Цяпер у ЭЗ працуюць толькі тры амбасадары зь Беларусі. За апошнія чатыры гады Лукашэнка паздымаў амбасадараў у пятнаццаці краінах Эўразьвязу, а таксама закрыў адно пасольства. Расказваем, што стала зь беларускай дыпляматыяй у краінах Эўразьвязу.
Аляксандар Лукашэнка 12 сакавіка 2024 году вызваліў ад пасадаў адразу трох амбасадараў Беларусі ў краінах Эўразьвязу.
Пасадаў пазбавіліся: Дзяніс Сідарэнка, ён ад 2016 году ўзначальваў дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Нямеччыне; Дзьмітры Мірончык, ад 2018 году быў паслом Беларусі ў Швэцыі; Аляксей Самасуеў, быў амбасадарам у Фінляндыі ад 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пасьля дыпляматычнага скандалу зьняў з пасады пасла ў Швэцыі МірончыкаХто застаўся?
Такім чынам, на сёньняшні дзень афіцыйны статус пасла Беларусі ў краінах Эўразьвязу маюць толькі Андрэй Дапкюнас у Аўстрыі (ад 2020 году), Андрэй Еўдачэнка ў Нідэрляндах (ад 2020 году) і Ўладзімер Улаховіч у Вугоршчыне (ад 2022 году).
Улаховіч быў адзіным паслом, якога Лукашэнка прызначыў у Эўразьвяз пасьля падзей 2020 году. Кадравае рашэньне адбылося 10 лютага 2022 году, незадоўга да пачатку вайны ва Ўкраіне.
Былы кіраўнік гандлёва-прамысловай палаты Ўладзімер Улаховіч прысутнічаў тады на сустрэчы з Лукашэнкам. Але ні інфармацыйнае агенцтва БелТА, ані прэс-служба Лукашэнкі тады не паведамілі, якія пажаданьні былі выказаныя новаму амбасадару.
16 чэрвеня 2022 году Ўладзімер Улаховіч уручыў даверчыя граматы прэзыдэнтцы Вугоршчыны Каталін Новак. «Бакі канстатавалі ўзаемную зацікаўленасьць у разьвіцьці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх сфэрах з асаблівым акцэнтам на далейшае ўмацаваньне гандлёва-эканамічных сувязяў», — гаварылася ў афіцыйным паведамленьні беларускага боку.
У верасьні 2023 году Вугоршчына таксама стала першай краінай Эўразьвязу, прадстаўнік якой уручыў Аляксандру Лукашэнку даверчыя граматы. Новай амбасадаркай гэтай краіны ў Беларусі стала Зіта Ілона Бенчык. Празь месяц Беларусь зь візытам наведваў міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-сьпікер парлямэнту Славаччыны пасьля сустрэчы з амбасадарам Беларусі назваў санкцыі адносна Менску «абсурднымі»У Славаччыне амбасаду закрылі
Дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларусі ў суседняй з Вугоршчынай Славаччынай наогул закрылі. Рашэньне падпісанае 8 верасьня 2023 году. Беларусаў, якія пражывалі ў Славаччыне, перавялі на консульскі ўлік у Аўстрыю.
Апошнім паслом Беларусі ў Славаччыне быў Ігар Ляшчэня. Менавіта гэты дыплямат 16 жніўня 2020 году першы з паслоў падтрымаў пратэст і асудзіў гвалт. 18 жніўня Ляшчэня падаў у адстаўку, а 24 жніўня — пазбаўлены пасады. У верасьні таго ж году былога пасла пазбавілі дыпляматычнага рангу.
У жніўні 2021 году Ігара Ляшчэню затрымалі сілавікі і зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Больш як праз тыдзень яго вызвалілі без прад’яўленьня абвінавачаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада Беларусі ў Славаччыне спыніць працу да 1 сьнежняКаго яшчэ зьнялі пасьля пратэстаў?
На хвалі пратэсту 2020 году дыпляматычных пасадаў таксама пазбавіліся Васіль Марковіч у Латвіі і Павал Пуставы ў Гішпаніі, хоць гэтыя людзі адкрыта пратэст не падтрымлівалі. Марковіч таксама быў пазбаўлены дыпляматычнага рангу.
У інтэрвію выданьню «Наша Ніва» Васіль Марковіч казаў: у амбасадзе Беларусі ў Латвіі падчас выбараў ня сталі хаваць, што на іх участку перамагла Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня іх грамадзяне». Ці рэальна беларусу за мяжой атрымаць дапамогу ў амбасадзе?Няма паслоў у суседніх Літве і Польшчы
У лістападзе 2021 году Аляксандар Лукашэнка пазбавіў пасады пасла Беларусі ў Францыі Ігара Фісенку. Перад гэтым Фісенку выклікалі ў Менск для кансультацый. Афіцыйны Менск абурыла, што пасол Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякост так і не ўручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, а толькі тагачаснаму міністру замежных спраў Уладзімеру Макею.
Ня мае Беларусь паслоў і ў суседніх краінах. У чэрвені 2021 году апошняга па часе амбасадара Беларусі ў Літве Валерыя Бараноўскага прызначылі паслом на Кубу. У траўні 2022 году Лукашэнка вызваліў з пасады пасла Беларусі ў Польшчы Ўладзімера Чушава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чакаю дня, калі змагу наведаць свабодную Беларусь». Інтэрвію з Джулі Фішэр, якая пакідае пасаду спэцыяльнай пасланьніцы ЗША па БеларусіДзе яшчэ няма беларускіх паслоў?
Ад чэрвеня 2020 году Беларусь ня мае пасла ў Італіі. Колішняга амбасадара Аляксандра Гур’янава перавялі на пасаду першага намесьніка міністра замежных спраў Беларусі. У 2021 годзе ў італьянскіх СМІ праходзіла інфармацыя, што афіцыйны Рым адмаўляецца выдаць агрэман на прызначэньне паслом прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза.
Вакантныя таксама пасады паслоў Беларусі ў Бэльгіі (Аляксандар Міхневіч адпраўлены ў адстаўку ў ліпені 2021 году), Чэхіі (Валеры Курдзюкоў адпраўлены ў адстаўку ў верасьні 2021 году), Баўгарыі (Аляксандар Лукашэвіч зьняты ў сакавіку 2022 году), Румыніі (Андрэй Грынкевіч зьняты ў ліпені 2022 году), Эстоніі (Вячаслаў Качанаў зьняты ў кастрычніку 2023 году).
Ня мае Беларусь на сёньня амбасадара і ў Вялікай Брытаніі, якая выйшла з Эўразьвязу. Максім Ермаловіч 1 жніўня 2022 году быў прызначаны намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта і пакінуў дыпляматычную працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да вайны Максім адчуваў сябе яшчэ цярпіма ў Лёндане». Пра новага адказнага за эканоміку ў адміністрацыі Лукашэнкі расказала ягоная маціХто з эўрапейцаў застаўся?
З краінаў Эўразьвязу ў Менску на сёньняшні дзень ёсьць два амбасадары. Вышэй мы пісалі, што ў 2023 годзе свайго пасла ў Беларусь адправіла Вугоршчына.
Працягвае сваю місію ў Менску пасол Баўгарыі Георгі Васілеў. Ён на гэтай пасадзе ад 2019 году.
Сытуацыю з Італіяй падаюць па-рознаму. На сайце пасольства Тамаза П’етра Маркеджані названы «галавой місіі», а вось дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне называе яго «паслом». Як бы там ні было, даверчыя граматы Лукашэнку Маркеджані не ўручаў.
Па-ранейшаму паслом Латвіі ў Беларусі значыцца Эйнарс Сэманіс, але з прыпіскай «з рэзыдэнцыяй у Рызе».
У ліпені 2023 году Беларусь пакінуў амбасадар Нямеччыны Манфрэд Гутэрэр. Цяпер пасольствам кіруе часовы павераны. Пасольствам Францыі — таксама павераны ў справах Беларусі Людавік Руае.
Прадстаўніца Літвы Аста Андрыяўскене мае статус Ambassador-at-Large (пасол па асаблівых даручэньнях), яна знаходзіцца ў Вільні. Артур Міхальскі, які быў паслом Польшчы ў Беларусі, у верасьні 2023 году быў прызначаны спэцпрадстаўніком МЗС Польшчы па супрацоўніцтве з дэмсіламі Беларусі. У лістападзе 2023 году Швэцыя прызначыла Крыстыну Юганэсан спэцпасланьнікам па сувязях з дэмакратычнай Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына стала першай краінай Эўразьвязу, амбасадар якой уручыў даверчыя лісты Лукашэнку пасьля 2020 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Швэцыі: «Месца Беларусі — у Эўразьвязе». ВІДЭА