Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лічу сябе не падсуднай, а ваеннапалоннай». Палітзьняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк зноў судзяць


Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота

Паліна Шарэнда-Панасюк мела выйсьці на волю ў жніўні, але ёй выставілі новае абвінавачаньне паводле артыкулу аб злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі (ч. 1 арт. 411 КК).

У Рэчыцкім раённым судзе 2 кастрычніка пачаўся чарговы суд над актывісткай Палінай Шарэнда-Панасюк, паведамляюць праваабаронцы.

Разглядае справу судзьдзя Станіслаў Іванюценка, які неаднаразова выносіў прысуды паводле «пратэставых» адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў.

Тэрмін утрыманьня пад вартай Паліны Шарэнды-Панасюк скончыўся яшчэ 6 жніўня, але яе не вызвалілі. Паліне выставілі новае абвінавачаньне па артыкуле аб злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі (ч. 1 арт. 411 КК), ужо другі раз.

«Лічу сябе не падсуднай, а ваеннапалоннай»

У Рэчыцкім раённым судзе праходзіць працэс над палітзьняволенай актывісткай Палінай Шарэнда-Панасюк, якую другім разам судзяць паводле 411-га артыкулу КК за злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы. Пра тое, як праходзіць суд, расказаў Радыё Свабода муж актывісткі Андрэй Шарэнда.

На працэс дапусьцілі сваякоў падсуднай. Паводле зьвестак Андрэя Шарэнды, у прамове на працэсе ягоная жонка не прызнала сябе вінаватай у непадпарадкаваньні адміністрацыі.

«Больш за тое, Паліна заявіла, што не прызнае суд і лічыць сябе не падсуднай, а ваеннапалоннай. Яна нагадала, што адмовілася на знак пратэсту супраць грамадзянства Беларусі», — падзяліўся Шарэнда.

Актывістка расказала ў судзе пра ўмовы, у якіх яе трымалі летась, спачатку ў калёніі ў Зарэччы, а потым і Гомельскім СІЗА і Рэчыцкім ІЧУ.

«Расказала, што агулам больш за 200 дзён яе трымалі ў ШЫЗА і працягваюць зьдзекавацца цяпер у Рэчыцкім ізалятары часовага ўтрыманьня. Там ёй нават ня выдалі пасьцельных рэчаў і трымаюць, як асуджаную, хаця прысуд ёй яшчэ ня вынесены», — паведаміў муж палітзьняволенай.

Паводле Андрэя Шарэнды,, пасьля выступу ягонай жонкі суд заслухаў трох сьведак з ліку супрацоўнікаў жаночай калёніі ў пасёлку Зарэчча Рэчыцкага раёну.

«Два зь іх пацьвердзілі абвінавачаньне, але трэці адмовіўся выступаць. Пасьля гэтага мусілі пачацца спрэчкі бакоў, але пракурор нечакана ўзяў перапынак на тыдзень. Тады і даведаемся, колькі ён запросіць», — расказаў Андрэй Шарэнда.

Андрэй Шарэнда пераказаў словы пра тое, як выглядае ягоная жонка ў судзе: «Выглядае вельмі змучанай, твар белы, але трымаецца па-баявому, як звычайна».

Суд над Палінай Шарэнда-Панасюк мае аднавіцца 9-га кастрычніка.

Акцыя ў падтрымку Паліны Шарэнды-Панасюк
Пікет салідарнасьці з Палінай Шарэнда-Панасюк, Брусэль

Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — пазбаўленьне волі на тэрмін да аднаго году.

  • У 2021 годзе актывістку «Эўрапейскай Беларусі» зь Берасьця Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі на 2 гады зьняволеньня за абразу Лукашэнкі і гвалт супраць міліцыянта.
  • Жанчына павінна была выйсьці на волю мінулым летам, але ў 2022 годзе яе асудзілі яшчэ на 1 год калёніі.
  • Сёлета ў красавіку супраць жанчыны завялі новую крымінальную справу па тым жа 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».
  • Улетку стала вядома, што, пратэстуючы супраць перасьледу, Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася ад беларускага грамадзянства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG