Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстантынопальскі патрыярхат падпісаў пагадненьне зь Літвой. Яно тычыцца і беларускіх вернікаў


Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце і Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей на падпісаньні пагадненьня ў Вільні
Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце і Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей на падпісаньні пагадненьня ў Вільні

Размова падчас візыту ішла аб заснаваньні мясцовай структуры Усясьветнага патрыярхату. Сустрэча скончылася падпісаньнем дакумэнтаў.

Візыт Усясьветнага (Канстантынопальскага) патрыярха Варфаламея ў Вільню скончыўся падпісаньнем пагадненьня зь літоўскімі ўладамі. Пагадненьне прадугледжвае канкрэтныя крокі па інстытуцыялізацыі ў краіне структур Усясьветнага патрыярхату, адкрываючы для іх магчымасьці будаваць і бязвыплатна арэндаваць у дзяржавы храмавыя памяшканьні, ажыцьцяўляць місіянэрскую, адукацыйную і дабрачынную дзейнасьць.

Клірыкі Усясьветнага патрыярхату ў Літве атрымаюць такі ж прававы статус, як і святары іншых традыцыйных канфэсій Літвы.

Дакумэнт з Канстантынопальскім патрыярхатам падпісвала прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце. Яна падкрэсьліла, што рашэньне Ўсясьветнага патрыярхату задаволіць апэляцыю пяці літоўскіх праваслаўных сьвятароў, аднавіць іх рэлігійны статус і прыняць у Царкву-Маці пасьля рашэньня патрыярха Маскоўскага Кірыла выключыць іх з духавенства, — гэта важны крок у забесьпячэньні рэлігійнай свабоды ў Літве.

Таксама яна падкрэсьліла, што рашэньне аб вяртаньні Экумэнічнага патрыярхату ў Літву можа прыняць толькі ён сам. Аднак яна адзначыла, што магчымасьць вызнаваць сваю веру без канфлікту з сумленьнем важная ня толькі для праваслаўных грамадзян Літвы грэцкага і ўкраінскага паходжаньня, але і для ўкраінцаў, якія ўцяклі ад разьвязанай Расеяй вайны, і для беларусаў, якія праз рэпрэсіі на радзіме пераехалі ў Літву.

Падчас паездкі Варфаламей сустрэўся ня толькі з прадстаўнікамі ўлады, але і з адноўленымі ў сане сьвятарамі і вернікамі.

Раней з просьбай аб заснаваньні мясцовай структуры Ўсясьветнага патрыярхату да патрыярха Варфаламея зьвярталіся розныя нацыянальныя грамады Літвы, у тым ліку беларуская і ўкраінская.

У карыстаньне праваслаўных вернікаў Канстантынопальскага патрыярхату ў Вільні перадалі храм у гонар сьвятога Мікалая ў Лукішках. Гэта адзін зь нямногіх культавых будынкаў, што гістарычна належалі Праваслаўнай царкве, але не былі перададзены ва ўласнасьць мясцовай эпархіі РПЦ, напісаў напярэдадні візыту ў сваім тэлеграм-канале айцец Аляксандар Шрамко.

Таксама ён паведаміў, што напярэдадні візыту патрыярха Канстантынопальскага ўпершыню літургія ў саслужэньні сьвятароў Канстантынопальскага патрыярхату ў Вільні прайшла ў будынку названага храма.

Пераход сьвятароў з РПЦ у Сусьветны Патрыярхат. Што гэта значыць

Два беларускія праваслаўныя сьвятары перайшлі зь Беларускай праваслаўнай царквы, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату, у Канстантынопальскі (Усясьветны) патрыярхат. Гэта зрабілі Аляксандар Кухта і Георгі Рой.

Пераход з адной юрысдыкцыі ў іншую, напрыклад пры зьмене месца жыхарства, — звычайная практыка, і для яе распрацавана кананічная працэдура, якая дазваляе пазьбягаць злоўжываньняў: сьвятар просіць у свайго япіскапа дакумэнт, «адпускную грамату», якая пацьвярджае, што сьвятар не знаходзіцца пад кананічнымі пакараньнямі, да яго няма прэтэнзій з боку ранейшага кіраўніцтва.

На падставе гэтай адпускной граматы сьвятара прымае новы архірэй. У РПЦ пры пераходзе ў іншую памесную царкву патрабуецца рашэньне Сыноду, нават экзарх БПЦ МП такога рашэньня прыняць ня можа, пісала «Хрысьціянская візія».

Аднак беларускія сьвятары Кухта і Рой не маглі заставацца ў Беларусі, бо ім пагражала небясьпека з боку цывільных уладаў. Крок зьмены царкоўнай юрысдыкцыі ў іхным выпадку быў маральна вымушаны. Кіраўніцтва РПЦ падтрымала вайну, і для некаторых сьвятароў гэта з маральных прычын не дае магчымасьці заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату і асацыяваць сябе зь ім.

Акрамя таго, Маскоўскі патрыярхат знаходзіцца ў зацяжным канфлікце з Усясьветным патрыярхатам. Раней Масква спыніла эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопалем, таму ў рамках звычайнай працэдуры перайсьці з адной юрысдыкцыі ў другую ў гэты момант немагчыма.

Усясьветны патрыярхат — першы сярод роўных у структуры памесных праваслаўных цэркваў, ён выступае як найвышэйшая апэляцыйная інстанцыя, таму ў выключных выпадках можа скарыстацца правам прымаць сьвятароў у сваю юрысдыкцыю без адпускной граматы. Гэтак адбылося з айцамі Кухтам і Роем.

РПЦ лічыць незаконнай любую зьмену юрысдыкцыі без захаваньня фармальнай працэдуры. Таму выдала ўказы аб забароне Рою і Кухту ў служэньні.

Але для Канстантынопаля і ўсіх памесных цэркваў, апрача РПЦ, яны дзейныя сьвятары. Усясьветны патрыярхат афіцыйна прыняў іх 6 красавіка 2023 году, і цяпер яны знаходзяцца ў прамым падпарадкаваньні патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG