Расказваем пра паказальную «чырвоную зону» для «першаходаў», у якой за апошні год памерлі два палітвязьні.
Ад гарбачоўскага ЛПП да папраўчай калёніі
У 1985 годзе пасьля вядомага гарбачоўскага ўказу аб барацьбе з п’янствам у гарадзкім пасёлку Віцьба, што за 9 кілямэтраў ад абласнога цэнтру, зьявіўся лячэбна-працоўны прафілякторый. У 1992 годзе ЛПП ператварылі ў выхаваўча-працоўную калёнію для непаўналетніх. Але падлеткаў там было зусім мала і зь лютага 2005 году тут знаходзіцца папраўчая калёнія «Віцьба-3» агульнага рэжыму для дарослых.
Пасьля таго, як у 2007 годзе закрылі менскую ПК-1, што знаходзілася на вуліцы Кальварыйскай, «Віцьбу-3» вырашылі пераўтварыць у паказальную «чырвоную зону» для «першаходаў». І цяпер «Віцьба» лічыцца «элітнай» і ўзорна-паказальнай — там адбываюць пакараньне былыя чыноўнікі і супрацоўнікі праваахоўных органаў (міліцыянты, сьледчыя, судзьдзі, пракуроры), карупцыянэры, а таксама іншаземцы.
У 2011 годзе на тэрыторыю «Віцьбы» са старога рэспубліканскага турэмнага шпіталя пераехала псыхіятрычнае аддзяленьне. Цяпер тут таксама працуе псыхіятрычная лякарня, куды прывозяць зьняволеных пацыентаў з усёй Беларусі.
Калёнія невялікая. У «Віцьбе» адбываюць пакараньне каля 1 тысячы асуджаных. Для параўнаньня — у Бабруйскай калёніі каля 3,5 тысячы зьняволеных.
Знакамітыя вязьні
У «Віцьбе-3» адбываў пакараньне намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксандар Архіпаў, які «адмазаў» матацыкліста, які зьдзейсьніў ДТЗ, у якім загінула дзяўчына. Архіпаў нібыта атрымаў хабар ад бацькі таго маладзёна — залаты зьлітак і бутэльку дарагога каньяку. Пакаралі пракурора 6 гадамі калёніі, але адседзеў ён толькі паўтара. Вызваліўся праз памілаваньне ад Лукашэнкі.
У гэтай калёніі таксама сядзеў акадэмік, былы дырэктар РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандар Бялецкі. Яго асудзілі ў 2019-м на 7,5 года зьняволеньня ў гучнай справе мэдыкаў. Праз паўтара года акадэміка Бялецкага таксама памілаваў Лукашэнка.
Сядзеў у «Віцьбе-3» і былы кіраўнік «Мотавэла» Аляксандар Мураўёў. Летась ён выйшаў на волю.
Зараз за кратамі ў гэтай калёніі знаходзяцца былы намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Андрэй Уцюрын, якога асудзілі ў 2020 годзе на 12 гадоў за хабар; гомельскі судзьдзя Сяргей Уласаў; намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Васільеў (14 гадоў, таксама за хабар — памерам 250 тысяч даляраў).
141 палітзьняволены
Першыя палітвязьні ў «Віцьбе-3» зьявіліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Там адбывалі пакараньне былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, а таксама тагачасны кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Пасьля выбараў 2010 году ў «Віцьбе» пабывалі таксама кандыдат на прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, грамадзкі актывіст Аляксандар Атрошчанкаў, анархіст Ігар Аліневіч.
Цяпер у гэтай калёніі і СІЗА, бадай, самая вялікая колькасьць палітзьняволеных — 141 чалавек. Сярод іх шмат вядомых людзей: адвакат і сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак, палітык Андрэй Дзьмітрыеў, журналіст Дзьмітры Наважылаў, былы пракурор Яўген Бабак, былы сьледчы Яўген Юшкевіч, дзіцячы пісьменьнік Дзьмітры Юртаеў, актывіст Максім Вінярскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Завернутыя» перадачы, чуткі пра ПКТ. Што вядома пра знакавых палітвязьняў, зь якімі амаль год няма сувязіПаўгода таму ў «Віцьбе» зьмяніўся начальнік — замест палкоўніка Аляксея Старавойтава калёнію ўзначаліў Філіп Стурчанка, які раней працаваў начальнікам рэжымнага аддзелу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Віцебскай вобласьці.
Паводле былога зьняволенага Андрэя, які вызваліўся восеньню 2023 году і пагадзіўся пагутарыць са Свабодай на ўмовах ананімнасьці, з прыходам Стурчанкі правілы і парадкі сталі больш жорсткімі.
Раней за дробнае парушэньне можна было абысьціся пазачарговым дзяжурствам, а калі зьявіўся Стурчанка, за самую малую правіну людзей адпраўляюць у ШЫЗА
«Раней за дробнае парушэньне можна было абысьціся пазачарговым дзяжурствам, а калі зьявіўся Стурчанка, за самую малую правіну людзей адпраўляюць у ШЫЗА. Ускладнілася літаральна ўсё: перасоўваньне па калёніі, працэс атрыманьня лекаў (сваякі ня могуць перадаць ці прыслаць імпартныя прэпараты, лекарам загадана прызначаць толькі айчынныя), зьявілася яшчэ шмат іншых перашкод. Раней Стурчанка працаваў у СІЗА і з сабой прынёс адтуль самае горшае», — лічыць Андрэй.
Бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, якога асудзілі паводле эканамічнага артыкулу, правёў у «Віцьбе-3» амаль тры гады (з 2018-га па 2021-ы). Ён кажа, што асабліва жорсткага стаўленьня да зьняволеных з боку пэрсаналу не заўважаў.
«На маіх вачах ніводнага выпадку пабіцьця зьняволеных не было. Мяне часьцяком крытыкуюць за тое, што я ў інтэрвію журналістам называю „Віцьбу“ „танным санаторыем“. Але праўда, рукапрыкладзтва і бязьмежжа там я ня бачыў.
Так, у любым калектыве трапляюцца сволачы. І сярод пэрсаналу былі такія. Бачыў, як людзей ставілі на холад у дворык на даволі працяглы час», — успамінае былы вязень.
Другі былы зьняволены «Віцьбы», які адбываў пакараньне паводле непалітычнага артыкулу і нядаўна вызваліўся, у размове са Свабодай расказаў пра адзін выпадак жорсткага пабіцьця вязьня ў сакавіку 2021 году. У той пэрыяд туды пачалі завозіць першых палітзьняволеных. Па словах суразмоўцы, адзін з «палітычных» у нейкім дакумэнце насупраць свайго прозьвішча напісаў «незаконна асуджаны» і сказаў, што яго затрымлівалі такія ж злачынцы, як супрацоўнікі калёніі. Намесьнік начальніка «Віцьбы» ў рэжымна-апэратыўнай працы Дзяніс Федчанка у адказ загадаў «выкарыстаць спэцсродкі». Як сьцьвярджае былы вязень, «палітычнага» жорстка пабілі і пасадзілі на 27 дзён у ШЫЗА. А потым вадзілі ў душ аднаго пад канвоем, каб іншыя вязьні ня бачылі сьляды біцьця на целе.
ШЫЗА і ПКТ для палітычных
Пра свае ўражаньні ад ШЫЗА «Віцьбы» Свабодзе расказаў таксама былы палітзьняволены Дзьмітры Фурманаў.
У „Віцьбе“ я прабыў пяць дзён у карантыне і 48 — у ШЫЗА. У атрад трапіць не пасьпеў, бо вызваліўся. У ізалятар мяне адправілі за тое, што захацеў азнаёміцца з правіламі ўнутранага распарадку.
«У „Віцьбе“ я прабыў пяць дзён у карантыне і 48 — у ШЫЗА. У атрад трапіць не пасьпеў, бо вызваліўся. У ізалятар мяне адправілі за тое, што захацеў азнаёміцца з правіламі ўнутранага распарадку. Тэрміны знаходжаньня пастаянна падаўжалі. Пад’ём у ШЫЗА а 5-й раніцы.
Халодная бэтонная клетка, нары бэтонныя, якія „адшпіляліся“ толькі на ноч. Матрац і пасьцельная бялізна „не паложаны“, верхняе адзеньне і тэрмабялізна таксама. У камэры яшчэ былі мэталічныя стол і зэдлік, прыкручаныя да падлогі. Саграваўся толькі фізычнымі практыкаваньнямі, прысяданьнямі. Успамінаю жудасны холад», — падзяліўся Дзьмітры Фурманаў.
У «Віцьбе-3» адбываюць пакараньне і некалькі «знакавых асобаў», у тым ліку і адвакат, сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак, якога асудзілі на 10 гадоў.
Зь лютага 2023 году сувязі зь ім няма, лісты родным не прыходзяць — палітзьняволены знаходзіцца ў так званым рэжыме «інкамунікада».
Паводле інфармаваных крыніц, Знака ўжо амаль год трымаюць у ПКТ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хлусі. Не крадзі. Не забівай». Турэмныя вершы беларускіх палітвязьняўНевыкананьне пляну
У «Віцьбе», як і ва ўсіх папраўчых установах, ёсьць свая прамысловая зона: швейная вытворчасьць, дрэваапрацоўка і разьбіраньне мэталу. Зьняволеныя працуюць 6 дзён на тыдзень у дзьве зьмены.
«Швейная вытворчасьць — гэта жах: памяшканьне не ацяпляецца, пыльнае, бруднае. Там шыюць розныя гаспадарчыя прылады кшталту насадак для швабраў, спэцвопратку для прадпрыемстваў. Ня так даўно быў вялікі заказ для Менскага заводу шасьцерняў.
Шыюць у вялікай колькасьці таксама форму для расейскіх вайскоўцаў. Часьцяком зьняволеныя працуюць звышурочна, да гадзіны ночы, калі заказ вялікі і не пасьпяваюць адшываць. Грошай нам не плацілі зусім», — успамінае былы вязень Андрэй.
Па яго словах, у дрэваапрацоўчым цэху зімой мінусавая тэмпэратура. Там вырабляюць паддоны і канструкцыі для перавозкі шкла, а таксама пілуюць дровы.
Вельмі цяжкая праца на разьбіраньні мэталу. З кабэляў і правадоў трэба выцягваць мэтал. З інструмэнтаў даюць толькі лязо і малаток.
«Вельмі цяжкая праца на разьбіраньні мэталу. З кабэляў і правадоў трэба выцягваць мэтал. З інструмэнтаў даюць толькі лязо і малаток. Пальчатак, масак, акуляраў не выдаюць. Нормы вялікія — 30 кг алюмінію, 10 кг медзі альбо сьвінцу. За невыкананьне пляну складаюць рапарт, за тры рапарты трапляеш у ШЫЗА. Плацяць за цяжкую працу капейкі. Адзін былы палітвязень расказваў, што за адзін месяц яму заплацілі 1 рубель 2 капейкі, за другі — 80 капеек.
Ёсьць яшчэ свая пякарня. Але хлеб той есьці немагчыма — нейкая глейкая, ліпкая маса», — кажа Андрэй.
Стадыён і кампутарная кляса
Паколькі «Віцьба» лічыцца ўзорна-паказальнай, там ёсьць стадыён, спартовая заля, кампутарная кляса. На думку Аляксандра Кныровіча, «Віцьба», напэўна, лічыцца найлепшай у краіне, таму што ўсе астатнія — суцэльная бяда.
«Але гаварыць пра нейкія выдатныя ўмовы не выпадае. Вось уявіце сабе старую сельскую школу і такі ж варты жалю школьны стадыён. Вось прыкладна такі стадыён у калёніі. Так, непалітычныя зьняволеныя могуць займацца там спортам. Што тычыцца спартовай залі, то гэта агароджаная прастора на сьвежым паветры, дзе ёсьць дапатопныя штангі, „бліны“. Хто сябе добра паводзіць, могуць пацягаць гэтыя жалезкі. На маёй памяці новы начальнік аддзела выканаўчага працэсу паспрабаваў зрабіць рамонт на стадыёне, але грошай у яго было так мала, што нічога, па сутнасьці, не зьмянілася. Зьявілася некалькі трэнажораў для „воркаўту“, якія робіць МАЗ. Гэта проста паказуха. Усё гэта настолькі ўбога. Асабліва калі бачыш, у якіх умовах утрымліваюць у Нарвэгіі Брэйвіка», — Аляксандар Кныровіч не хавае іроніі.
Па яго словах, у калёніі таксама ёсьць адмысловая адукацыйная кляса, у якой 6 кампутараў. Але яны састарэлыя, аднекуль сьпісаныя, мяркуе былы зьняволены.
«Гэтыя кампутары выкарыстоўваюцца ў мэтах навучаньня (нібыта ёсьць магчымасьць для атрыманьня вышэйшай адукацыі). Калі была пандэмія і забарона на спатканьні, некаторым вязьням дазвалялі карыстацца скайпам для сувязі са сваякамі. І таксама кампутары выкарыстоўваюцца для судоў па відэасувязі», — кажа Кныровіч.
Засакрэчаная статыстыка
Толькі за апошні год у «Віцьбе-3» памерлі двое палітзьняволеных — 63-гадовы Мікалай Клімовіч у траўні 2023 году і 50-гадовы Вадзім Храсько ў студзені 2024-га. Колькі наагул вязьняў памерла ў гэтай калёніі за апошнія гады, невядома. З 2015 году статыстыка пра сьмяротнасьць у месцах пазбаўленьня волі замоўчваецца, хаця раней яе публікавалі.
Аляксандар Кныровіч успамінае як мінімум пра дзьве сьмерці зьняволеных, якія адбыліся ў калёніі за час ягонай адседкі. Паводле суразмоўцы, аднаму чалавеку стала кепска на працы.
Ён ледзь дайшоў з прамысловай зоны да кантрольна-прапускнога пункту. Кажа: „У мяне адымаецца левая частка цела, пусьціце ў мэдчастку“. Яму адказалі: „Не паложана! Ідзі працуй“. Чалавек дайшоў да цэха, упаў і памёр на месцы. Яму было каля 50 гадоў.
«Ён ледзь дайшоў з прамысловай зоны да кантрольна-прапускнога пункту. Кажа: „У мяне адымаецца левая частка цела, пусьціце ў мэдчастку“. Яму адказалі: „Не паложана! Ідзі працуй“. Чалавек дайшоў да цэха, упаў і памёр на месцы. Яму было каля 50 гадоў.
Натуральна, ніякія дактары, ніякія кантралёры за яго сьмерць не адказалі. Аб праверках і пакараньні вінаватых нічога ня чуў», — успамінае Кныровіч.
Праваабаронца Леанід Судаленка прабыў у «Віцьбе-3» паўтара года. Ён таксама згадвае пра сьмерці ў калёніі: адзін чалавек памёр ад анкалягічнай хваробы, другі лёг спаць і не прачнуўся. Сам Судаленка расказвае, што ледзь не памёр за кратамі ад каранавірусу. У лютым 2022 году ў калёніі была ўспышка COVID-19, ён захварэў, тэмпэратура паднялася да 40 градусаў, было цяжка дыхаць. Да доктара палітвязьня так і не дапусьцілі, ахоўнікі кожны дзень давалі яму нейкую таблетку.
«Я трызьніў 20 дзён паміж жыцьцём і сьмерцю і цудам застаўся жывы», — расказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца Судаленка распавёў, што траціну зьняволеных калёніі «Віцьба-3» складаюць палітвязьніУ «Віцьбу» рэгулярна пастаянна прыяжджаюць праверкі, якія не знаходзяць ніякіх парушэньняў, нягледзячы на раптоўныя сьмерці зьняволеных. Так, у траўні 2023 году ў карантыне «Віцьбы» памёр 63-гадовы Мікалай Клімовіч. А летам прыяжджалі прадстаўнікі Рэспубліканскай грамадзкай назіральнай камісіі, потым прадстаўнікі іншай камісіі, па памілаваньні. Ніякіх парушэньняў, праблем ніводная не заўважыла. Скаргаў ад асуджаных не паступала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хлопцаў раптам паднялі і этапавалі». Палітвязьняў масава «тасуюць» паміж калёніямі