Мікалай Карпянкоў амаль ніколі ня меў добрых адносін зь міністрамі ўнутраных спраў, але пры гэтым утрымліваў свае пасады. Паразмаўлялі пра адыёзнага сілавіка з былымі таварышамі Карпянкова па службе, яго знаёмым і дзейным афіцэрам беларускага МУС.
Апошнія некалькі месяцаў у беларускіх СМІ ўсё часьцей гучыць параўнаньне кіраўніка ўнутраных войскаў, намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова са стваральнікам ПВК «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным. Першым пра гэта загаварыў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка, потым тое ж паўтарыў былы дэсантнік, сын Валерыя Сахашчыка Аляксандар.
Сам Карпянкоў на вучэньнях прадстаўнікоў спэцпадразьдзяленьняў зьявіўся з шаўронам «Вагнэра». Сьцяг расейскай прыватнай вайсковай кампаніі лунае ў вайсковай частцы 3310 у Менску.
Якая рэпутацыя ў Карпянкова? Чаму ў яго былі канфлікты з Шуневічам і Караевым? Ці можа ён стаць супернікам Лукашэнкі? Свабода паразмаўляла пра гэта з былымі таварышамі Карпянкова па службе, ягоным знаёмым і дзейным афіцэрам беларускага МУС.
Родам з Хоцімскага раёну
Афіцыйная біяграфія Мікалая Карпянкова досыць сьціплая. Паведамляецца, што ён нарадзіўся ў 1968 годзе ў Менску. Пры гэтым нават не было да канца вядома, ці беларус ён з паходжаньня.
Дзякуючы базе BelPol Свабодзе ўдалося даведацца, што бацькі Мікалая Карпянкова нарадзіліся ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласьці. Гэта самы-самы ўсход Беларусі, за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Расеі.
Бацька Мікалай Фядотавіч паходзіць зь вёскі Янапольле. Маці — Марыя Рыгораўна — зь Бярозкі. Абаіх бацькоў сілавіка ўжо няма сярод жывых.
Карпянкоў вучыўся ў Менскай сувораўскай вучэльні, потым праходзіў падрыхтоўку на танкіста ў расейскім Ульянаўску. Пачынаў як вайсковец. Але ў 1993 годзе трапіў на службу ў міліцыю.
«Пяць хвілін пагаворыш — як разумную кніжку прачытаеш»
У 1995 годзе Мікалай Карпянкоў трапляе ў службу бясьпекі Лукашэнкі. Ужо ў 2001-м становіцца старшым ад’ютантам яе 1-га аддзелу. Магчыма, менавіта з таго часу ў Карпянкова засталіся добрыя адносіны з Андрэем Уцюрыным, які ўзначальваў службу бясьпекі Лукашэнкі, а потым стаў намесьнікам дзяржсакратара Рады бясьпекі.
Аляксандар Азараў, які працаваў разам з Карпянковым у ГУБАЗіКу, успамінае, што той пры ім тэлефанаваў Уцюрыну, каб вырашыць тыя ці іншыя пытаньні.
«Размаўлялі па-сяброўску. Калі Карпянкоў хацеў да кагосьці падлізацца, то казаў так: „З вамі пяць хвілін пагаворыш, і нібыта разумную кніжку прачытаў“. Тое самае ён казаў Уцюрыну».
У 2020 годзе Андрэй Уцюрын быў асуджаны на 12 гадоў калёніі за хабар.
«Хто мацнейшы: „Алмаз“ ці „Альфа“?»
Ад 2003 да 2010 году Мікалай Карпянкоў узначальваў спэцпадразьдзяленьне па барацьбе з тэрарызмам МУС «Алмаз».
Ён зрабіў „Алмаз“ сапраўднай баявой арганізацыяй. „Алмаз“ не такі вялікі, за час яго кіраўніцтва там было 100–120 чалавек
«Ён зрабіў „Алмаз“ сапраўднай баявой арганізацыяй. „Алмаз“ не такі вялікі, за час яго кіраўніцтва там было 100–120 чалавек. Восем груп па дзесяць чалавек плюс кіраўніцтва. У іх зьявілася на Грушаўцы база, ён выбіў памяшканьне, падцягнуў добрых інструктараў з БФСА „Дынама“, быў апантаны ідэяй „Алмазу“», — расказвае былы калега Мікалая Карпянкова, які паразмаўляў са Свабодай на ўмовах ананімнасьці.
Суразмоўца расказвае, што на базу да «Алмазу» прыяжджалі і калегі зь Літвы, Нямеччыны, іншых краін Эўразьвязу. Самі «алмазаўцы» таксама нярэдка езьдзілі на Захад для абмену досьведам. Карпянкову было цікава, як працуюць такія спэцпадразьдзяленьні ў розных краінах.
«Неяк пытаўся ў Карпянкова, хто мацнейшы — „Алмаз“ ці „Альфа“, і ён казаў, што і там, і там адны інструктары. Але ў „Алмазе“ выезды кожны дзень, ці мінімум тры разы на тыдзень, а ў „Альфы“ — 1–2 выезды ў месяц. І гэты досьвед шмат пра што гаворыць», — працягвае аповед калега.
Былы сілавік кажа, што Карпянкоў змог стварыць такую атмасфэру, калі байцы ўспрымалі «Алмаз» як адну сям’ю. І пра гэтым яму ўдавалася кантраляваць людзей, у якіх шмат энэргіі і адрэналіну.
У 2006 годзе Мікалай Карпянкоў адзначыўся тым, што браў удзел у затрыманьні кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Таксама, меркавана, ён страляў у аўтамабіль Юрыя Радзівіла, кіроўцы былога кандыдата ў прэзыдэнты.
«Ён любіў успамінаць службу ў „Алмазе“. Расказваў, што некалькі разоў быў блізкі да сьмерці. Успамінаў, як бандыт аднойчы хаваўся ад іх са зброяй у канапе. Пры гэтым Карпянкоў заўсёды насіў з сабой нож на назе і марыў, каб на яго хтосьці напаў, каб была магчымасьць прымяніць», — расказвае Аляксандар Азараў.
«Карпянкова не любілі ўсе міністры»
На той час Міністэрства ўнутраных спраў узначальваў Уладзімер Навумаў, выхадзец з «Алмазу». Зь ім у Карпянкова, як расказваюць крыніцы Свабоды, былі добрыя камунікацыі. А вось з наступнымі міністрамі — Ігарам Шуневічам і Юрыем Караевым — адносіны ня ладзіліся.
Карпянкова не любілі ўсе. Ён нахер пасылаў міністраў, і ніхто нічога зрабіць ня мог. Ён умеў наводзіць масты, сувязі.
«Карпянкова не любілі ўсе. Ён нахер пасылаў міністраў, і ніхто нічога зрабіць ня мог. Ён умеў наводзіць масты, сувязі. У прыватных размовах умее знайсьці падыход да чалавека, правільна пачаставаць, пахваліць. Вялікі талент у маніпуляцыі. Ён адкрыта казаў, што Шуневіч «жо...рукий инвалид», ні на што ня здольны. І з Караевым адносіны былі ня вельмі. Ён успрымаў гэта так: «Хто такі нейкі там Караеў — гэта не раўня Карпянкову», — расказвае знаёмы сілавіка.
Суразмоўца працягвае, што Карпянкоў здольны «ісьці да сваёй мэты па трупах», але не напралом, а хітрасьцямі і маніпуляцыямі.
«Карпянкоў — псыхапат. Ён можа быць вельмі абаяльным чалавекам. А маладыя спэцназаўцы ўспрымаюць яго як боства. Ён мае дар перакананьня. Да многіх людзей ён мае падыход», — кажа колішні знаёмы.
Дзейны афіцэр МУС сказаў Свабодзе, што зь цяперашнім міністрам Іванам Кубраковым у Карпянкова таксама досыць складаныя адносіны праз ідэю Карпянкова вывесьці ўнутраныя войскі з падначаленьня міністра і стварыць аналяг расейскай Нацыянальнай гвардыі.
«Карпянкова не любіла кіраўніцтва МУС, бо ён мог лезьці праз галаву. Ён павінен як кіраўнік ГУБАЗіКу ўсё вырашаць з намесьнікам міністра, а ён адразу ішоў да Рады бясьпекі», — расказвае Азараў.
Напрыканцы 2010 году Мікалая Карпянкова зьнялі з пасады камандзіра «Алмаза». Адбылося гэта неўзабаве пасьля зьбіцьця кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Па шматлікіх сьведчаньнях, у тых падзеях Карпянкоў браў непасрэдны ўдзел.
«Сталі прыцягваць да адказнасьці задняй датай»
У 2012–2014 гадах Мікалай Карпянкоў узначальваў упраўленьне па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі (УПНіПГЛ) крымінальнай міліцыі МУС.
«Што тычыцца гандлю людзьмі, то мелася на ўвазе спыненьне перапраўкі беларускіх дзяўчат у ААЭ, хоць там 9 з 10 дзяўчат самі гэтаму былі рады. Мне здаецца, тады займаліся перападзелам гэтага рынку на карысьць дзяржавы», — расказаў Свабодзе былы сілавік.
А вось за барацьбу з наркотыкамі Карпянкоў узяўся даволі апантана. Паводле словаў суразмоўцы, яму ўдалося згуртаваць вакол сябе дастаткова моцную каманду.
«Увогуле, ці ёсьць іншыя прэцэдэнты, што іншы чыноўнік ці сілавік можа зьмяніць заканадаўства? Ніяк не атрымлівалася зьмяніць антынаркатычнае заканадаўства ў Беларусі, і тады Карпянкоў нейкім чынам змог падлезьці да Лукашэнкі з гэтым пытаньнем», — расказвае колішні знаёмы.
Суразмоўца падкрэсьлівае, што менавіта па антынаркатычным заканадаўстве ў Беларусі ўпершыню пачала прымяняцца практыка прыцягваньня да адказнасьці «задняй датай».
«Тое самае, што цяпер робяць у палітычных працэсах. Калі я гляджу на ўсе новаўвядзеньні, рэпрэсіі, то разумею: Карпянкоў — архітэктар усяго гэтага. Пашпарты, даверанасьці. Я ўпэўнены, што з гэтым працуе асабіста Карпянкоў», — кажа ягоны знаёмы.
Супраць фанатаў і анархістаў
У верасьні 2014 году Мікалай Карпянкоў стаў кіраўніком Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Дзейны супрацоўнік міліцыі растлумачыў Свабодзе, што ўзначаліць «Галоўнае ўпраўленьне» лічылася ганаровым, бо гэта зусім іншыя заробкі і званьні ў параўнаньні з проста «ўпраўленьнем».
За сабой з УПНіПГЛ Карпянкоў перацягнуў Міхаіла Бедункевіча (той стаў ягоным намесьнікам) і Аляксандра Алёксу, які пазьней стаў намесьнікам кіраўніка 3-га ўпраўленьня ГУБАЗіК, вядомы па затрыманьні анархіста Міколы Дзядка.
«У ГУБАЗіКу займаліся футбольнымі фанатамі і анархістамі. Яны прааналізавалі пасьля падзей у Кіеве ў 2014 годзе, што ўдарнай сілай рэвалюцыі былі менавіта фанаты. Яны могуць арганізавацца, не баяцца супрацоўнікаў міліцыі. ГУБАЗіК пачаў граміць іх асяродкі», — расказвае былы калега Карпянкова.
Пры гэтым у кіраўніка ГУБАЗіКа ўзьнік канфлікт зь Сяргеем Румасам, які на той час узначальваў Банк разьвіцьця і быў кіраўніком Беларускай фэдэрацыі футболу.
Карпянкоў счапіўся з Румасам. Проста так Румаса Карпянкоў зьняць ня мог. Тады ён пайшоў па фірмах, якія фінансавалі фэдэрацыю футболу, і пачаў іх прэсаваць
«Карпянкоў счапіўся з Румасам. Проста так Румаса Карпянкоў зьняць ня мог.
Тады ён пайшоў па фірмах, якія фінансавалі фэдэрацыю футболу, і пачаў іх прэсаваць.
У АБФФ тады пачаліся фінансавыя праблемы, таму фактычна яны самі сталі зьліваць фанатаў», — кажа была калега Карпянкова.
Што тычыцца анархістаў, то зь імі таксама «працавалі» як зь людзьмі, здольнымі да аб’яднаньня і гатовымі пайсьці на ўчынак дзеля ідэі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Карпянкова нават Лукашэнка ідзе на другім месцы пасьля Пуціна», — былы супрацоўнік ГУБАЗіКу Станіслаў Лупаносаў
«Яны жывуць як крымінальная банда»
Усе суразмоўцы Свабоды адзначаюць, што Карпянкоў — вялікі працаголік. Ён выходзіў на працу амаль кожныя выходныя.
«Ён чалавек вельмі сыстэмны. Мне расказвалі, што Карпянкоў кожны свой дзень занатоўваў у штодзёньнік. Дзе ён быў і чым займаўся ў кожную гадзіну. У яго стэляжы штодзёньнікаў. У яго вырашэньне праблем заўсёды ў графіках, у картах, вельмі па-вайсковаму, згодна з стратэгіяй. Каго ўзяць, каго пасадзіць», — расказвае ягоны знаёмы.
Карпянкова нельга было ўбачыць на працы падпітага ці з пахмельля. Езьдзіў на старым «мэрсэдэсе», хоць ягоныя намесьнікі і кіраўнікі ўпраўленьняў мелі куды лепшыя і навейшыя аўто.
«Ужо ў 2015 годзе Карпянкова і Бедункевіча вельмі баяліся іншыя міліцыянты, я бачыў гэта на свае вочы. Яны ўжо тады былі каралямі, што гаварыць пра цяперашнія часы. Карпянкоў умее распраўляцца са сваімі апанэнтамі, а апанэнты ў яго бываюць і ўнутры сыстэмы. Ён у тым ліку ненавідзеў Шуневіча — за тое, што той былы кадэбэшнік», — расказвае знаёмы намесьніка міністра.
Усе суразмоўцы Свабоды падкрэсьліваюць, што ў ГУБАЗіКу створаная такая сыстэма, што проста так адтуль сысьці немагчыма.
Яны між сабой жывуць як прадстаўнікі крымінальнай банды. Нельга проста так узяць і сысьці з ГУБАЗіКу. Будуць праблемы
«Яны між сабой жывуць як прадстаўнікі крымінальнай банды. Нельга проста так узяць і сысьці з ГУБАЗіКу. Будуць праблемы. І сваіх абараняюць любой цаной. І ня самых разумных людзей гэта падкупляе. Я ведаю хлопцаў, якія служылі ў ГУБАЗіКу, былі цалкам адэкватнымі, але цяпер сталі гестапаўцамі. Прамытыя мазгі цалкам», — кажа знаёмец Карпянкова.
Аляксандар Азараў таксама згаджаецца, што ў Карпянкова была рэпутацыя чалавека, які стаіць за сваіх гарой. Праўда, Азараў кажа: калі ў яго ўзьнік канфлікт зь Бедункевічам, то Карпянкоў стаў на бок апошняга. Аднак пры гэтым дапамог з працаўладкаваньнем у Акадэмію МУС.
«Быў вельмі разгублены»
Былы калега Карпянкова расказвае, што яму дакладна вядома аб тым, што дзесьці з 2019 году кіраўнік ГУБАЗіКу стаў езьдзіць па прыватных фірмах у Менску і шукаць сабе працу кіраўніка службы бясьпекі. Справа ў тым, што ў яго канчаўся кантракт, і на працяг ён ня вельмі разьлічваў.
«У той час ён быў вельмі разгублены», — кажа суразмоўца.
У свой дзень нараджэньня 6 верасьня 2020 году Мікалай Карпянкоў зь іншымі таварышамі па службе стаў дубінкамі калаціць шыбы кавярні O’Petit у Менску. Кажуць, што гэта магло ўратаваць яго ад адстаўкі.
Ён моцны і харызматычны чалавек. Яго часта апісваюць як дэбіла, які граміў дубінкамі кафэ, але гэта далёка ня так
«Ён моцны і харызматычны чалавек. Яго часта апісваюць як дэбіла, які граміў дубінкамі кафэ, але гэта далёка ня так. Ён разумны, адукаваны, мэтанакіраваны і сыстэмны. У цывільным адзеньні ў яго добрая выпраўка, добрая харызма. Не адразу скажаш, што перад табой вайсковец. Ён умее гаварыць бяз матаў, але і з матамі. Тое, што ён спэцназавец, выдаюць толькі частыя паўторы. Паглядзіце нядаўнія інтэрвію з Сахашчыкам-малодшым, там тое самае. Людзі звыклі кантраляваць тое, што кажуць», — расказвае экс-калега.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзеці Кубракова». Расказваем пра «патрыятычныя клюбы» МУС, куды ўцягнутыя 4,5 тысячы маладых беларусаў
«Карпянкоў можа зьнішчыць Лукашэнку»
Іншы знаёмы Карпянкова перакананы, што пасада міністра ўнутраных спраў — гэта ня той максымум, на які ён разьлічвае.
Думаю, ён марыць стаць шэфам усёй Беларусі. У яго рэпутацыя празь СМІ ланцуговага сабакі рэжыму, але людзі да канца не разумеюць, кім ён ёсьць
«Думаю, ён марыць стаць шэфам усёй Беларусі. У яго рэпутацыя празь СМІ ланцуговага сабакі рэжыму, але людзі да канца не разумеюць, кім ён ёсьць. Гэта чалавек зь вельмі неардынарнымі здольнасьцямі і мысьленьнем. Я не выключаю, што калісьці менавіта Карпянкоў зьнішчыць Лукашэнку», — кажа яго знаёмы.
Былы калега Карпянкова так ня лічыць. І ўзгадвае, як расейскі пісьменьнік Барыс Акунін увёў у мову японскае слова «акунін», што значыць нягоднік, але і выбітная асоба, якая верная свайму гаспадару.
«Вось гэта пра Карпянкова. Калі ён стане новым міністрам, то Кубракоў можа падацца простым пацанёнкам на яго фоне».
«Яго ня трэба недаацэньваць. Ён будуе стратэгічную сыстэму. Дзіцячыя лягеры — гэта небясьпечная рэч, ён думае на 10 гадоў наперад. Калісьці з нашага боку гэтак жа працаваў Сяргей Бульба зь „Белым легіёнам“, яны людзі аднаго гарту. Ён цэльны чалавек, які імкнецца да сваёй мэты», — лічыць былы таварыш па службе.
«Дырлевангер нашых дзён»
У Мікалая Карпянкова адзіны сын. Крыніцы Свабоды расказваюць, што ў 2020 годзе, калі пачаліся пратэсты, бацька адразу прыставіў да яго ахоўніка. Сам Карпянкоў таксама ходзіць з ахоўнікам.
Сыну Ігару 33 гады. Ён працуе ў 5-м упраўленьні ГУБАЗіКу. Пра яго ёсьць розныя сьведчаньні. Адны кажуць, што гэта спакойны хлопец, якому ня надта падабаецца ўвага праз бацьку. Паводле іншых, наадварот — ён «пантарэз». І, магчыма, таксама браў удзел у біцьці шыбаў у кавярні O’Petit.
Менавіта пры Карпянкову ГУБАЗіК атрымаў функцыі палітычнай паліцыі. Яны запісваюць «пакаяльныя» відэа, удзельнічаюць у прыніжэньнях і катаваньнях зьняволеных.
«Я памятаю, калі ГУБАЗіК затрымаў фаната і ваяра „Азова“ Стаса „Тэрор-Машыну“ Ганчарова, то там вельмі радаваліся, што на яго фоне можна казаць, што ўсе фанаты — нацысты. У Ганчарова на сьпіне была татуіроўка з эсэсаўцам Оскарам Дырлевангерам. Я вось нагаварыў, які Карпянкоў абаяльны, сыстэмны і разумны. Але пры гэтым трэба сказаць, што гэта Дырлевангер нашых дзён. З папраўкай, што пакуль у Беларусі не ваенны час, таму ён ня можа расстрэльваць мірнае насельніцтва. Збудаваная сыстэма цалкам нацысцкая, гестапаўская, і пра гэта ні ў якім разе нельга забывацца», — кажа былы калега Карпянкова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпянкоў расказаў, колькі байцоў у новых падразьдзелах Унутраных войскаў