Камісар Эўразьвязу ў пытаньнях унутранага рынку Т'еры Брэтан заявіў, што прадпрыемствы краін ЭЗ здольныя вырабіць у 2024 годзе ня менш як 1,3 мільёна артылерыйскіх снарадаў.
Паводле яго, Эўрапейская камісія працягне працаваць над павелічэньнем вытворчых магутнасьцяў — і да канца 2024 году, магчыма, выпусьціць ад 1,3 да 1,4 мільёна снарадаў. Брэтан заявіў, што і ў наступным годзе выпуск снарадаў будзе нарошчвацца.
Бэльгійская тэле- і радыёкампанія RTBF удакладняе, што эўракамісар ня стаў называць цяперашнія аб’ёмы вытворчасьці снарадаў з прычыны сакрэтнасьці такіх дадзеных.
У 2023 годзе Ўкраіна атрымала ад Эўразьвязу 480 тысяч снарадаў замест абяцанага Брусэлем 1 мільёна адзінак, паведамляла агенцтва Reuters 6 сьнежня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн падпісаў рэкордны абаронны бюджэт ЗША з дапамогай для ЎкраіныУжо ў сакавіку ці красавіку, паводле Брэтана, будзе вырашана раней пастаўленая задача: давесьці гадавую вытворчасьць снарадаў да аднаго мільёна.
Брэтан таксама адзначыў, што прыярытэтнай задачай зьяўляецца пастаўка Ўкраіне найбольшай часткі вырабленых у Эўропе снарадаў. RTBF цытуе выказваньне эўракамісара: «Мы перажываем вырашальны момант у падтрыманьні нашай калектыўнай бясьпекі [...] Эўропа павінна і працягне падтрымліваць Украіну ўсімі сродкамі».
Пры гэтым, як адзначае RTBF, перад абароннай прамысловасьцю ЭЗ стаіць падвойная задача: надаць ваенную дапамогу Украіне і аднавіць уласныя рэзэрвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Брытаніі з красавіка павялічыць вайсковую дапамогу Ўкраіне да 2,5 мільярда фунтаў стэрлінгаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FT: Эўразьвяз рыхтуе плян падтрымкі Ўкраіны ў абыход вэта Вугоршчыны