Міністэрства юстыцыі Літвы зарэгістравала Праваслаўную царкву Літвы Канстантынопальскага патрыярхату — як традыцыйную дэнамінацыю.
Як паведаміла выданьне 15min.lt, дакумэнты аб рэгістрацыі Экзархату Ўсясьветнага патрыярхату ў Літве перадалі ў Віленскае аддзяленьне Цэнтру рэестру юрыдычных асобаў. Цяпер гэтая рэлігійная грамада зможа атрымліваць дзяржаўнае фінансаваньне.
«Экзархат Канстантынопальскага патрыярхату ў Літве набыў афіцыйную рэгістрацыю ў якасьці традыцыйнай дэнамінацыі. Статус „традыцыйнай рэлігіі“ дазволіць разьлічваць на некаторыя льготы, напрыклад на доступ да выкладаньня рэлігіі ў навучальных установах і фінансавую дапамогу зь бюджэту (невялікую, у адпаведнасьці з пакуль яшчэ невялікай колькасьцю вернікаў)», — патлумачыў у сваім фэйсбуку Аляксандар Шрамко.
Экзархат (прадстаўніцтва) Канстантынопальскага патрыярхату ў Літве ўзначаліў эстонец, ераманах Юстын. Да яго далучыліся праваслаўныя сьвятары, якія ў 2022 годзе не падтрымалі пазыцыі кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы Кірыла аб падтрымцы агрэсіі Расеі супраць Украіны. За гэты ўчынак іх пазбавілі сану і забаранілі служыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстантынопальскі патрыярхат падпісаў пагадненьне зь Літвой. Яно тычыцца і беларускіх вернікаўУ лютым 2023 году Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей аднавіў гэтых сьвятароў у сане. Пазьней да іх далучыліся беларускія сьвятары, Георгі Рой і Аляксандар Кухта якія ўцяклі ў Літву ад перасьледу ў Беларусі.
У сакавіку 2023 году патрыярх Варфаламей знаходзіўся ў Літве зь візытам.
Цяпер у Літоўскі экзархат Канстантынопальскага патрыярхату ўваходзяць 10 сьвятароў і 10 мясцовых праваслаўных грамад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўная грамада Канстантынопалю ў Літве зьвярнулася па дзяржаўную рэгістрацыю