Міжнародная фэдэрацыя тэнісу дазволіла беларускім і расейскім спартоўцам узяць удзел у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў нэўтральным статусе.
Міжнародная фэдэрацыя тэнісу заявіла, што спартоўцам зь Беларусі і Расеі дазволілі выступаць у «індывідуальным нэўтральным статусе» для ўдзелу ў адзіночных, а таксама ў парных спаборніцтвах, паведамляе Reuters.
Пры гэтым спартоўцы павінны адпавядаць патрабаваньням адбору, а таксама выконваць правілы Міжнароднага алімпійскага камітэту.
Ліцэнзію могуць заваяваць толькі тэнісісты з топ-56 сусьветнага рэйтынгу, піша sport5.by. Паводле рэйтынгу, умовам алімпійскага адбору адпавядаюць толькі дзьве беларускія тэнісісткі — Арына Сабаленка (2-я ракетка сьвету) і Вікторыя Азаранка (30-я). Сярод мужчын кандыдатаў на ўдзел у Алімпіядзе няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жаночая зборная Літвы адмаўляецца ад дзьвюх сустрэчаў з футбалісткамі Беларусі- Расейскім і беларускім спартоўцам забаранілі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, для якога Беларусь выкарыстоўвалася ў якасьці пляцдарму.
- У сакавіку 2023 году Міжнародны алімпійскі камітэт выдаў шэраг рэкамэндацый для міжнародных спартыўных фэдэрацый, каб дазволіць спартоўцам зь Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Згодна зь імі, спартоўцы павінны ўдзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе, выступаць безь сьцягоў, эмблемаў і гімнаў сваіх краін. Не дапускаюцца спартоўцы, якія актыўна падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне, і тыя, хто працуе па кантракце з расейскімі/беларускімі вайскоўцамі або органамі нацыянальнай бясьпекі.
- Беларускія і расейскія тэнісісты ўжо ўдзельнічаюць у турнірах ATP/WTA як нэўтральныя.
- У сьнежні МАК дазволіў удзел спартоўцаў зь Беларусі і Расеі ў Алімпійскіх гульнях — індывідуальна, бяз гімнаў і сьцягоў.