Сэнатары ад анэксаванага Крыму і самаабвешчанай «ЛНР» унесьлі ў Дзярждуму РФ законапраект аб пазбаўленьні грамадзянства Расіі па нараджэньні за «дыскрэдытацыю» арміі, дэзэртырства і заклікі да экстрэмізму, піша «Коммерсантъ».
Трое сэнатараў ад анэксаванага Крыму і сэнатар ад так званай «ЛНР» прапануюць дэпутатам Дзярждумы ўнесьці папраўкі да прынятага ў красавіку 2023 года закону, згодна з якімі пазбавіць грамадзянства за названыя злачынствы можна ня толькі тых, хто набыў яго на падставе фэдэральнага канстытуцыйнага закона, міжнароднай дамовы ці прыёму ў грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі, але і атрымаў яго пры нараджэньні.
Акрамя таго, аўтары ініцыятывы прапанавалі пазбаўляць грамадзянства РФ людзей, якія ствараюць «пагрозу нацыянальнай бясьпецы», незалежна ад таго, набытае яно або атрыманае пры нараджэньні.
Кіраўнік канстытуцыйнага камітэта Савету Фэдэрыцыі Андрэй Клішас раскрытыкаваў прапанаваны сэнатарамі праект, падкрэсьліўшы, што ён «супярэчыць Канстытуцыі».
У канцы красавіка Ўладзімір Пуцін падпісаў новую рэдакцыю закона «Аб грамадзянстве Расейскай Фэдэрацыі», паводле якой пазбаўляць набытага грамадзянства будуць за «дзеяньні, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы», у тым ліку за ваенныя «фэйкі» і «дыскрэдытацыю» арміі РФ. Сярод іншых парушэньняў, за якія цяпер у Расеі могуць пазбаўляць набытага грамадзянства, — масавыя беспарадкі, неаднаразовае парушэньне закона аб мітынгах, ухіленьне ад вайсковай службы, дэзэртырства, невыкананьне заканадаўства аб «замежных агентах».
11 ліпеня ў Беларусі набылі сілу зьмены ў законе «Аб грамадзянстве», згодна зь якімі ўлады атрымалі магчымасьць пазбаўляць грамадзянства, у тым ліку атрыманага па нараджэньні, за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь асобамі, якія знаходзяцца за межамі краіны.
Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.