Міністэрству замежных спраў даручылі закрыць амбасаду за рахунак сродкаў, прадугледжаных на ўтрыманьне гэтай установы.
Дыпляматычнае прадстаўніцтва якой краіны будзе прадстаўляць інтарэсы грамадзян Беларусі ў Славаччыне, не паведамляецца, але беларусаў, якія жывуць там, нядаўна перавялі на консульскі ўлік у Аўстрыю.
- Дыпляматычныя адносіны паміж дзяржавамі вядуць пачатак ад 14 студзеня 1993 году.
- У 2002-м Генэральнае консульства Беларусі ў Браціславе пераўтварылі ў пасольства.
- У чэрвені 2019 старшыня Нацыянальнага сходу Славаччыны Андрэй Данка быў зь візытам у Менску, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
- Амбасадарам у Славаччыне з 2016-га па 2020 год працаваў Ігар Ляшчэня. Пасьля гвалту сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў у 2020-м ён падаў у адстаўку.
- 29 жніўня беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Славаччыны Міраславам Влахоўскім абмеркавала пытаньні дапамогі беларускім добраахвотнікам і вэтэранам, а таксама «правакацыі з боку рэжыму Лукашэнкі».
- «Славаччына пасьлядоўна з 2020 году падтрымлівае нашу працу на міжнароднай арэне, далучаецца да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, выдае стыпэндыі беларускім студэнтам і навукоўцам і, што вельмі важна, працягвае выдаваць вялікую колькасьць віз. Для нас вельмі важныя гэтыя адносіны і гэта супрацоўніцтва», — адзначыла Ціханоўская па выніках сустрэчы.
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020-га дыпляматычныя кантакты Беларусі з эўрапейскімі краінамі зьвяліся да мінімуму ў сувязі з непрызнаньнем дзяржавамі Эўразьвязу афіцыйных вынікаў галасаваньня і наступным увядзеньнем санкцый.