Гэта, вядома ж, той яшчэ цырк — беларусы і беларускі плацяць падаткі, каб чынавенства прыдумляла, як яшчэ «закручваць гайкі». І, як той казаў, было б сьмешна, калі б не было так сумна, бо чыноўнікі не лянуюцца і прыдумляюць усё новыя формы зьдзекаў. Цяпер яны хочуць увесьці адміністрацыйную адказнасьць за «прапаганду нетрадыцыйных стасункаў, пэдафіліі, добраахвотнай адмовы ад нараджэньня дзяцей».
Як звычайна, я не разумею, пра якія менавіта традыцыі ідзе гаворка і што кепскага ў добраахвотнай адмове ад нараджэньня дзяцей, калі гэта адказнае і ўзважанае рашэньне. І, дзеля справядлівасьці, як можна прапагандаваць псыхічны разлад, пры якім сэксуальнае ўзбуджэньне выклікаюць дзеці да пубэртату, я таксама не разумею. Напэўна, супрацоўнікі пракуратуры мелі на ўвазе гвалт над дзецьмі, але было б добра, калі б людзі, якія пішуць законапраекты, ведалі сэнс словаў, якія яны ўжываюць. У такім выпадку якасьць жыцьця ў Беларусі істотна б павысілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі падрыхтавалі законапраект аб адказнасьці за «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносін». Раней падобны ўвялі ў РасеіУ гэтым тэксьце я хачу сфакусавацца на адным з напісаных праз коску аспэктаў, а менавіта — на прапагандзе добраахвотнай адмовы ад нараджэньня дзяцей. У перакладзе з чынавенскай мовы на беларускую гэта значыць вось што: нельга нікому расказваць, што дзеці — гэта вялікая адказнасьць, і што да іх нараджэньня трэба ставіцца сур’ёзна, што гэта павінна быць узважаным рашэньнем.
Дзяржаве проста трэба, каб было больш новых падаткаплатнікаў. А яшчэ каб у цяперашніх дарослых было менш часу на грамадзкую ці тым больш палітычную дзейнасьць. Ім трэба зрабіць так, каб людзі «не цікавіліся» палітыкай, каб яны не аб’ядноўваліся ў нейкія суполкі, каб ня ўздумалі нават займацца раённым, дваровым ці гарадзкім самакіраваньнем. А як гэта прасьцей і бясьпечней за ўсё зрабіць? Правільна, загрузіць людзей іншымі, больш прыземленымі клопатамі.
Гэта піраміда Маслаў у дзеяньні — спачатку трэба забясьпечыць базавыя патрэбы, а потым можна рухацца да больш высокіх матэрый. Спачатку — накарміць і апрануць дзяцей (і чым іх больш, тым дзяржаве лепей), а потым ужо думаць пра грамадзянскія правы і свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню праваслаўная краіна легалізавала аднаполыя шлюбыІ, вядома ж, дзяржава будзе расказваць байкі пра тое, што яна клапоціцца пра традыцыі і дабрабыт, але ж гэтыя байкі нельга ўспрымаць сур’ёзна. У цяперашнім сьвеце ў бяднейшых краінах з горшым ня тое што ўзроўнем, а доступам да базавай адукацыі нараджаюць больш, а ў разьвітых і багатых краінах — менш. Безумоўна, бываюць выключэньні, але тэндэнцыя менавіта такая.
Але цяперашнім уладам у Беларусі ня трэба, каб у людзей быў лепшы дабрабыт. Ім трэба, каб людзі ня мелі часу, сілы і веры ў сябе для пераменаў. Таму яны не прапагандуюць вышэйшую адукацыю так жа адчайна, як ідэю так званай традыцыйнай сям’і, дзе абавязкова павінны быць дзеці.
І як жа цынічна гэта выглядае на фоне нядаўніх навінаў пра дзетазабойствы, дзе, як мяркуецца, злачынства ўчынілі самі маці. Але такія гісторыі для дзяржавы — гэта адзінкавыя выпадкі, зь якіх яны ўпарта адмаўляюцца рабіць адэкватныя высновы. Лепш забараніць людзям расказваць, што жыць можна і безь дзяцей.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яна не піла, але з галавой стала не ў парадку». Што вядома пра трагедыю ў Воршы