У інтэрвію Паліна расказала пра супрацоўніцтва з грамадзкім аб’яднаньнем «Эўрапейская Беларусь». Яна паведаміла, што напісала прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Падчас інтэрвію прапагандыстка паказала ёй відэа дзяцей Паліны.
Мы папрасілі пракамэнтаваць сюжэт, паказаны па БТ, мужа Паліны, Андрэя Шарэнду, які цяпер разам зь іхнымі дзецьмі жыве ў Польшчы.
«Па тым, што я ўбачыў, — гэта цалкам пастановачнае відэа, гэта не інтэрвію, гэта „мастацкі фільм“. 90% таго, што Паліна гаворыць, яна проста зачытвае па паперцы ці з субтытраў», — сказаў Андрэй у інтэрвію Свабодзе.
На пытаньне, чаму, на яго погляд, Паліна пагадзілася на такі выступ па БТ, Шарэнда адказаў: «Нармальнай сувязі з Палінай няма ўжо тры месяцы. На яе рабіўся калясальны ціск. У стужцы ня ўзгадваецца, што яе яшчэ судзілі два разы, і толькі за мінулы год яна правяла 200 содняў у штрафным ізалятары».
Паводле Андрэя, «цяпер у Паліны складаная сытуацыя, у кастрычніку 2023 году ёй далі яшчэ дадатковы год зьняволеньня, а для яе гэта яшчэ год суцэльнага штрафнога ізалятара і катаваньняў».
Муж палітзьняволенай зьвяртае ўвагу на тое, што «ў гэтай стужцы яе водзяць па пустых памяшканьнях, па камэрах, дзе няма матрацаў і асабістых рэчаў. Гэта кажа пра тое, што гэта ўсё пастаноўка. Таксама бачна, што гэтае відэа скампіляванае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: да Паліны Шарэнды-Панасюк не пускаюць адваката, яна ў жаночай калёніі для рэцыдывістакУ стужцы Шарэнда-Панасюк кажа, што муж будзе адчуваць, што яна яму здрадзіла.
«Не. Я не лічу, што яна мне здрадзіла, — сказаў Свабодзе Андрэй Шарэнда. — Яна там гаворыць не сваімі словамі. Я яе ведаю, яна так кажа, калі чытае казку дзецям. Яна ратуе сваё жыцьцё. Каб уратаваць яго, яна пайшла на такі цяжкі крок».
Муж палітзьняволенай адзначае, што аўтары і замоўнікі стужкі гулялі на эмоцыях Паліны, асабліва калі паказалі ёй відэа зь яе дзецьмі.
«Да гэтага трэба ставіцца як да словаў чалавека, узятага ў закладнікі. Гэта яшчэ адно са шматлікіх „пакаяльных“ відэа, якія мы бачым ледзь ня штодзень у прапагандыстаў. Я ня веру, што Лукашэнка яе памілуе. Мне хочацца, каб Паліна як мага хутчэй апынулася зь дзецьмі. Але ня веру, што ён памілуе яе», — сказаў Свабодзе Андрэй Шарэнда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паліна ў такіх жа ўмовах, як Навальны». Як адрэагавалі на гібель Навальнага беларускія палітвязьні і іх родныяУ чэрвені 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прыгаварыў Шарэнду-Панасюк да двух гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму па арт. 364 (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзыдэнта) Крымінальнага кодэксу.
У красавіку 2022 году ёй прысудзілі яшчэ адзін год зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі), у кастрычніку 2023-га — яшчэ адзін год па тым жа артыкуле.
21 сакавіка стала вядома, што Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Паліны Шарэнды-Панасюк. Гэта першы такі выпадак у справах адносна Беларусі.
Паводле Андрэя Шарэнды, яго жонка «мінімум 32 разы зьмяшчалася ў нечалавечыя ўмовы» штрафнога ізалятара і карцара, а яшчэ «каля 150 дзён» правяла ў памяшканьні камэрнага тыпу.
Анастасія Бенедзісюк — прапагандыстка, супрацоўніца дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1». У жніўні 2023 году Эўразьвяз унёс яе ў санкцыйны сьпіс.