Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тэнісісткі Азаранка і Сабаленка згулялі паміж сабой у паўфінале турніру ў Аўстраліі


Арына Сабаленка, архіўнае фота
Арына Сабаленка, архіўнае фота

6 студзеня на турніры ў аўстралійскім Брысбене адбыўся паўфінальны матч, у якім супернічалі дзьве наймацнейшыя беларускія тэнісісткі.

Па выніках сустрэчы Арына Сабаленка перамагла Вікторыю Азаранку ў двух сэтах — 6:2, 6:4.

Раней Сабаленка і Азаранка сустракаліся паміж сабой чатыры разы, зь якіх тройчы перамагла Сабаленка.

Цяпер Сабаленка займае другі радок у сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), Азаранка — 23-я ў рэйтынгу.

У фінале Арына Сабаленка згуляе з прадстаўніцай Казахстану Аленай Рыбакінай (4-я ў рэйтынгу).

Прызавы фонд турніру ў Брысбене (катэгорыя WTA-500) складае 1,74 млн даляраў. У 2023-м Сабаленка двойчы перамагла на аўстралійскіх кортах: у Адэлаідзе і на Australian Open у Мэльбурне.

Арына Сабаленка сёлета зазнала вострую крытыку за сваю палітычную пазыцыю, а менавіта за падтрымку палітыкі Аляксандра Лукашэнкі на радзіме і маўчаньне адносна расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне. Арганізатары Ўімблдонскага турніру не адразу выдалі беларусцы візу для ўдзелу ў лёнданскіх спаборніцтвах.

Украінскія тэнісісткі пасьля матчаў адмаўляліся ціснуць Сабаленцы руку. Яна ж заяўляла, што супраць вайны, але ні на што паўплываць ня можа. Пазьней Сабаленка заявіла, што цяпер ужо не падтрымлівае дзеяньні Лукашэнкі. Арганізатары «Ралян Гарос» абаранялі Сабаленку ад пытаньняў пра палітыку і вайну. Яна ж сама казала, што ня мае камэнтароў на пытаньні такога парадку і гатовая размаўляць толькі пра тэніс.

У 2020 годзе Арына Сабаленка пасьля народных пратэстаў супраць дыктатуры на радзіме падпісала ліст у падтрымку Лукашэнкі і паўдзельнічала зь ім у балі на Новы 2021 год.

Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сабаленка паабяцала ў адказ на пытаньне журналістаў надзець жоўта-блакітную бутаньерку ў падтрымку Ўкраіны, але не зрабіла гэтага і расейскую агрэсію не асудзіла, абмяжоўваючыся толькі фразамі, што яна «супраць вайны».

11 верасьня 2023 году Арына Сабаленка стала другой беларускай у гісторыі, якая стала першай ракеткай сьвету, але не пратрымалася на першай пазыцыі і двух месяцаў: прычынай стала параза ў паўфінале выніковага турніру WTA ў Мэксыцы.

У 2012–2013 гадах лідэркай сусьветнага рэйтынгу была Вікторыя Азаранка, яна трымалася на чале сьпісу даўжэй за суайчыньніцу. Упершыню Азаранка ўзышла на першае месца 30 студзеня 2012 году, у той дзень, калі перамагла ў фінале Australian Open Марыю Шарапаву, якая мела беларускія карані, але ў спаборніцтвах выступала за Расею.

Той жа Шарапавай Азаранка саступала першы радок у 2012-м, але меней чым на месяц. Затым яна ўзначаліла рэйтынг да лютага 2013 году, пакуль на першае месца ня выйшла амэрыканка Сэрэна Ўільямс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG