У сярэдзіне сакавіка зьявілася навіна пра намер надаць ліцэю БДУ імя Фэлікса Дзяржынскага — заснавальніка карнай сыстэмы ВЧК-ОГПУ ў былым СССР. Нібыта калектыўны зварот супрацоўнікаў ліцэю з такой просьбай перадала рэктару БДУ Андрэю Каралю дырэктарка ліцэю Тацяна Мамчыц.
Свабода зьвярнулася па камэнтар да былога дырэктара ліцэю БДУ Ігара Вараксы, якія цяпер жыве за межамі Беларусі. Ён адказаў, што магчымая зьмена назвы ліцэю яго ня дзівіць.
«Мяне гэтая навіна асабліва ня ўзрушыла, бо я ўжо даўно ня зьвязваю сучасны ліцэй БДУ з тым ліцэем БДУ, у якім я вучыўся і ў якім працаваў. Ліцэй, які я памятаю, і сучасны ліцэй — гэта дзьве абсалютна розныя ўстановы адукацыі», — сказаў Ігар Варакса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ліцэю БДУ хочуць надаць імя Дзяржынскага. Нібыта на просьбу супрацоўнікаў
«На сьцены можна прычапіць абсалютна любую шыльду. Сымболікі тут ніякай няма, акрамя таго, што цяперашняе кіраўніцтва ліцэю БДУ дасылае паведамленьне ўсім зацікаўленым і неабыякавым: „Глядзіце, мы можам, і мы робім усё, што толькі захочам“. Пры гэтым перапэцкаўшы брудам увесь калектыў — кажучы, што гэта менавіта ад супрацоўнікаў Ліцэю БДУ паходзіць гэтая крэатыўная ідэя. Што тычыцца наступстваў, то зьмена назвы не прыскорыць і не запаволіць тыя незваротныя разбуральныя працэсы, якія ідуць усярэдзіне пэдагагічнага калектыву», — сказаў Ігар Варакса.
Ён прывёў прыклад кадравых праблемаў, якія зазнае цяпер ліцэй.
«Недахоп кваліфікаваных настаўнікаў давёў да таго, што ліцэй БДУ на рэспубліканскай навукова-практычнай канфэрэнцыі сёлета ўзяў менш дыплёмаў, чым Менскі абласны ліцэй», — кажа Ігар Варакса.
З пасады дырэктара ліцэю БДУ Ігар Варакса сышоў улетку 2021 году. Пасьля ягонай адстаўкі ўстановай кіравала Ганна Чубарава, выпускніца БДУ, паводле адукацыі біёляг. У кастрычніку 2023 году Ганну Чубараву на пасадзе дырэктара замяніла Тацяна Мамчыц. Раней СМІ паведамлялі, што яна працавала ў Інстытуце нацыянальнай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраваць ліцэем БДУ прызначылі начальніцу вучэбна-мэтадычнай часткі Інстытуту нацбясьпекі
«Звонку ўсё застаецца такім самым. Той самы будынак і велічэзная колькасьць ахвотных паступіць. На апошні Дзень адчыненых дзьвярэй прыйшло крыху менш за 1000 чалавек. Але духа ліцэю, які пераносілі ў 2001 годзе ў слоіку з Маякоўскага, 96, на Ўльянаўскую, 8, там ужо няма», — лічыць Ігар Варакса.
Паводле Ігара Вараксы, раней ідэяў надаць навучальнай установе імя гістарычнай асобы, тым больш Дзяржынскага, не ўзьнікала.
«На маёй памяці такога не было. Але я толькі ў 1993 годзе паступіў у ліцэй. За гэты час ліцэй некалькі разоў пераймяноўвалі. Спачатку гэта была Менская сярэдняя спэцыялізаваная школа (МССШ) пры БДУ, потым ліцэй пры БДУ, потым проста ліцэй БДУ. Зьмены скончыліся, здаецца, у 1996 годзе, калі канчаткова замацавалася назва „Ліцэй БДУ“. Праўда, потым яшчэ пару разоў аднаўлялі назву згодна са зьменамі заканадаўства. То бок да пэўнага часу гэта была Вучэбна-адукацыйная ўстанова „Ліцэй БДУ“, але потым усе дзяржаўныя школы павінны былі мець назву, якая пачынаецца з словаў „Дзяржаўная ўстанова адукацыі“, таму і ліцэй адпаведна перайменавалі і памянялі статут», — згадаў гісторыю ранейшых перайменаваньняў ліцэю БДУ Ігар Варакса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ліцэй БДУ асудзіў гвалт на менскіх вуліцах. ЗАЯВА