У расейскай Думе разглядаюць закон аб канфіскацыі маёмасьці за «фэйкі аб арміі»

Дзяржаўная Дума Расеі, архіўнае фота

Фэйкамі і дыскрэдытацыяй расейскія суды прызнаюць фактычна любую праўдзівую інфармацыю пра вайну Расеі супраць Украіны.

У Дзяржаўную Думу Расеі ўнесены законапраект з папраўкамі ў Крымінальны кодэкс, якія прапануюць канфіскоўваць маёмасьць грамадзян, асуджаных паводле артыкулаў аб распаўсюджваньні фэйкаў пра расейскую армію, аб закліках да экстрэмізму і да санкцый у дачыненьні да Расеі. Такі закон зьявіўся ў Расеі пасьля пачатку вайны з Украінай, паводле яго караюць за публічныя выступы супраць гэтай вайны.

Сьпікер Дзярждумы Расеі Вячаслаў Валодзін раней заявіў, што новы закон дазволіць уладам канфіскоўваць грошы, каштоўнасьці ці іншую маёмасьць. Паводле яго, яны выкарыстоўваюцца «для фінансаваньня злачыннай дзейнасьці супраць бясьпекі Расеі». Таксама закон дазволіць пазбаўляць асуджаных ганаровых званьняў.

Пад дзеяньне новага закону падпадуць восем артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

У тым ліку: аб распаўсюджваньні заведама ілжывай інфармацыі пра расейскае войска, аб дыскрэдытацыі расейскай арміі, аб публічных закліках да экстрэмізму, публічных закліках да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі, публічных закліках супраць бясьпекі дзяржавы, закліках да ўвядзеньня санкцый у дачыненьні да Расеі і яе грамадзян, аб рэабілітацыі нацызму, аб аказаньні садзейнічаньня ў выкананьні рашэньняў міжнародных арганізацый, у якіх Расея ня ўдзельнічае.

Большасьць гэтых артыкулаў былі ўведзеныя ў Крымінальны кодэкс або сталі больш жорсткімі пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Законапраект быў распрацаваны дэпутатамі Дзярждумы ад прапуцінскай партыі «Адзіная Расея» Васіліем Піскаровым, Ірынай Яравай і Аленай Ямпольскай.

Фэйкамі і дыскрэдытацыяй суды прызнаюць фактычна любую інфармацыю аб вайне Расеі супраць Украіны, якая супярэчыць афіцыйнай пазыцыі Крамля. Як мінімум палову выракаў у справах аб фэйках аб арміі суды вынесьлі за выказваньні аб забойстве мірных жыхароў Украіны расейскімі вайскоўцамі.

А як у Беларусі

21 сьнежня 2022 году Палата прадстаўнікоў Беларусі прыняла закон «Аб канфіскацыі маёмасьці».

У законе ўказана, што ён прыняты «з улікам неабходнасьці неадкладнага і эфэктыўнага рэагаваньня на існыя пагрозы нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусі ў рэжыме спэцыяльных абмежавальных мераў» і накіраваны на «гарантаваньне нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі, яе эканамічнай стабільнасьці, абарону правоў і законных інтарэсаў беларускіх юрыдычных і (або) фізычных асобаў, інтарэсаў грамадзтва і дзяржавы».

Адабраньне маёмасьці будзе адбывацца «па матывах грамадзкай неабходнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камісія ўраду РФ ухваліла канфіскацыю маёмасьці ў асуджаных за «фэйкі пра армію»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі завочна асудзілі былую супрацоўніцу Першага канала на 8,5 года за антываенную акцыюУсьлед за Беларусьсю: у Расеі прапанавалі пазбаўляць грамадзянства па нараджэньні за «экстрэмізм»Пуцін узаконіў дэпартацыю жыхароў анэксаваных тэрыторый Украіны, якія адмовіліся прыняць расейскае грамадзянстваУ Расеі засудзілі свайго вайскоўца, які прызнаўся, што забіў украінца, за «фэйкі» аб расейскай арміі