Бабуля бывала на пахаваньнях часьцей, чым дзесьці ў іншым месцы
«Дзесьці ў вёсцы на Палесьсі жыве баба Маня, якую ўсе завуць «дырэктар моргу, бо яна ведае ўсё пра тое, як правільна пахаваць чалавека. Яшчэ там, у гэтай вёсцы, гоняць самагон, капаюць бульбу, абмяркоўваюць палітыку і паўсядзённасьць — на сваёй паляшуцкай мове», — так пачынаецца анатацыя кнігі «Мое баба — діректор моргу» на краўдфандынгавай пляцоўцы.
Аўтарам кнігі пазначаная «Голя з Ополя». Аўтарка кнігі — Вольга Аполька, беларуска, якая з 2022 году жыве ў Новай Зэляндыі. Яна ўнучка той самай бабы Мані з вёскі Опаль Янаўскага раёну, жыцьцё якой апісала ў форме дыялёгаў на адной з гаворак беларускага Заходняга Палесься.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17,5 тысячы кілямэтраў да дому. Як дзяўчына з Палесься апынулася ў Новай Зэляндыі і чаму яна там размаўляе на роднай гаворцыКніга складаецца з дзьвюх частак — гэта непасрэдна мастацкі твор, напісаны на адной з унікальных палескіх мікрамоваў, і ангельскі пераклад.
У камэнтары Свабодзе Вольга зазначыла, што ідэю кнігі яна выношвала доўга. Само напісаньне і ўкладаньне кнігі заняло каля году. Ідэя твору была народжаная рознымі гісторыямі бабулі Мані, якая апавядала ўнучцы пра сябе, пра жыцьцё і пахавальныя традыцыі. Гэтым майстэрствам бабуля Вольгі валодала дасканала.
«Назва кнігі — гэта была такая нефармальная мянушка бабулі ў вёсцы. Яе так між сабой называлі людзі. Бо яна рэальна на пахаваньнях была больш, чым дзесьці. Калі я ёй ні пазваню, яна заўсёды на нейкім наступным пахаваньні, таму яе так і празвалі», — кажа Вольга.
Яна зазначае, што бабуля была вельмі ўпартая і заўжды папраўляла кагосьці, хто няправільна нешта рабіў на пахаваньні, і яна не магла змаўчаць. Яна ведала ўсе традыцыі таго, як правільна чалавека выпраўляць на той сьвет. Падтрымлівала людзей — прыходзіла на пахаваньні, дапамагала памыць і адзець нябожчыка. Бо ня ўсе знойдуць у сабе сьмеласьць на гэта.
Бабуля Вольгі памерла ў 2020 годзе.
Муж-новазэляндзец вучыў расейскую і беларускую, а выявілася, існуе і палеская гаворка
Вольга выйшла замуж за Эдварда з Новай Зэляндыі. Таму і апынулася за акіянам. Вольга кажа, што муж ведаў трохі расейскай, трохі беларускай мовы — жонка вучыла. Але выявілася, што сама яна гаворыць і піша на «іншай» — палескай гаворцы.
«З палескай яму складаней. Яму больш удаюцца палескія стравы. Ён вельмі любіць тое, што я гатую па-нашаму — тую ж квашаную капусту ці „закруткі“ розныя, напрыклад агуркі. У Новай Зэляндыі людзі асабліва гэтым не пераймаюцца — купляюць у крамах. Але тут няма такой разнастайнасьці „закрутак“, як у нас. Максымум — можа квашаная капуста ці агуркі», — тлумачыць Вольга.
Яе бабуля пасьпела пазнаёміцца з жаніхом з-за акіяну. І пазытыўна ацаніла яго: «Хвайны».
«Яна давярала майму выбару, не казала, як патрэбна рабіць, проста казала, падабаецца ёй ці не», — кажа Вольга.
Бабуля вучыла яе, што працаваць трэба ня толькі шчыра, але і хутка, «інакш замуж ніхто ня возьме». Тлумачыла, чаму нельга адзеньне навыварат надзяваць — «бо так выварочваюць для памерлых». Наказвала, што на могілках абавязкова трэба прыбраць занядбаныя магілы, хай сабе і незнаёмых людзей, бо «невядома, дзе іхныя родзічы, мы ж тут усе свае». Пра іншыя адметнасьці жыцьця ў палескай вёсцы можна прачытаць у кнізе.
Краўдфандынг разьлічаны на два месяцы. Вольга кажа, што яе «ўнутраная мэта» была 300 асобнікаў. Але ўжо за першую палову першага месяца краўдфандынгу людзі замовілі больш за 100 кніг, і такі прамежкавы вынік цешыць аўтарку кнігі.
Вольга падкрэсьлівае, што на Палесьсі няма адзінай «палескай гаворкі», кожная вёска мае свае моўныя адметнасьці. Беларуска кажа, што яна піша на «опальскай гаворцы» — на такой гавораць у яе роднай вёсцы.
Кніга будзе мець як друкаваны, так і электронны варыянт. Вольга працуе над тым, каб выданьне можна было купіць у некаторых крамах у Польшчы. Пакуль жа кнігу можна замовіць пад спасылкай.
Аўтарка кажа, што яна знайшла сябе ў працэсе напісаньня кнігі, ёй падабаецца гэта рабіць. Таму, спадзяецца, першая кніга натхніць яе на новыя працы.
Раней ужо выходзілі кнігі на палескіх гаворках. У 2019 годзе выйшаў пераклад мовазнаўцы Фёдара Клімчука Новага Запавету на гаворку вёскі Сіманавічы Дарагічынскага раёну — «Палеская Біблія». У 2021 годзе кнігу «Оньдэ» выдаў цяперашні кіраўнік тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Раптам я сутыкнуўся з палескім космасам». Размова з Аляксеем Дзікавіцкім пра кнігу «Оньдэ» і Палесьсе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фёдар Клімчук, шчасьлівы чалавек, які пераклаў Біблію на мову сваёй вёскі