Урад Вялікай Брытаніі ўхваліў рашэньне аб павелічэньні з новага фінансавага году, які пачынаецца ў краіне з 6 красавіка, фінансаваньня вайсковай дапамогі Ўкраіне да 2,5 мільярда фунтаў стэрлінгаў.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце брытанскага ўраду, адначасова Вялікая Брытанія ўзяла на сябе найбольшыя ў гісторыі абавязаньні ў вытворчасьці неабходных Украіне бесьпілётнікаў.
Чакаецца, што гэтыя рашэньні брытанскі прэм’ер Рышы Сунак абвесьціць 12 студзеня, у часе свайго візыту ва Ўкраіну. Тады бакі падпішуць «гістарычную брытанска-ўкраінскую дамову аб супрацоўніцтве ў галіне бясьпекі».
«Вялікая Брытанія ўжо зьяўляецца адным з найбліжэйшых партнэраў Украіны, таму што мы прызнаем, што іх бясьпека — гэта наша бясьпека. Сёньня мы ідзём далей — павялічваем нашу вайсковую дапамогу, пастаўляем тысячы самых сучасных бесьпілётнікаў і падпісваем новае гістарычнае пагадненьне аб бясьпецы, каб даць Украіне гарантыі, неабходныя ёй у доўгатэрміновай пэрспэктыве», — заявіў брытанскі прэм’ер.
Па прыезьдзе ў Кіеў Рышы Сунак разьмясьціў фота на сваёй старонцы на плятформе X (колішні Twitter), а ў подпісе пад ім напісаў:
«Я ва Ўкраіне, каб перадаць простае пасланьне. Наша падтрымка ня можа і не паслабіцца. Усім украінцам: Брытанія з вамі — столькі, колькі будзе патрэбна».
Рышы Сунак прыяжджаў у Кіеў у лістападзе 2022 году. Тады па выніках візыту Вялікая Брытанія ўзяла абавязаньні аб перадачы Ўкраіне 125 зэнітных установак, дзясяткаў радараў, сродкі СПА, а таксама сыстэмы электроннай барацьбы з ударнымі дронамі.