У швайцарскім Ньёне прайшло лёсаваньне кваліфікацыі першынства Эўропы сярод жаночых зборных. Беларусь трапіла ў групу C1, дзе таксама апынуліся Кіпр, Грузія і Літва. Супольная група зь беларускамі не парадавала літоўскую фэдэрацыю, піша «Трыбуна».
Ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Літва пасьлядоўна трымаецца пазыцыі, што да яе заканчэньня расейскія і беларускія спартоўцы не павінны ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Год таму літоўскі Сейм аднагалосна прыняў рэзалюцыю, якая заклікае забараніць беларускі і расейскі ўдзел у Алімпіядзе-2024. Пры гэтым сваім спартоўцам спаборнічаць з прадстаўнікамі Беларусі і Расеі літоўскія палітыкі, адрозна ад латыскіх, не забаранялі.
З той пары зборныя спачатку сышліся ў футзале. Літва не хацела гуляць зь беларусамі, але пад пагрозай дыскваліфікацыі ад UEFA пагадзілася правесьці два матчы на нэўтральнай тэрыторыі ў Армэніі. Другі раз мусілі сустрэцца ўжо мужчынскія футбольныя зборныя ў стыкавых матчах за права застацца ў дывізіёне С Лігі нацыяў. Аднак адлучэньне Расеі ад спаборніцтваў было падоўжана, і каманда Карляса Алёса аўтаматычна захавала права гуляць у дывізіёне С, а Літва атрымала сабе ў пáру Гібральтар.
Цяпер гуляць зь Беларуссю павінна ўжо жаночая зборная Літвы. Аднак прэзыдэнт літоўскай фэдэрацыі футболу Эдгарас Станкявічус назваў чарговае перасячэньне зь беларускім супернікам праклёнам. А яшчэ заявіў, што гуляць з камандай Юрыя Малеева літоўскі бок ня мае намеру:
«Лёс гуляе з намі злы жарт. Над намі гэты праклён, які зводзіць нас зь Беларусьсю. Летась гулялі зборныя ў міні-футболе, павінны былі сустрэцца і мужчынскія зборныя ў вялікім, але ўдалося зманэўраваць і не згуляць. Цяпер фартуна „ўсьміхнулася“ жаночай зборнай. Калі казаць пра спартовы бок, то лёсаваньне цалкам спрыяльнае. Усе тры каманды можна перамагчы, але гуляць зь Беларусьсю мы дакладна не плянуем», — заявіў Станкявічус.
Капітан зборнай Мілда Люжынайце таксама сказала, што гуляць зь беларускамі Літва ня будзе, спадзеючыся, што каманда атрымае проста дзьве тэхнічныя паразы па 0:3 і зможа выйсьці з групы з другога месца.