Калектыў Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту «рашуча асудзіў эскаляцыю гвалту на вуліцах Беларусі, якая назіраецца ў апошнія тыдні».
Публікуем тэкст заявы, якая зьявілася на сайце Ліцэя БДУ.
«1 верасьня 2020 году выпускнікі Ліцэя БДУ сабраліся на мірную акцыю салідарнасьці ў падтрымку затрыманых выпускнікоў Антона Бяленскага і Андрэя Пазьняка, якая адбывалася насупраць галоўнага ўваходу ў Ліцэй БДУ. Акцыя скончылася жорсткімі затрыманьнямі з прымяненьнем сілы на тэрыторыі ўстановы адукацыі.
Нагадваем, што згодна з ч.1 арт. 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне.
Згодна з арт 35. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый і пікетаваньня, якія не парушаюць правапарадку і правоў іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай.
Супрацоўнікі Ліцэя БДУ асуджаюць усе формы агрэсіі і гвалту, тым больш на тэрыторыі ўстановы адукацыі, бо Ліцэй заўжды быў прыкладам спакойнага і паважлівага стаўленьня ня толькі да сваіх вучняў, настаўнікаў і выпускнікоў, але і да ўсіх суграмадзян, якія мірна выказваюць сваю думку».