцьцяўленьня ва Ўзброеных сілах унутраных працэдур, зьвязаных зь яго выкананьнем, напісала прэсавая служба Лукашэнкі.

У жніўні 2022 году Чэхія, а ў сакавіку 2023-га Польшча прынялі рашэньне аб невыкананьні дамовы ў дачыненьні да Беларусі.

Турэччына таксама выйшла з Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе, рашэньне апублікавалі афіцыйнай газэце. Паводле інфармацыі, Анкара ня будзе выконваць палажэньні дакумэнта пасьля 8 красавіка. Расея выйшла з гэтага пагадненьня ў 2023 годзе.

  • ДЗУСЭ падпісалі 19 лістапада 1990 году ў Парыжы.
  • У першапачатковым складзе краін-падпісантаў былі 16 дзяржаў — краін NATO (Бэльгія, Вялікая Брытанія, Гішпанія, Грэцыя, Данія, ЗША, Ісьляндыя, Італія, Канада, Люксэмбург, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Партугалія, Турэччына і Францыя) і 6 дзяржаў – удзельніц Арганізацыі Варшаўскай дамовы (Баўгарыя, Вугоршчына, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславаччына) — для кожнага блёку былі вызначаныя максымальныя ўзроўні ўзбраеньняў і тэхнікі.
  • Аднак наступіў распад СССР, падзел ЧССР на дзьве краіны, аб’ядналася Нямеччына, Арганізацыю Варшаўскай дамовы распусьцілі. У выніку ўдзельнікамі ДЗУСЭ сталі ўжо 30 дзяржаў. Празь некалькі гадоў частка былых чальцоў Варшаўскай дамовы ўступіла ў NATO.
  • Пасьля стамбульскай адаптацыі дамоўленасьцяў у 1999 годзе ўдзельнікі ўвялі ліміт на разьмяшчэньне на тэрыторыі сувэрэнных дзяржаў баявой тэхнікі іншых краін.
  • Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін яшчэ ў 2007 годзе прыпыніў дзеяньне ДЗУСЭ, у 2015-м Расея перастала ўдзельнічаць у пасяджэньнях сумеснай кансультатыўнай групы, а 29 траўня 2023 году канчаткова дэнансавала Дамову.
  • Летась у верасьні зьявілася паведамленьне, што Беларусь хоча спыніць дзеяньне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе (ДЗУСЭ) адносна Польшчы і Чэхіі. 31 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў красавіку Польшча паінфармавала аб рашэньні не выконваць Дамову аб звычайных узброеных сілах у Эўропе ў дачыненьні да Беларусі. Хоць гэтая дамова нібыта фактычна зьяўляецца апошнім міжнародным актам у сфэры кантролю над узбраеньнямі, які юрыдычна абавязвае краіну яго трымацца.
  • У кастрычніку 2023 году Беларусь прыпыніла дзеяньне дамовы ў дачыненьні да дзьвюх дзяржаў — Польшчы і Чэхіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG