Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FT: Эўразьвяз рыхтуе плян падтрымкі Ўкраіны ў абыход вэта Вугоршчыны


Эўразьвяз рыхтуе «плян Б», каб вылучыць Украіне 20 мільярдаў эўра дапамогі ў абыход вета Вугоршчыны, паведамляе DW са спасылкай на Financial Times. Сродкі могуць узяць у доўг пад гарантыі краінаў-чальцоў ЭЗ. Кіеў павінен атрымаць дапамогу не пазьней за сакавік 2024 году.

Эўрапейскі Зьвяз рыхтуе «плян Б», каб вылучыць Украіне 20 мільярдаў эўра макрафінансавай дапамогі да 2027 году ў абыход вэта Вугоршчыны — калі з Будапэштам не атрымаецца дамовіцца. Пра гэта ў сераду, 27 сьнежня, паведаміла газэта Financial Times са спасылкай на дасьведчаныя крыніцы. Паводле іх, неабходныя сродкі могуць быць пазычаныя на рынках капіталу пад гарантыі, якія возьмуць на сябе перад бюджэтам ЭЗ краіны-чальцы.

Такая схема не патрабуе ўхвалы ад усіх краінаў Эўразьвязу — у адрозьненьне ад выдзяленьня грошай зь бюджэту ЭЗ, чаму пярэчыць Вугоршчына.

Гарантыі павінныя будуць даць краіны з высокімі крэдытнымі рэйтынгамі; у некаторых зь іх — такіх, як Нямеччына і Нідэрлянды — для гэтага трэба будзе атрымаць ухвалу парлямэнтаў. Аднак у Брусэлі плянуюць завяршыць гэтыя працэдуры да сакавіка — менавіта такі крайні тэрмін быў усталяваны для аказаньня дапамогі Кіеву.

Недахоп гэтага пляну ў тым, што ён ня будзе мець на ўвазе цэнтралізаванага выдзяленьня Ўкраіне грантаў ад ЭЗ. Аднак асобныя краіны-чальцы змогуць зрабіць гэта на двухбаковай аснове, зазначаюць крыніцы FT.

Яшчэ адзін запасны плян, паводле іх, гэта выдзяленьне Ўкраіне танных кароткатэрміновых крэдытаў. Паводле гэтай схемы Кіеў сёлета ўжо атрымаў ад Брусэля 18 мільярдаў эўра. Але такі варыянт патрабуе ўхваленьня большасьці краінаў Эўразьвязу.

Ад рашэньня ЭЗ залежыць выдзяленьне траншу МВФ

Калі лідэры ЭЗ дасягнуць кансэнсусу наконт выдзяленьня макрафінансавай дапамогі Ўкраіне на заплянаваным саміце 1 лютага, гэта гарантуе выдзяленьне Кіеву новага траншу ад Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), у памеры каля 900 мільёнаў даляраў, піша Financial Times. Гэта дазволіць Кіеву не друкаваць грошы для пакрыцьця дэфіцыту бюджэту, што пагражае ростам інфляцыі, гаворыцца ў матэрыяле.

Вугоршчына блякуе дапамогу Ўкраіне з чэрвеня

Вугоршчына перашкаджае спробам ЭЗ выдзеліць макрафінансавую дапамогу Кіеву з чэрвеня. Прэм’ер-міністар краіны Віктар Орбан патрабуе, па-першае, каб Украіна зрабіла справаздачу, на што яна выдаткавала ўжо выдзеленыя ёй сродкі, а па-другое — каб Брусэль разблякаваў належную Будапэшту дапамогу Эўразьвязу, якую замарозілі з прычыны сумневаў у незалежнасьці вугорскай судовай сыстэмы.

Перад самітам Эўразьвязу 14 сьнежня 10 мільярдаў эўра з гэтых сродкаў былі разблякавалі — аднак Вугоршчына ўсё роўна зноў наклала вэта на выдзяленьне Ўкраіне дапамогі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG