Званы з Варонежа
Каля Калоскай царквы ў Горадні вырашылі паставіць званіцу. Яна разьмесьціцца за 10 мэтраў ад царквы на невялікім узвышшы. Плошча пляцоўкі — каля 50 «квадратаў», піша газэта «Звязда» са спасылкай на галоўнага архітэктара праектнага інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Аляксандра Захарчука.
Званіца будзе крыжападобнай формы. Канструкцыя — з дрэва. Ужо пачалі расьпілоўваць дуб пад яе. Новы аб’ект накрыюць такой самай бляхай, як і Каложу. У званіцы разьмесьцяць 9 званоў. Восем ужо прывезьлі з расейскага Варонежа. Самы галоўны звон вагой 1,3 тоны ўжо таксама адлілі і неўзабаве прывязуць у Горадню.
Вакол званоў паставяць мэталічную агароджу вышынёй 1,2 мэтра «ад вандалізму». На крыжы і браме званіцы зробяць вітражы з рознакаляровай пліткай, якая мае нагадваць тую, што на царкве. Пляцоўку выбрукуюць камянямі.
Пабудову прымеркавалі да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Першы звон на званіцы, як абяцаюць, прагучыць сёлета 9 траўня.
Старая званіца не захавалася
Старая званіца, якая існавала ля Каложы, не захавалася да сёньняшніх дзён. Ёсьць дапушчэньне гісторыкаў, што першапачаткова ў XII стагодзьдзі званіца была ўбудаваная ў правую частку храма. Аргумэнтаў за гэта некалькі.
Па-першае, справа фасад царквы шырэйшы, чым зьлева. Па-другое, справа на фасадзе Каложы няма выяваў крыжоў, як зьлева. Імаверна, таму, што гэта была ўнутраная сьцяна, якую закрывала званіца. Па-трэцяе, у падмурку ваўкавыскай царквы, якая належыць да горадзенскай архітэктурнай школы, адведзена месца пад такую званіцу.
Першая званіца пры Каложы, падобна, была невялікая, а званар, калі званіў, не ўзьбіраўся па сходах, а стаяў на зямлі. Выяваў таго часу не захавалася. У 1853 годзе правая частка царквы абрынулася ў Нёман, таму дасьледаваць месца званіцы ўжо немагчыма.
Пазьнейшая барочная званіца XVIII ст. каля Каложы відаць на малюнку Напалеона Орды. Яна ўжо стаіць асобна, з другога боку царквы.
«Двух’ярусная званіца квадратнай формы была ўстаноўлена збоку ад алтара. На пачатку ХХ стагодзьдзя яна перабудавана і ўяўляе сабой форму брамы — два стаўбы, перакрытыя невялікім дахам, дзе высока на перакладзіне разьмешчаны званы», — расказаў газэце «Звязда» настаяцель Барысаглебскай царквы Аляксандар Балоньнікаў.
Сьвятар дадаў, што ў часы Расейскай імпэрыі на звоналіцейным заводзе братоў Усачовых для Каложы адлілі звон вагай амаль 3,5 тоны (210 пудоў). Гэтую інфармацыю знайшлі ў архіве.
Калі разабралі званіцу XVIII стагодзьдзя і дзе цяпер званы ад яе, невядома.
«Званіца будзе дысгарманаваць з царквой»
Гісторык архітэктуры Мечыслаў Супрон расказаў, што ня так са званіцай, якую будуюць каля Каложы.
«Па-першае, званіца будзе дысгарманаваць з Калоскай царквой, без патрэбы акцэнтаваць на сябе ўвагу. Па-другое, вельмі дзіўны густ архітэктараў і замоўцы, якія спраектавалі гэты аб’ект. Вельмі нагадвае павільён на базары з каванай абгародкай як на могілках. Вельмі спрэчны аб’ект, пазбаўлены якіх-небудзь мастацкіх вартасьцяў. Гэта нейкі кіч», — камэнтуе гісторык.
На ягоную думку, аптымальным рашэньнем было б аднавіць барочную званіцу XVIII стагодзьдзя, якую адлюстраваў на сваіх малюнках Напалеон Орда.
«Зробленая з дрэва і крытая гонтам, такая званіца прыгожа б дапаўняла архітэктуру храма, вяртала б страчаны гістарычны выгляд», — мяркуе спэцыяліст.
Мечыслаў Супрон зьвяртае ўвагу, што ў XVIII стагодзьдзі, калі пабудавалі гэтую званіцу, храм належаў базыльянам (уніятам).
«Для РПЦ уніяцтва — ідэалягічны вораг. РПЦ актыўна зьнішчае матэрыяльную ўніяцкую спадчыну (варта ўзгадаць зьнішчэньне барочнага алтара ў Жыровіцах), лепіць на барочныя храмы не характэрныя для нашага гісторыка-архітэктурнага асяродзьдзя залатыя цыбуліны», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калоскай царкве ХІІ стагодзьдзя замянілі драўляную сьцяну. І гэта толькі першы этап рамонту