Лукашэнкава «палітбюро». Нават сыходзячы, ён будзе імкнуцца захаваць пасьля сябе дыктатуру

Леанід Брэжнеў, Міхаіл Гарбачоў, Аляксандар Лукашэнка, Канстанцін Чарненка, Юры Андропаў. Каляж

Лукашэнка рыхтуецца часткова падзяліцца ўладай дзеля таго, каб у Беларусі нават пасьля ягонага сыходу не было сапраўдных дэмакратычных выбараў.

Сьцісла:

  • Лукашэнка імкнецца да таго, каб пытаньне пра ўладу пасьля ягонага сыходу з палітычнай сцэны вызначала не справядлівае суперніцтва на свабодных выбарах, а закулісныя змовы паміж ягонымі ж пасьлядоўнікамі.
  • Пры пэўных абставінах тыя, хто будзе рэальна кіраваць «усебеларускім народным сходам», атрымаюць магчымасьць рэальна ўплываць на многія важныя палітычныя працэсы, напрыклад на зацьвярджэньне (ці незацьвярджэньне) вынікаў выбараў, на адхіленьне ад улады прэзыдэнта, на сыстэму правасудзьдзя;
  • 1200 прызначаных рэжымам дэлегатаў УНС застануцца толькі масоўкай, дэкарацыяй, паслухмяным апаратам для галасаваньня. Але зьявіцца новы ўладны орган, які рэальна можа прымаць самастойныя рашэньні — прэзыдыюм УНС.
  • Прэзыдыюм УНС, складзены з 15 адмыслова выбраных Лукашэнкам асобаў на чале зь ім самім, можа стаць своеасаблівым варыянтам «палітбюро». Гэта асабліва цеснае кола набліжаных да Лукашэнкі пасьлядоўнікаў у крызіснай сытуацыі павінна выканаць ролю «калектыўнага Лукашэнкі» — засьцерагальніка ад таго, каб у краіне не адбылося дэмакратычных пераўтварэньняў.

Увесну ў Беларусі павінна адбыцца падзея, значна больш важная, чым выбары ў сэрвільную, цалкам паслухмяную Палату прадстаўнікоў, ад якой нават унутры самой улады ніхто нічога новага не чакае. І падзея гэта — фармаваньне «ўсебеларускага народнага сходу» ў новай «канстытуцыйнай» якасьці. Уласна, лютаўскія выбары саветаў розных узроўняў — гэта і ёсьць адзін з этапаў гэтага працэсу: многія з новых дэпутатаў у красавіку стануць дэлегатамі УНС.

Усебеларускі народны сход, 22 чэрвеня 2016 году, Лукашэнка на трыбуне

Некаторым падзея можа падацца малазначнай: колькі гэтых УНС ужо бачылі на працягу 30 гадоў улады Лукашэнкі. Тут, аднак, момант асаблівы. Новы, прапісаны ў Канстытуцыі варыянт УНС, — гэта ня толькі імітацыя народаўладзьдзя, але і зусім пэўныя ўладныя паўнамоцтвы.

Усебеларускі народны сход, 22 чэрвеня 2016 году. У залі

Пры пэўных абставінах тыя, хто будзе кіраваць гэтым сходам, атрымаюць магчымасьць рэальна ўплываць на многія важныя працэсы, напрыклад на зацьвярджэньне (ці незацьвярджэньне) вынікаў выбараў, на адхіленьне ад улады прэзыдэнта, на сыстэму правасудзьдзя, на фармаваньне і працу Цэнтральнай выбарчай камісіі. Іншая справа, у чые рукі перадаюцца рэальныя ўладныя паўнамоцтвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першае, чаго трэба дамагацца, — гэта вызваленьне палітвязьняў». 10 цытатаў з кнігі «Алесь Бяляцкі на Свабодзе»

Навошта гэта Лукашэнку

Дзеля чаго Лукашэнку спатрэбіўся гэты новы «полюс сілы»? Калі ўважліва перачытаць закон, які рэгулюе дзейнасьць УНС, мэту можна ўбачыць даволі выразна. Пра яе згадваецца неаднаразова: «забясьпечыць непарушнасьць канстытуцыйнага ладу, пераемнасьць пакаленьняў», «дзейнічаць паводле прынцыпу пераемнасьці дзяржаўнай палітыкі». У перакладзе з канцылярскай мовы гэта азначае: нават калі Лукашэнка сыдзе, створаная ім сыстэма павінна застацца — у выглядзе «калектыўнага Лукашэнкі», які павінен вылучыць са свайго асяродзьдзя праверанага і адданага ідэям і практыкам дыктатуры новага аўтарытарнага лідэра.

Зьезд КПСС, Масква, 1986

Пра гэтыя мэты Лукашэнка апошнім часам неаднаразова згадваў. Зусім нядаўна — у канцы студзеня, калі ўручаў дыплёмы навукоўцам:

«Хацелі б мы гэтага ці не, адбываецца зьмена пакаленьняў. І гэта заўсёды вельмі небясьпечны пэрыяд. Яго трэба вельмі акуратна і тонка прайсьці... Нам бы тут не памыліцца».

«Зараз я вельмі перажываю: канстытуцыйным органам стаў у нас Усебеларускі народны сход ды іншае. Калі нехта думае, што гэта проста крэсла для Лукашэнкі, глупства поўнае. Гэта ня проста. Гэта сур’ёзна. Гэта і нейкі абмежавальнік для органаў улады, і нагляд зьверху. І людзі там павінны быць адпаведныя прадстаўлены... А я думаю: а ня дай Бог прыйдзе чалавек „не зямны“ і пачнём шарахацца з аднаго боку ў другі ці ўвогуле не туды пойдзем. Таму вось гэты орган павінен падчас пераходнага пэрыяду, зьмены пакаленьняў быць на варце; ён павінен бачыць, што адбываецца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Гараўскага. Незалежны суд як напамін палітыкам пра тое, што ім ніколі не даруюць

Асадка з залатым пяром

1200 дэлегатаў — гэта, безумоўна, толькі масоўка, імітацыя ўдзелу грамадзтва ў лёсе краіны. Загадзя адабраныя зь ліку буйной і дробнай намэнклятуры ды актывістаў праўладных арганізацый; шматкроць правераныя на палітычную адданасьць. Іхная роля — паслухмяна паднімаць рукі, дружна пляскаць у далоні і ўхваляць любую ініцыятыву, зь якой выступіць правадыр і ягонае найбліжэйшае атачэньне.

Лукашэнка яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў амаль дакладна скапіяваў гэты эрзац-форум з добра знаёмых яму па гадах маладосьці зьездаў КПСС. Прынцыпы арганізацыі, стылістыка, рыторыка, атмасфэра, атрыбутыка — усё адтуль, з часоў брэжнеўскага «застою».

Стаць дэлегатам зьезду КПСС было для савецкага грамадзяніна падзеяй пачэснай, ганаровай і адказнай. Але калі б вы паспрабавалі пасьля распытаць у гэтага дэлегата, у чым канкрэтна выявіўся ягоны ўдзел у «вызначэньні палітычнага курсу краіны», уцямнага адказу, хутчэй за ўсё, атрымаць не ўдалося б. Так, галасаваў — як усе; узьнімаўся зь месца і пляскаў у далоні, калі ўставала ўся заля; бачыў на трыбуне самога Брэжнева і ўсё Палітбюро; уважліва слухаў даклад і выступы; фатаграфаваўся зь іншымі дэлегатамі ў фае Крамлёўскага палаца зьездаў.

Куды больш маляўнічымі былі аповеды пра тое, што спадарожнічала падрыхтоўцы да зьезду і суправаджала яго. Знакаміты мэханізатар ці заслужаны будаўнік яшчэ доўга пасьля зьезду расказваў, як перад ад’ездам у Маскву для яго ледзь ня ўсім райкамам партыі падбіралі модныя касьцюм, паліто, кашулю і гальштук. У якім шыкоўным гатэлі ў самым цэнтры, ля Крамля, іх пасялілі. У якіх рэстаранах і якімі далікатэсамі кармілі. Якія вялізныя камандзіровачныя выплацілі. На якія цікавыя экскурсіі вазілі. А ўрэшце — якія падарункі засталіся на памяць ад удзелу ў зьезьдзе. Падарункі, што праўда, былі своеасаблівымі. Арганізатары яўна хацелі спалучыць у гэтай справе партыйную сьціпласьць (каб нічога лішняга, што выглядала б як хабар), але і шчодрасьць у дачыненьні да сваіх адданых актывістаў. Таму «набор дэлегата» выглядаў, з аднаго боку, як сьціплы сувэнір (нібыта нічога асаблівага — партфэль, набор аўтаручак, на XXVII зьезьдзе КПСС — яшчэ і фотаапарат). Але з другога боку, пры ўважлівым позірку выяўлялася, што партфэль — з дарагой натуральнай скуры, а аўтаручкі — з залатымі пёрамі (пра што, дарэчы, сьведчыў адпаведны сэртыфікат). Такія «дэлегацкія» ручкі дагэтуль можна знайсьці ў розных інтэрнэт-крамах: кошт адной — 15 000-20 000 расейскіх рублёў.

Падарункавы набор асадак дэлегата зьезда КПСС

Адметна, што Лукашэнка прытрымліваецца прыблізна такога ж прынцыпу і атрыбутыкі пры распрацоўцы сцэнароў сваіх «усебеларускіх сходаў»: той жа «набор дэлегата» з партфэля і канцылярскіх тавараў з ідэалягічна правільнай сымболікай. Праўда, падчас УНС 2016 году ўлады вырашылі праявіць шчодрасьць: тады дэлегаты атрымалі ня толькі партфэль і асадкі з атрыбутыкай, але і пляншэт Samsung за 180 даляраў. Але ўжо ў 2021 годзе вярнуліся да прынцыпу сьціпласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усебеларускі народны сход» адбудзецца праз два месяцы пасьля адзінага дня галасаваньня

«Палітбюро» эпохі Лукашэнкі

Асабіста Лукашэнку сёньня не патрэбна ніякая новая пасада: ён пры жыцьці нікуды і ніколі адыходзіць ад улады не зьбіраецца. Але ўсьведамляе, што рана ці позна гэта павінна адбыцца, незалежна ад ягонай волі. Вось каб гэта не адбылося зьнянацку і каб не прыйшоў да ўлады той, хто зьменіць палітычны курс, перакрэсьліць ягонае імя і ягоную палітычную спадчыну, патрэбен страховачны мэханізм. Па сутнасьці, мэта ў тым, каб ня даць людзям свабоды, ня даць ім магчымасьці свабодна выбіраць, нават калі зь нейкіх прычынаў Лукашэнка зьнікне.

Натуральна, 1200 нібыта выбраных дэлегатаў УНС застануцца толькі масоўкай, дэкарацыяй, паслухмянымі падымальнікамі рук з заціснутымі ў іх мандатамі. Але зьявіцца ж і новы орган, які рэальна павінен кіраваць гэтымі 1200 паслухмянымі трымальнікамі мандатаў. І орган гэты — прэзыдыюм УНС: 15 адмыслова абраных Лукашэнкам асобаў. Зусім магчыма, гэта будзе новы Лукашэнкаў арэапаг з досыць сур’ёзнымі ўладнымі паўнамоцтвамі і магчымасьцямі, асьвечаны «выбарам усенароднага сходу». Гэткі ягоны варыянт палітбюро. Асабліва цеснае кола, надзеленае ня толькі ягоным асабістым даверам, але і статусам «ўсенароднай абранасьці». Наколькі дакладнай будзе копія, адназначна сьцьвярджаць пакуль складана. Напэўна, Лукашэнка і сам яшчэ вагаецца (недарэмна ж кажа з гэтай нагоды: «Зараз я вельмі перажываю...»). Але, ведаючы ягоную любоў да перайманьня савецкіх практык, цяжка не прадбачыць, што атрымаецца менавіта яшчэ адна копія савецкай камуністычнай структуры.

Аляксандар Лукашэнка і кіраўнікі сілавых стуктур на парадзе ў Менску. 2018

Хто можа атрымаць «выбарныя» пасады ў Лукашэнкавым «палітбюро» (прэзыдыюме УНС)? Відавочна, тыя асобы, якім ён найбольш давярае і якія і без таго надзеленыя ім ключавымі пасадамі ў дзяржаве.

У позьнім СССР у Палітбюро звычайна ўваходзілі каля 25 асобаў — самыя ўплывовыя функцыянэры ў партыйна-дзяржаўнай ярархіі. Апроч самога генэральнага сакратара — кіраўнік савецкага ўраду, старшыні прэзыдыюмаў Вярхоўных Саветаў СССР і РСФСР, першы сакратар ЦК КП Украіны (як найбольш важнай пасьля Расеі савецкай рэспублікі), першы сакратар Маскоўскага гаркаму партыі, міністры абароны, замежных спраў і старшыня КДБ.

Зыходзячы з гэтага пераліку, можна меркаваць, хто можа трапіць у склад прэзыдыюму УНС. Апроч самога Лукашэнкі (які, відавочна, зойме пасаду старшыні), гэта могуць быць кіраўнікі абедзьвюх палат «парлямэнту», прэм’ер-міністар і ключавыя міністры (абароны, МУС, замежных спраў), кіраўнікі спэцслужбаў, кіраўнікі абласьцей. Зыходзячы з таго, што колькасьць крэслаў у прэзыдыюме лімітаваная (15 месцаў), гэтым сьпіс можа быць абмежаваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнесеныя ветрам гісторыі. Дзе знаходзяць прытулак зрынутыя дыктатары

Пасьля Брэжнева

Ніякіх абмеркаваньняў, дыскусій і розных пунктаў гледжаньня падчас зьездаў КПСС не было і быць не магло. Гэта было прапагандысцкае дзейства (цяпер сказалі б «шоў»). Усё загадзя было напісана, пераправерана і ўзгоднена да апошняй коскі і кропкі. Гэта была вялікая імітацыя народаўладзьдзя, якая павінна была цешыць самалюбства правадыра і ягонага атачэньня.

Але было вузкае кола тых, хто сапраўды прымаў важныя рашэньні, якія потым, як штамповачнай машынай, аднагалосна зацьвярджаліся на пленумах і зьездах. У тым ліку і найважнейшае з пытаньняў — хто стане чарговым лідэрам краіны.

Леанід Брэжнеў, Андрэй Грамыка і Канстанцін Чарненка. 1975

Тут вырашальнае значэньне мелі сакрэтныя закулісныя дамоўленасьці, інтрыгі, нябачныя сьвету сымпатыі і антыпатыі. Ключавым, вядома, было меркаваньне першай асобы, якая ішла ў адстаўку. Але генэральныя сакратары, як правіла, не сьпяшаліся прызначаць пераемнікаў, адцягваючы гэты момант і ўвесь час пераносячы «на потым». Так было, напрыклад, у выпадку з Брэжневым: апошнія гады ён цяжка хварэў, але канчатковы выбар так і не зрабіў, называючы ў розны час у якасьці магчымага пераемніка то Чарненку, то Шчарбіцкага. У кожным разе, суперніцтва за тое, хто пяройме ўладу, адбывалася ў самым блізкім коле, сярод членаў палітбюро. У апошнія месяцы жыцьця Брэжнева вонкавую і абаронную палітыку СССР вызначаў трыюмвірат — Андропаў, Грамыка і Ўсьцінаў. Другой асобай у дзяржаве традыцыйна лічыўся сакратар ЦК па ідэалёгіі: гэту пасаду пасьля сьмерці Суслава заняў Андропаў. Але вялікія прэтэнзіі на тое, каб стаць пераемнікам, меў і Чарненка. Жорсткая бойка за ўладу адбывалася «пад дываном»: падчас нефармальных сустрэч і сакрэтных размоў на загарадных вілах, у лазьнях, на паляваньні — ні з партыйнай, ні зь якой-небудзь іншай дэмакратыяй гэта ня мела нічога агульнага.

10 лістапада 1982 года, у дзень сьмерці Брэжнева, «трыюмвірат», паклікаўшы кіраўніка ўраду Мікалая Ціханава, у вузкім коле вырашаў пытаньне «Хто?». Найбольшы аўтарытэт у палітбюро меў маршал Усьцінаў, які сам, аднак, на першую ролю не прэтэндаваў, а аддаваць уладу Чарненку ў той момант ня дужа хацеў. Ведаючы, што Ціханаў на экстраным паседжаньні палітбюро рыхтуецца прапанаваць кандыдатуру Чарненкі, Усьцінаў зрабіў хітры ход: папрасіў самога Чарненку выступіць з прапановай кандыдатуры Андропава. Чарненка, пачуўшы такое ад маршала, прыйшоў да высновы, што за ініцыятывай Усьцінава стаіць узгодненая пазыцыя «трыюмвірату», і пярэчыць не адважыўся. Так Андропаў стаў генэральным сакратаром.

Вядома, фармальна яго павінен быў выбіраць і зацьвярджаць пленум ЦК КПСС — каля 500 партыйных функцыянэраў і актывістаў. Але гэта была толькі фармальнасьць: як і дэлегаты зьезду КПСС, члены ЦК дружна паднімалі рукі за любую ініцыятыву, якая зыходзіла з палітбюро — у тым ліку і за любую кандыдатуру, якую б з Крамля ні вылучылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забытыя ахвяры. Што здараецца, калі тэрор становіцца часткай дзяржаўнай ідэалёгіі

Гонкі на ляфэтах

Прыблізна такая ж схема спрацоўвала тады, на пачатку і ў сярэдзіне 80-х гадоў, тройчы — кожны раз, калі адбываліся «гонкі на ляфэтах». Калі 10 лютага 1984 году памёр цяжка хворы Андропаў, лёс вакантнага крэсла «генсека» вырашаўся фактычна чацьвёркай, якая верхаводзіла ў той час у Палітбюро (Усьцінаў, Чарненка, Грамыка і Ціханаў). Чарненка не хаваў амбіцый яшчэ з часоў паміраньня Брэжнева. Быў ня супраць стаць ля стырна краіны і Грамыка, у якога пад канец жыцьця ўзьнікла прыкметная прага да высокіх пасадаў.

Пахаваньне Юрыя Андропава. Масква. 1984

Хоць увогуле сярод значнай часткі Палітбюро працягваў заставацца высокім аўтарытэт Дзьмітрыя Усьцінава. Захаваліся сьведчаньні таго, што малады Гарбачоў, які тады імкліва набіраў аўтарытэт у Палітбюро, у гутарцы з Усьцінавым абяцаў падтрымаць яго, калі той наважыцца вылучыцца. Усьцінаў адмовіўся: «Я ўжо ва ўзросьце і хваробаў шмат. Няхай цягне Чарненка». Думка ўплывовага Усьцінава аказалася вырашальнай. Безнадзейна хворы Чарненка, які даўно стаяў у чарзе на ўладу, урэшце дамогся свайго. Хоць кіраваць яму было наканавана зусім нядоўга — каля года.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Швэцыі: «Месца Беларусі — у Эўразьвязе». ВІДЭА

Вылучэнец Андрэя Грамыкі

Ключавую ролю ў прыходзе да ўлады Гарбачова выканаў Андрэй Грамыка — адзін з найстарэйшых членаў Палітбюро, які пасьля сьмерці ў сьнежні 1984-га маршала Ўсьцінава стаў і найбольш аўтарытэтным. Менавіта Грамыка вёў таемныя перамовы зь Якаўлевым і Прымаковым, схіляў на свой бок «старую гвардыю» ў Палітбюро. Ягоныя матывы былі зусім не бескарысьлівымі: ён разьлічваў, што ўзамен атрымае пасаду старшыні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР.

Міхаіл Гарбачоў. Масква, 1986

Менавіта Грамыка выступіў 11 сакавіка 1985 году на Палітбюро з прапановай кандыдатуры Гарбачова. Закулісныя перамовы і папярэднія дамоўленасьці спрацавалі: патэнцыйныя супернікі Гарбачова (Грыгорый Раманаў і Віктар Грышын), убачыўшы, на чыім баку перавага, на адкрытае суперніцтва не адважыліся. Фінал вядомы: Гарбачоў узначаліў СССР, Грамыка ў канцы жыцьця заняў адну з ключавых і ганаровых пасадаў у дзяржаве — кіраўніка Вярхоўнага Савету; Раманава і Грышына, як нядобразычліўцаў новага «генсека», неўзабаве ціха выправілі на пэнсію...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ня выстаім, то ня будзем дзяржавай». Пры якой умове нашчадкі могуць дараваць Лукашэнку

«Нам бы не паўтарыць гарбачоўскага пэрыяду»

Дзіўна, што Лукашэнка выбірае за ўзор менавіта такі мэханізм зьмены ўлады. Відавочна ж, што ніякім засьцерагальнікам ад нечаканасьцяў і прыходу да ўлады непажаданых для аўтарытарнага рэжыму асобаў ён не зьяўляецца.

Вось Лукашэнка выказваецца пра тое, чаго найбольш асьцерагаецца і ад чаго, на ягоную думку, павінна засьцерагчы новая структура:

«Нам бы не паўтарыць гарбачоўскага пэрыяду, калі мы, як мульцікі, глядзелі, радаваліся: ах, шчасьце прыйдзе. Краіну развалілі і ў яму трапілі. Нам гэтага нельга паўтарыць. Таму гэты орган вельмі важны для нас, яго трэба ўмантаваць у наша жыцьцё».

Наколькі ўжо былі «ўмантаваныя» у савецкае палітычнае жыцьцё Палітбюро разам са сваімі ЦК КПСС і зьездамі партыі, як шчыльна яны пільнавалі, каб у савецкага грамадзяніна не было ніякага рэальнага выбару, каб нішто не магло пахіснуць непарушнасьць забэтанаванага палітычнага ладу... І чым усё скончылася? Гарбачоў жа зьявіўся не з асяродзьдзя лібэральнай ці дысыдэнцкай тусоўкі. І хто яго найперш прасоўваў на галоўную ролю? Андрэй Грамыка, артадаксальны кансэрватыўны камуніст яшчэ сталінскага гарту (міністрам замежных спраў СССР ён стаў ажно ў 1957-м). А ЦК КПСС і потым чарговы партыйны зьезд паслухмяна і аднагалосна паднялі рукі «за» — як гэта было заведзена ў савецкай сыстэме ўлады, супраць рашэньня Палітбюро ніхто галасаваць не наважваўся.

Андрэй Грамыка

Ці ёсьць гарантыі, што нешта падобнае не адбудзецца ў той сыстэме ўлады, якую выбудаваў і працягвае ўдасканальваць Лукашэнка, ствараючы ўласны аналяг Палітбюро зь вялізным «усебеларускім народным сходам», які, вядома ж, дружна ўхваліць кожнае рашэньне, якое б ні прынялі ў сваім цесным коле адданыя Лукашэнкавы прызначэнцы ў выніку інтрыг, негалосных дамоўленасьцяў і закулісных перамоваў?

Любы нібыта адданы ідэям дыктатуры і асабіста правадыру палітык у рэальнасьці можа аказацца таемным лібэралам, прыхільнікам дэмакратыі і агульначалавечых каштоўнасьцяў, які жвава крочыць па прыступках аўтарытарнай лесьвіцы проста таму, што іншай кар’ернай лесьвіцы пры дыктатуры не існуе. Так ужо выбудавана аўтарытарная сыстэма, пры якой замест справядлівай палітычнай канкурэнцыі, сумленных выбараў і дэмакратычных прынцыпаў — адны толькі дэкарацыі, імітацыі і сымулякры.

...Кажуць, што ў апошнія гады жыцьця Грамыка моцна шкадаваў аб сваёй пратэкцыі, зробленай Гарбачову ўвесну 1985 году. Але нічога зьмяніць ужо было нельга.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запалоханыя — значыць пакорныя. Навошта рэжыму Лукашэнкі дэманстрацыйная жорсткасьць і катаваньні палітычных апанэнтаў