28-гадовага жыхара Петрыкава абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу
У Гомельскім абласным судзе з 15 лютага пачнуць слухаць справу жыхара Петрыкава Івана Сухамерава, якога абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, сярод якіх «здрада дзяржаве» (частка 1 артыкула 356 КК), заўважыла выданьне «Гомель Штодзень».
Сухамерава абвінавачваюць паводле наступных артыкулаў:
- удзел, вярбоўка або падрыхтоўка да збройнага канфлікту на тэрыторыі іншай дзяржавы (ч. 1 арт. 361-3 КК),
- паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК),
- фінансаваньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці (ч. 2 і 3 арт. 361- 2 КК),
- дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК),
- стварэньне або ўдзел у «экстрэмісцкім» фармаваньні (ч. 3 арт. 361-1 КК),
- садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК),
- зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК),
- заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі (ч. 3 арт. 361 КК),
- здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК),
- стварэньне або ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі (ч. 2 арт. 290-5 КК).
Падрабязнасьці справы невядомыя, паседжаньне пройдзе ў закрытым рэжыме. Весьці так званы суд будзе судзьдзя Сяргей Багінскі, які выносіў мноства палітычна матываваных прысудаў у дачыненьні да апанэнтаў улады.
Як піша «Гомель Штодзень», Сухамераву 28 гадоў. У 2017 годзе ён атрымаў дыплём сацыяльнага пэдагога ў Мазырскім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце імя Івана Шамякіна.
На Гомельшчыне затрымалі сама меней 7 чалавек
Як паведаміла «Вясна», усіх затрыманых вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 студзеня: арышт за «экстрэмісцкую» песьню ў сацсетках; рэйды сілавікоў па кватэрах у МенскуТрансгендэрную дзяўчыну арыштавалі на 13 дзён
Інфармацыю пра гэта tghouse паведаміў яе знаёмы. Па словах хлопца, затрымалі яе ўвечары 31 студзеня. Калі адбылося пасяджэньне і паводле якога артыкула яе судзілі, невядома.
Як піша «Вясна», пра затрыманьне трансгендэрнай дзяўчыны стала вядома 3 лютага.
На відэа, запісаным сілавікамі, затрыманая расказала, што ў чэрвені 2023 году яе нібыта пабіў украінец за сьцяжок Украіны побач са сьцяжком ЛГБТ+ на заплечніку і пашкодзіў палец. Затрымалі дзяўчыну за перасланае паведамленьне з так званага «экстрэмісцкага рэсурсу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 лютага: у Менску асудзілі мастачку; у Бабруйску сілавікі прыходзяць на назіральнікаў на выбарах 2020-гаАсудзілі жыхара Ліды, які патэлефанаваў у міліцыю, нібыта за абразу Лукашэнкі
6 лютага «Вясьне» стала вядома, што 27 сьнежня 2023 году ў Лідзе агучылі прысуд 63-гадоваму Генадзю Жукелю. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза прэзыдэнта») і асудзілі на год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Вырак агучыла судзьдзя Натальля Лобан.
Мужчына патэлефанаваў у раённую міліцыю і выказаўся на адрас Лукашэнкі, калі размаўляў зь дзяжурным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Што адбываецца з тымі, каго затрымалі падчас масавых арыштаў 23 студзеняКантрактніка зь Ліды асудзілі за публікацыю ў TikTok падпраўленага герба нацысцкай Нямеччыны
Вайскоўца-кантрактніка з вайсковай часьці ў Лідзе аштрафавалі ў мясцовым судзе. Мужчына паставіў на аватар у TikTok перайначаны герб нацысцкай Нямеччыны. Гэта палічылі распаўсюджваньнем нацысцкай сымболікі, піша Hrodna.life.
Таксама мужчына распаўсюджваў інтэрнэт-старонку «Caлідарнасьць» (gazeta.by) у TikTok.
Справу разгледзелі 22 студзеня ў судзе Лідзкага раёну. Мужчына прызнаў віну.
Па ч.1 арт. 19.10 КаАП «Прапаганда або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі» і ч.2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць» яго аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1600 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 лютага: затрымалі яшчэ адну жонку палітвязьня