Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Карпянкова нават Лукашэнка ідзе на другім месцы пасьля Пуціна», — былы супрацоўнік ГУБАЗіКу Станіслаў Лупаносаў


Былы падпалкоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, а цяпер удзельнік аб'яднаньня былых беларускіх сілавікоў BYPOL
Былы падпалкоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, а цяпер удзельнік аб'яднаньня былых беларускіх сілавікоў BYPOL

Прадстаўнік ByPol пра кіраўніцтва ГУБАЗіКу, «русский мир» і чаму ў міліцыі шмат садыстаў.

Станіслаў Лупаносаў працаваў у ГУБАЗіКу ад лета 2020 да канца восені таго ж году. Менавіта Лупаносаў змог вывесьці за мяжу вялікую частку міліцэйскіх базаў. Па прыезьдзе ў Варшаву Лупаносаў стаў супрацоўнічаць з ініцыятывай былых сілавікоў ByPol.

Вялікае інтэрвію са Станіславам Лупаносавым глядзіце на Youtube-канале Радыё Свабода.

«Думаю, што ідэя пераўтварыць ГУБАЗіК у палітычную паліцыю належала Карпянкову і Бедункевічу», — кажа Лупаносаў.

Мікалай Карпянкоў у 2020 годзе ўзначальваў ГУБАЗіК, Міхаіл Бедункевіч быў ягоным намесьнікам, кіраўніком упраўленьня па супрацьдзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці.

«Карпянкоў — „русскомирный“ чалавек, ягоныя тэзісы цалкам „русскомирные“. Ён цалкам за Расею, за Пуціна. Што цікава, для яго нават Лукашэнка ідзе на другім месцы. Ён гэта агучваў на нарадзе, куды паклікаў мяне і вэрбаваў, каб я займаўся справай Ціханоўскага. У кабінэце быў ня толькі Карпянкоў, але і Бедункевіч. Праўда, гаварыў толькі Карпянкоў. Ён любіць паразмаўляць, праўда, яго ідэі часам сыходзяць у космас», — расказвае Лупаносаў.

Паводле былога супрацоўніка ГУБАЗіКу, Карпянкоў гаварыў пра тое, што ў сьвеце засталіся толькі тры сапраўдныя лідэры — Пуцін, Лукашэнка і Трамп.

«Трампа назваў, бо ён яшчэ быў прэзыдэнтам ЗША. Карпянкоў не цікавіўся ні сацыяльнымі сеткамі, нічым, не разумеў, што Трампа ўжо не пераабяруць. Гэта ж было бачна, што Трамп — зьбіты лётчык».

Што тычыцца Бедункевіча, то яго Лупаносаў характарызуе як «„русский мир“ галаўнога мозгу».

«Там беларускасьці няма зусім, хоць ён нарадзіўся ў Магілёўскай вобласьці. Яго „русскомирскость“ заключаецца ў ідэях, поглядах, працы. Нічога беларускага там. У перасьледзе беларусаў. Як яны ў трэцім упраўленьні катуюць людзей на першым паверсе — гэта ўсё ідзе са згоды Бедункевіча. Хіба ён ня чуе гэтага ўсяго, калі адбываецца ў суседніх кабінэтах? Натуральна, чуе. Яму дае гэта інфармацыю, падзяку, званьні, зорачкі і пашану».

Свабода пацікавілася ў Лупаносава, ці ёсьць сярод супрацоўнікаў ГУБАЗіКу садысты.

Былы падпалкоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, а зараз удзельнік аб'яднаньня былых беларускіх сілавікоў BYPOL падчас інтэрвію
Былы падпалкоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, а зараз удзельнік аб'яднаньня былых беларускіх сілавікоў BYPOL падчас інтэрвію

«Некаторыя ёсьць, на жаль, садысты. Мабыць, кепская ў нас праверка ў цэнтральнай лекарскай камісіі, калі дапускаюць такіх людзей у міліцыю».

Суразмоўца Свабоды кажа, што «абсалютна выключае» такі сцэнар, што Карпянкоў можа стаць наступным кіраўніком Беларусі.

«Яго іншыя генэралы ня любяць. Той жа Кавалёў (начальнік галоўнага ўпраўленьня МУС па супрацьдзеяньні кібэрзлачыннасьці [Упраўленьня „К“]. — РС) вельмі нэгатыўна выказваўся заўсёды пра Карпянкова: „Куды ты ідзеш? Да Карпянкова? Ды хто ён такі?“ Было такое. У Карпянкова амбіцыі ёсьць стаць міністрам мінімум».

Пры гэтым Лупаносаў падкрэсьлівае, што на сёньняшні дзень варыянту стаць пераемнікам Лукашэнкі няма ў ніводнага зь сілавікоў.

«Расклад сілаў такі, што такое немагчыма. Што тычыцца Качанавай, то расклад сілаў на яе карысьць хіба толькі юрыдычна, калі ўсё будзе ісьці паводле нейкіх юрыдычных нормаў», — перакананы Станіслаў Лупаносаў.

Былы падпалкоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, а зараз удзельнік аб'яднаньня былых беларускіх сілавікоў BYPOL падчас інтэрвію
Былы падпалкоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, а зараз удзельнік аб'яднаньня былых беларускіх сілавікоў BYPOL падчас інтэрвію

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG