Уся маёмасьць беларуса Аляксандра Гойшыка месьціцца ў заплечніку на 55 літраў. Ужо два гады ён падарожнічае вакол сьвету. Свабода пагутарыла з вандроўнікам пра ягоны стыль жыцьця.
Грузчык, вандроўнік, майстар бурбалак
Мы размаўляем з Аляксандрам, які цяпер знаходзіцца ў Аўстраліі, каля Сіднэя. У яго позьні ранак, у Беларусі глыбокая ноч. Гэта прыблізна 78-я краіна, якую наведвае вандроўнік.
Гойшыку 37 гадоў, ён родам з Салігорску. Вучыўся камэрцыйнай дзейнасьці ў машынабудоўлі ў магілёўскім тэхнікуме, але гэтым не займаўся. Скончыў унівэрсытэт ва Ўроцлаве на кірунках «геаграфія, турызм» і «тэлерадыёжурналістыка». Працаваў журналістам.
Творчы псэўданім Zaza Gašek узяўся зь імя, якім яго называлі ў Грузіі, Zaza, а сугучнае свайму прозьвішчу Gašek беларус пазычыў у чэскага пісьменьніка Яраслава Гашэка.
Саша пачынаў езьдзіць яшчэ ў дзяцінстве разам з маці – у паломніцтвах да праваслаўных сьвятых мясьцін. Зразумеў, што яму падабаецца падарожнічаць. У самастойныя вандроўкі хлопец пачаў выбірацца ў пачатку 2000-х. Паезьдзіў па Беларусі, Эўропе і Азіі.
Ня хоча ў Расею і Самалі
Урэшце беларус захацеў аб’ехаць увесь сьвет. Вялікае падарожжа пачалося ў кастрычніку 2021 году. Стартаваў з Лацінскай Амэрыкі, потым у ЗША. Пасьля невялікага перапынку Аляксандар адправіўся ў другі этап па Новай Зэляндыі, Аўстраліі, Азіі.
«У мяне ёсьць плян праехаць па максымуме па Зямлі і наведаць самыя цікавыя месцы», — тлумачыць ён.
Ёсьць краіны, у якія складана трапіць, прызнаецца Аляксандар; іх варта наведваць, калі зьяўляюцца магчымасьці. Нядаўна турыстам «адкрылася» Саудаўская Арабія, куды цяпер можна прыехаць ня толькі з рэлігійнымі мэтамі. М’янма (Бірма) раней была больш адкрытая, а пасьля чарговага вайсковага перавароту ехаць туды стала небясьпечна.
«Варта карыстацца здаровым глуздам», — падкрэсьлівае падарожнік.
Сярод краінаў, якія ён ня хоча наведваць, — Расея, «якая пачала самую кровапралітную вайну пасьля Другой усясьветнай». Раней Саша ўжо праехаў «ад Уладзівастоку да Калінінграду».
«Я б таксама не хацеў паехаць у якую-небудзь Самалі, дзе ўвесь час страляюць: то тэракты, то піраты. Я не разумею кайфу. Ты не глядзіш краіну, ты глядзіш той кавалачак, які табе дазволіць узброены канвой», — кажа ён.
Рыхтаваўся сем гадоў
Падрыхтоўка да вялікага падарожжа заняла сем гадоў. Важна было самому сабе дазволіць паехаць. На думку Аляксандра, шмат хто хоча ў падарожжа вакол сьвету.
«Але большасьць кажа: «Мне яшчэ трэба грошай зарабіць, кватэру купіць, дзяцей выгадаваць, машыну адрамантаваць». Заўжды ёсьць «але». Я сем гадоў прыходзіў да разуменьня, што ніякага «але» няма. Пакуль я малады, здаровы, без асаблівых абавязкаў, я магу выехаць. Бо далей ужо нічога ня будзе», — прызнаецца ён.
Рыхтуючыся да дарогі, вандроўнік афармляў дакумэнты і зьбіраў грошы. Два гады працаваў у Швайцарыі.
«Швайцарыя ў нашай частцы плянэты — гэта дабраславёны край і найлепшае месца, дзе можна зарабіць», — перакананы Гойшык.
У будні ён працаваў у фірме, якая займалася ўлікам тавараў. Езьдзіў па краіне і лічыў прадукты ў супэрмаркетах. На выходных забаўляў мінакоў мыльнымі бурбалкамі. Кажа, што гэты занятак прынёс яму значную частку грошай.
Хлопец разьлічваў назьбіраць $10 тысяч за год, але атрымалася ў некалькі разоў больш, бо ён затрымаўся ў краіне праз пандэмію каранавірусу. Дакладнай сумы Саша не называе. На іх ён і падарожнічае амаль два гады. Сталай працы, нават дыстанцыйнай, ня мае. Але пры магчымасьці падпрацоўвае, хаця б грузчыкам. Разьлічвае, што запасу хопіць яшчэ на год-два.
«Трэба ўмець так жыць, каб ня траціць шмат грошай. Ты ня ходзіш па рэстарацыях, не купляеш апошніх айфонаў, але жывеш паўнавартасным жыцьцём. Я ня ведаю, калі наступным разам я буду зноў працаваць», — кажа ён.
Каб быць у добрай фізычнай форме, Аляксандар шмат хадзіў па гарах, праехаў на ровары па Швайцарыі 1500 кілямэтраў.
Галоўнае з усяго рыштунку — добрыя трэкінгавыя боты, перакананы падарожнік. На іх эканоміць нельга. Таксама прыдасца тэрмабялізна, дажджавік, куртка ад ветру. У Новай Зэляндыі ён пайшоў у горы пры штармавым папярэджаньні. Усё скончылася добра дзякуючы адпаведнай вопратцы і абутку.
Па Лацінскай Амэрыцы Саша езьдзіў на скутэры, таму мог дазволіць сабе два заплечнікі. У другім этапе кругасьветнага падарожжа ён езьдзіць аўтаспынам, таму мае толькі адзін заплечнік на 55 літраў. Ён можа важыць 12-17 кіляграмаў, залежыць ад зьмесьціва. Прыкладам, у Аўстраліі трэба мець з сабой 4 літры вады, бо цяпер там вельмі горача.
Што Аляксандар мае ў заплечніку:
- шорты, плаўкі, нагавіцы,
- некалькі маек,
- тэрмабялізну,
- сандалі, сланцы,
- трэкінгавыя боты,
- красоўкі («Іх я проста нашу, каб датаптаць»),
- карымат і спальнік («Імі я амаль не карыстаюся»),
- гамак («У ім я спаў 6 начэй у бразыльскай Амазоніі на паромах і дзьве ночы ў Аўстраліі пры дарозе»),
- ноўтбук («Хацелася б больш новы і тонкі, але стараюся не вазіць з сабой дарагіх рэчаў»),
- тэчка з дакумэнтамі,
- сродак ад камароў,
- спрэй ад загару («Пэрыядычна забываюся ім карыстацца і абгараю»).
«Галоўнае, каб у цябе была „мікрасхема“ ў галаве, каб ты ведаў, што ты робіш. Тады ты можаш ехаць зь мінімальным багажом», — дзеліцца Саша.
Ведае пяць моваў
Усяго Саша размаўляе на пяці мовах. Апошнюю, гішпанскую, вучыў у першым пункце свайго вялікага падарожжа, Гватэмале, тры тыдні, а потым у дарозе. Тры мовы лічыць роднымі: беларускую, польскую і расейскую. Першая ў жыцьці — расейская, сацсеткі вядзе на беларускай, на польскай вучыўся.
На думку суразмоўцы, у сьвеце можна абысьціся толькі ангельскай мовай, але гішпанская, асабліва ў Лацінскай Амэрыцы, памяншае высілкі на тлумачэньні. Яна ратавала яго і ў камунікацыі з вэнэсуэльскай паліцыяй, якая яго рабавала. Яго затрымлівалі на блёкпастах, абшуквалі, разьдзявалі да сподняга, патрабавалі грошай.
«Вялікі трубадур Мадура разам з Чавесам давялі краіну да ручкі і аддалі насельніцтва на водкуп сілавікам. Паліцыя фактычна займаецца законным рабункам. Ведаючы гішпанскую мову, ты можаш прыкідвацца дурнаватым грынга (іншаземцам. — РС), у якога нічога няма», — кажа суразмоўца.
Так ён на апошнім блёкпосьце аддаў усяго $5 з 15 наяўных, бо схлусіў, што гэта ягоныя апошнія грошы.
«Я месяц адсыпаўся, мне нічога не хацелася рабіць»
На апошніх краінах Лацінскай Амэрыкі Саша адчуў, што маральна стаміўся і хацеў бы адпачыць ад людзей і новых месцаў, застацца ў гостэле і праляжаць увесь дзень.
«Чылі, Парагвай, Бразылія проста калейдаскопам прайшлі», — успамінае ён.
Каб зноў атрымліваць асалоду ад падарожжа, ён вярнуўся на некалькі месяцаў да звычайнага жыцьця.
«Я вярнуўся ў Гватэмалу. Месяц адсыпаўся, мне нічога не хацелася рабіць», — успамінае ён.
Суразмоўца мяркуе, што ў выпадках стомы трэба «хапнуць» звычайнага жыцьця, «бытавухі», папрацаваць.
«Фізычная праца заўжды добра дапамагае, калі ты маральна не спраўляесься. Трэба пагараваць па 20 гадзінаў на дзень, тады ня будзе часу думаць, што нешта ў цябе ня так», — мяркуе ён.
Чаму тады ён ня спыніцца на паўдарогі? Саша кажа, што яму сапраўды падабаецца вандраваць. Ён нікому нічога ня хоча даказваць, проста часам варта рабіць перапынкі.
«Я шчасьлівы ў тым, што раблю. Мне цікава паглядзець сьвет, параўнаць розныя краіны, пабачыць самае цікавае, сустрэць людзей, пабачыць, як яны жывуць, паспрабаваць зразумець іхныя праблемы», — расказвае вандроўнік.
З часам галоўным у ягоных падарожжах сталі людзі, а не архітэктурныя ці прыродныя адметнасьці. Чым больш ён езьдзіць па сьвеце, тым больш заўважае, што ўсе людзі хутчэй падобныя, чым розныя.
«Яны кіруюцца агульначалавечымі каштоўнасьцямі. Добрых людзей значна больш, чым кепскіх, проста кепскіх лепш чуваць», — зазначае падарожнік.
Але часам вандроўніка вабяць і турыстычныя адметнасьці. Прыкладам, Вялікі бар’ерны рыф у Аўстраліі.
«Тое, што паказвалі ў Адысэі каманды Кусто ў дзяцінстве па тэлевізіі, я бачыў на свае вочы, калі ныраў з маскай. Ты думаў, што ты ўжо ўсё бачыў, цябе нічым не зачапіць, а тут такое „Ух ты!“», — кажа ён.
Шукае беларусаў, гатуе ім дранікі
Апошнія паўгода Саша шукае ў дарозе беларусаў. Яны яго прымаюць на начлег, ён ім расказвае пра падарожжа, гатуе дранікі ці калдуны.
«Магчыма, іхныя дзеці першы раз чуюць беларускамоўнага чалавека», — зазначае вандроўнік.
Яму цікава сустрэць землякоў, зь якімі рос у падобных умовах, мае падобны культурны код, якія на другім канцы сьвету застаюцца беларусамі. Саша ня можа цяпер паехаць у Беларусь, а да беларусаў прыяжджае, быццам дадому.
«Нашыя беларусы — самы галоўны скарб, золата. У мяне самыя прыемныя ўражаньні ад кантактаў зь землякамі», — кажа вандроўнік.
Ён лічыць, што беларусы клясныя, як і ўсе людзі на плянэце.
Там, дзе цяпер падарожнічае Аляксандар, амаль нічога ня ведаюць пра Беларусь. Часта размовы пра яе зводзяцца да тэмы вайны Расеі з Украінай і палітвязьняў.
Паезьдзіўшы па сьвеце, Саша кажа, што хацеў бы жыць у Беларусі. У такой, якая імкнецца разьвівацца.
«Калі гэта будзе Беларусь узору да 2020 году, дзе нібыта магчыма жыць, калі моцна ня лезеш у палітыку, можаш зарабляць грошы, але ўсё адно ёсьць сыстэма, якая цісьне, як цесныя боты, то я ня ведаю, ці я хацеў бы ў такой краіне жыць. Калі ты пажывеш у свабодных краінах, калі пабачыш, як працуе Швайцарыя, то пасьля на кантрасьце цяжка. Зноў вяртацца ва ўнутраную міграцыю я не хацеў бы», — прызнаецца вандроўнік.
«Мой дом у маім тэлефоне і маім заплечніку»
Саша адзначае, што падарожжа паказала яму, што ён не такі экстравэрт, як раней думаў, што яму часам хочацца пабыць у самоце. Дарога навучыла яго быць больш спакойным і не хвалявацца, калі ня можаш паўплываць на сытуацыю. А яшчэ стратэгічна думаць і прымаць слушныя рашэньні.
Саша мяркуе, што ягоны лад жыцьця не перашкода, каб уваходзіць у новыя стасункі. Сваю каханую ён сустрэў у падарожжы ў Гватэмале. Яна паходзіць з Украіны.
«Гэта чалавек, які са мной на адной хвалі. Яна прымае мой стыль жыцьця, яна поруч, яна мая апора. Яна жыве сваім жыцьцём, я сваім, але мы стараемся падтрымліваць адно аднаго, быць разам», — кажа хлопец.
На пытаньне, дзе цяпер ягоны дом, падарожнік адказвае: «У маім тэлефоне і ў маім заплечніку».
Калі скончыцца ягоны шлях вакол сьвету, беларус ня ведае. Ён вандруе, пакуль яму падабаецца, пакуль ёсьць сілы. Фінансаў хопіць яшчэ на два гады. Перад ім Аўстралія і Азія. Афрыкі ў гэтым падарожжы ня будзе. Ён разумее, што пасьля вяртаньня, хутчэй за ўсё, прыйдзе пустата, як бывае ва ўсіх вандроўнікаў.
«Тады пачнецца іншы этап, прыгода пад называй „жыцьцё“. Дарослае жыцьцё, як ува ўсіх людзей. Варта прыдумаць сабе іншую мару, паставіць сабе іншую мэту», — думае суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17,5 тысячы кілямэтраў да дому. Як дзяўчына з Палесься апынулася ў Новай Зэляндыі і чаму яна там размаўляе на роднай гаворцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Многія дзеці ходзяць у школу нават без заплечнікаў». Як беларуская рамесьніца пераехала ў Фінляндыю, падалей ад вайны ва Ўкраіне