Бацька прайшоў усю вайну, маці вывезьлі ў Нямеччыну падчас акупацыі
Бацька Генадзя Ўладзімер Ерамеевіч Грушавы да вайны скончыў фізыка-матэматычны факультэт у кіргіскім горадзе Фрунзэ. Прайшоў усю Другую ўсясьветную вайну — ад радавога да маёра, камандзіра палка, зь якім штурмаваў Кёнігсбэрг. Потым служыў камэндантам аднаго з гарадоў Усходняй Прусіі, дзе і сустрэў сваю будучую жонку Зінаіду, дзяўчыну з Ноўгараду, вывезеную ў Нямеччыну падчас акупацыі. З Прусіі маёра Грушавога накіравалі ў Менск, там у сям’і нарадзіліся сын Генадзь і дачка Галіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аздараўленьне 600 тысяч дзяцей, праверкі КДБ. Як працаваў фонд «Дзеці Чарнобыля», адна зь першых НДА ў БеларусіСа школы марыў стаць філёзафам
Генадзь Грушавы нарадзіўся ў 1950 годзе, скончыў сталічную школу № 50, якая спэцыялізавалася на паглыбленым вывучэньні матэматыкі і фізыкі. Калі быў старшаклясьнікам, яму выпадкова трапіўся падручнік Сьпіркіна па марксісцка-ленінскай філязофіі. Усур’ёз захапіўся філязофскай літаратурай, але паступіць на філязофскае аддзяленьне ў той час можна было толькі пасьля войска альбо маючы двухгадовы стаж працы. Літаральна перад самым выпускам даведаўся, што Міністэрства адукацыі дало мінімальную квоту для выпускнікоў школ, якія жадаюць стаць філёзафамі. Конкурс быў вялікі — 6,5 чалавека на месца. Паступіў. У групе з 30 чалавек толькі двое вучыліся адразу пасьля школы. Быў круглым выдатнікам, атрымаў чырвоны дыплём.
Са сваёй жонкай Ірынай пазнаёміўся на 5-м курсе — у навагоднюю ноч з 1971-га на 1972 год. Студэнткі інстытуту замежных моў запрасілі хлопцаў з БДУ адсьвяткаваць Новы год у свой інтэрнат. Ірына і Генадзь неўзабаве пажаніліся, у 1973 годзе ў іх нарадзілася дачка Марына, у 1978-м — сын Максім. Цяпер жонка і дзеці Грушавога жывуць у Нямеччыне.
У 25 гадоў абараніў кандыдацкую дысэртацыю
Тэма кандыдацкай дысэртацыі Генадзя Грушавога — «Аказіяналізм Нікаля Мальбранша». Мальбранш (1638-1715) — францускі філёзаф, ідэаліст, тэоляг, вядомы выразам «Ўсе рэчы мы бачым у Богу». Навуковую працу Генадзь пачаў пісаць на другім курсе. Для гэтага вывучыў францускую мову, шукаў дарэвалюцыйныя крыніцы інфармацыі.
Пасьля заканчэньня БДУ выкладаў на філязофскім факультэце і працаваў над кандыдацкай дысэртацыяй. Абараніўся ў 25 гадоў. Стаў намесьнікам загадчыка катэдры. Адразу пасьля кандыдацкай узяўся за доктарскую. Запрасілі ў Сарбону, але ў капіталістычную краіну Грушавога не пусьцілі — занадта малады. Чытаў лекцыі на францускай мове ў Буркіна-Фаса. Каля году працаваў у Нямеччыне, ва Ўнівэрсытэце Гумбальта.
Стварыў фонд «Дзецям Чарнобыля»
Як толькі зьявіўся рух «За дэмакратычныя перамены», Генадзь Грушавы сам прыйшоў на паседжаньне аргкамітэту па стварэньні Беларускага народнага фронту. Увесну 1989 году даведаўся важныя факты аб чарнобыльскай трагедыі. Кантактаваў з навукоўцамі. Яму зь іншымі грамадзкімі актывістамі ўдалося трапіць у чарнобыльскую зону (у Чэрыкаўскі і Слаўгарадзкі раёны). Генадзь быў узрушаны маштабамі трагедыі і тым, што гэта ўсё «затушоўвалася», хавалася.
У траўні 1989 году Грушавога афіцыйна зацьвердзілі кіраўніком камітэту БНФ «Дзеці Чарнобыля», які 20 лістапада 1990-га ператварыўся ў дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля». Першы гуманітарны канвой прыбыў у Беларусь з Малдовы, з Тыраспалю: 25 тон дзіцячага харчаваньня адправілі ў Хойнікі, Ветку, Слаўгарад. 19 сьнежня 1989 году першая група дзяцей зь вёскі Стрэлічава Хойніцкага раёну паехала на аздараўленьне ў Індыю.
Разам з жонкаю Ірынай, якая выдатна валодае нямецкаю мовай, яны арганізавалі лячэньне і аздараўленьне беларускіх дзетак за мяжою, а таксама дастаўку ў Беларусь тысяч тон гуманітарнай дапамогі: лекаў, мэдычнага абсталяваньня, чыстай ад радыяцыі ежы.
«Калі зьявіўся наш камітэт, а потым і фонд „Дзецям Чарнобыля“, падтрымка ад беларусаў вельмі бедная была, у асноўным яна была ад іншаземцаў. Лукашэнка дагэтуль кажа, што ўсё гэта праплаціў Захад. Але насамрэч гэта ня так. Захад прапанаваў супрацоўніцтва: дружбу, фінансавую, матэрыяльную падтрымку, мэдабсталяваньне, лекі, магчымасьць аздараўленьня і лячэньня дзяцей за мяжой. А мазгі, рукі, крэатыўнасьць і ініцыятыва паходзілі ад беларусаў», — успамінае Ірына Грушавая.
Сьвятлана Алексіевіч пра «бутэрброд Грушавога»
Генадзь Грушавы, на думку нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, першым сфармуляваў тыя зьмены, якія адбыліся ў сьвядомасьці грамадзтва з чарнобыльскай катастрофай. Філёзаф адукацыяй, ён змог трансфармаваць неразуменьне і страх, зьвязаныя з аварыяй, у стваральнае дзеяньне і спрабаваў навучыць гэтаму людзей.
Калі Сьвятлана Алексіевіч пісала сваю кнігу «Чарнобыльская малітва», сустракалася з многімі людзьмі, так ці інакш зьвязанымі з Чарнобылем. Пісьменьніцы параілі пазнаёміцца з Грушавым.
«Генадзь Грушавы — другі чалавек пасьля Алеся Адамовіча, які мяне так уразіў: як ён гаварыў, як бачыў рэчаіснасьць, як разумеў. Я ўбачыла ня толькі мэдычную, чалавечую працу, клопат аб выратаваньні дзяцей, а і аб захаваньні ў беларусаў пачуцьця, што сьвет не канчаецца, што пра іх хтосьці турбуецца. Генадзь — філёзаф, глядзіць на ўсё па-філязофску — тое, чаго заўсёды не хапала людзям, якія займаюцца гуманітарнай, праваабарончай працай. Мяркую, што расповед Генадзя Грушавога — самае цікавае ў маёй кнізе. Нам удалося быт узьняць на ўзровень быцьця. І гэта было галоўнае ў ягонай працы, гэта давала сьвятло ўсяму, што ён рабіў, — кажа ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі.
Сьвятлана Алексіевіч згадвала адну дэталь, якая яднала яе з Грушавым. Генадзь, калі езьдзіў па чарнобыльскай зоне, ніколі ня браў з сабой чыстай ежы: каб не пакрыўдзіць людзей, не паказаць, што ён чагосьці асьцерагаецца.
«Такое ж пачуцьцё было і ў мяне, калі я езьдзіла па чарнобыльскіх вёсках. Гэта было асабліва кантрасна, калі я была ў кампаніі з замежнымі журналістамі. Яны прыяжджалі са сваімі тэрмасамі, са сваімі вельмі гермэтычна запакаванамі бутэрбродамі. А я заўсёды саромелася ўзяць з сабой нават бутэльку вады. Я сядала за стол разам з гэтай жанчынай, якая толькі што апавядала, як яна нарадзіла і адразу пахавала дачку, як паміраў муж, як яна бачыла радыяцыю ў сябе на гародзе... Ну як ты будзеш выцягваць свой бутэрброд з кішэні? Гэта было сорамна. Я сядала за стол і ела тое, чым частавалі людзі.
І раптам Гена мне кажа тое самае. „Сьвятлана, у мяне дзеці, у мяне жонка маладая, я думаю: есьці ці ня есьці, ці сядаць за стол, дзе нас частавалі. Натуральна, сядаў, каб людзей не пакрыўдзіць сваім бутэрбродам“.
Але гэта ж была рызыка! Ніводзін эўрапеец гэтага б не зрабіў, ён бы падумаў пра сябе, жонку, дзяцей, ён бы вельмі рацыянальна да гэтага паставіўся. А ў нас, славянаў, зусім іншае пачуцьцё суседзтва. Мы ня можам, калі чалавек у бядзе і з намі падзяліўся, паставіцца да гэтага як да ведаў — мэдычных, гістарычных.
Калі я пачула, што ён цяжка захварэў, падумала, што гэты бутэрброд і зрабіў сваю чорную справу», — гаворыць пісьменьніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы чарнобыльскія людзі», — Сьвятлана Алексіевіч пра тое, чаму Чарнобыль так і ня стаў зьявай, пра якую гаворацьЗаклаў асновы народнай дыпляматыі з Захадам
Грушавы неаднойчы казаў, што Фонд «Дзецям Чарнобыля» ствараецца ня толькі дзеля таго, каб беларускія дзеці, што пацярпелі ад чарнобыльскай навалы, маглі паправіць сваё здароўе. Ён марыў пра тое, каб гэтыя дзеці, якія адпачывалі ў Нямеччыне і Швайцарыі, Аўстрыі і Францыі, у іншых цывілізаваных краінах, і ўбачылі на ўласныя вочы, як там жывуць людзі, — калі вернуцца ў Беларусь, то стануць носьбітамі эўрапейскіх гуманітарных каштоўнасьцяў.
На думку журналіста, тагачаснага ўласнага карэспандэнта газэты «Правда» па Беларус Аляксандра Ўліцёнка, менавіта Генадзь Грушавы закінуў зерне, якое ўзыходзіць сёньня, вызначае настроі грамадзтва.
«Празь яго адбылося масавае азнаямленьне беларускіх вяскоўцаў і гараджан з Эўропай і новым укладам жыцьця. Кажуць, што Пётар І прасек акно ў Эўропу для расейцаў. Дык вось, Грушавы прасек акно ў Эўропу для беларусаў. Толькі Пётар на ўзроўні чыноўнікаў, а Грушавы заклаў асновы народнай дыпляматыі з Захадам, па-за чынавенствам. Людзі сталі шчыра сябраваць і дапамагаць, а не міністэрствы „бабкі“ перапампоўваць.
Менавіта Чарнобыль сфармаваў беларускую нацыю, гэта адзін з чыньнікаў. Калі „бабахнула“, усе суседзі савецкія паадварочваліся, прасілі за дапамогу бартэр розны, бескарысьлівасьці не атрымлівалася. А несавецкія дапамагалі бескарысьліва. Тады народная ініцыятыва „Дзецям Чарнобыля“ змагла аздаравіць сотні тысяч дзяцей. І адбыўся, на мой погляд, вялізны мэнтальны штуршок да асэнсаваньня сябе нашымі ўчора яшчэ савецкім людзьмі ня проста дзіўнай безаблічнай грамадой, а менавіта нацыяй. Тады пачала нараджацца ў Беларусі паўнавартасная грамадзянская супольнасьць», — так ацэньвае ролю Грушавога журналіст Аляксандар Уліцёнак.
За арганізацыю першага «Чарнобыльскага шляху» атрымаў першую судзімасьць
Першы «Чарнобыльскі шлях» адбыўся 30 верасьня 1989 году. У ім бралі ўдзел каля 40 тысяч чалавек. За арганізацыю гэтай акцыі разам зь Зянонам Пазьняком і Юрыем Хадыкам Генадзь Грушавы атрымаў першую судзімасьць.
«Суд праходзіў па такім жа сцэнары, што і цяпер. Ніякай абароны, усе сьведкі з МУС. Я сказаў у судзе: «Вы ствараеце прэцэдэнт. Вы судзіце таго, хто абараняе людзей. Праз пару месяцаў вы зробіце зь мяне героя», — успамінаў пра той суд Грушавы.
Пазьней Генадзь Грушавы выказаў яшчэ адну прароцкую думку, якая надзвычай актуальная ў нашы дні:
«Нашыя турмы дыктуюць маральны кодэкс дзяржавы. Усё пераносіцца з турмаў у рэальнае жыцьцё. І людзі ўжо імкнуцца, як у турмах, — не да свабоды, а да зьмякчэньня рэжыму. Усе баяцца трапіць у штрафны ізалятар нават тут. Выйшаў на вуліцу, паманіфэставаў — ШЫЗА, паспрабаваў выступіць — пасадзілі на 15 сутак. Гэта што такое? Гэта і ёсьць турэмныя парадкі, якія фактычна дамінуюць у нашым соцыюме».
Год правёў у вымушанай эміграцыі
У сакавіку 1990 году Генадзь Грушавы быў выбраны ў Вярхоўны Савет БССР. У Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня ўваходзіў у апазыцыйную фракцыю БНФ.
Фонд «Дзецям Чарнобыля» пасьпяхова працягваў працаваць, але ўладам гэта не падабалася: энтузіястам перашкаджалі шматлікімі фінансавымі праверкамі, пазбаўлялі юрыдычнага адрасу. Сям’і Грушавых давялося выехаць. З сакавіка 1997 году па сакавік 1998-га яны знаходзіліся ў Нямеччыне праз пагрозу арышту. Успамінае Ірына Грушавая.
«У 1997 годзе на нас быў сур’ёзны наезд (разам з наездам на „Адкрытае грамадзтва“ Фонду Сораса і на Аналітычны цэнтар стратэгічных дасьледаваньняў „Захад — Усход“, старшынём якога быў Анатоль Майсеня, а пасьля ягонай гібелі — Леанід Заіка).
У фондзе з праверкай тады працаваў КДБ — дзьве жанчыны і адзін мужчына. Нібыта мы грузавікі з арміі ГДР перадалі на вёску і падрабілі дакумэнты — рублі перарабілі ў нямецкія маркі. Мы вымушаныя былі выехаць у 1997 годзе за мяжу праз пагрозу арышту. Тады ў Беларусь прыехала камісія на ўзроўні Бундэстагу. І камісія здолела даказаць, што гэта была фальсыфікацыя. Мы вярнуліся ў Беларусь», — падзялілася Ірына Грушавая.
Пасьля вяртаньня з-за мяжы Генадзь Грушавы працягнуў працу ў фондзе «Дзецям Чарнобыля». Аўтарытэт ва ўсім сьвеце і падтрымка ўнутры краіны былі такімі моцнымі, што ўладзе давялося адступіць. Генадзь Грушавы пачаў будаваць моладзевыя праграмы. Казаў, што на перамены можна спадзявацца толькі з моладзьдзю. Ён арганізоўваў «Майстэрні будучыні», якія цяпер бы назвалі «варкшопамі».
У сьнежні 2012 году Грушавы абвясьціў аб закрыцьці дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля». Сваё рашэньне ён патлумачыў тым, што чарнобыльскія дзеці вырасьлі і павінны самі пра сябе паклапаціцца.
Генадзь Грушавы адзначыў, што за 23 гады існаваньня фонду ўдалося вырашыць адну задачу дзяржаўнай важнасьці: «Мы павінны былі падняць гэтае правінцыйнае грамадзтва на дзейнасьць, зьвязаную з самадапамогай; на дзейнасьць, зьвязаную з тым, каб ратаваць уласных дзяцей сваімі рукамі і сіламі. І мы гэтую задачу выканалі», — заявіў тады Грушавы.
Памёр ад леўкеміі — «ад таго, з чым змагаўся ўсё жыцьцё»
Памёр Генадзь Грушавы 28 студзеня 2014 году ад леўкеміі. Быўшы цяжка хворым, у 2013 годзе ён пакінуў свой «Запавет» сябру Марату Гаравому.
«Калі амаль пяць гадоў таму я даведаўся, што ў мяне леўкемія, парушэньне структуры ДНК, я сказаў сабе: мне ў жыцьці пашанцавала, бо я памру ад таго, з чым змагаўся ўсё жыцьцё. Але я ня дам Чарнобылю аніякіх шанцаў. Я хацеў бы скончыць жыцьцё на той бойцы, у якую ўступіў 26 красавіка 1986 году i на якой знаходжуся апошнія 27 гадоў. Я з тымі, для каго працаваў пасьля Чарнобыля. Мой сыход — лягічнае завяршэньне майго жыцьця. Такі сыход дараваны мне Богам і лёсам. І я ўспрымаю яго як салдат на вайне, бо лепш загінуць падчас атакі на фронце, чым ад малярыі ў тыле.
Быць можа, сваім лёсам я каго-небудзь пераканаю, што ў Беларусі няма будучыні, калі ігнаруюцца наступствы Чарнобыля. Нельга спадзявацца, што ад гэтай трагедыі можна схавацца цi уцячы. Вось чаму дзяржава павінна займацца Чарнобылем самым сур’ёзным чынам. Толькі тады нацыя мае нейкую надзею на выратаваньне. У свой час я змагаўся за постчарнобыльскую Беларусь. А сёньня палова Эўропы змагаецца за мяне. Эўрапейцы даюць мне тыя лекі, якіх я ня мог даць хворым беларусам. І гэты аванс я павінен адпрацаваць напоўніцу...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запавет ГрушавогаПакінуў беларусам «Сад надзеі»
26 красавіка 1991 году, у пятую гадавіну чарнобыльскай катастрофы, Генадзь зь сябрамі-аднадумцамі заклаў памятны камень і асьвяціў месца будаўніцтва храма-помніка ахвярам Чарнобыля на вуліцы Прытыцкага ў Менску. На месцы новага прыходу ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых радасьць» Грушавы пасадзіў першы грушавы саджанец. Цяпер там буяе і пладаносіць цудоўны сад. І грушу, пасаджаную Генадзем, кожны год у дзень яго нараджэньня, 24 ліпеня, сябры і паплечнікі ўпрыгожваюць каляровымі стужкамі.