Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за два выбухі ў Іране 3 студзеня, у трохгадовую гадавіну гібелі генэрала Касема Сулеймані.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
У выніку выбухаў загінулі каля 100 чалавек, шмат людзей атрымалі раненьні на могілках, дзе пахаваны Сулеймані, забіты ў Іраку ў 2020 годзе амэрыканскім бесьпілётнікам.
«У заяве, апублікаванай у сваіх Telegram-каналах, баявая суніцкая мусульманская групоўка паведаміла, што два чальцы „Ісламскай дзяржавы“ прывялі ў дзеяньне свае паясы з выбухоўкай у натоўпе, які сабраўся на могілках у паўднёва-ўсходнім іранскім горадзе Керман у сераду на гадавіну сьмерці Сулеймані», — піша агенцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране ад выбухаў загінулі больш за 100 чалавек, яшчэ больш за 100 атрымалі раненьні- 3 студзеня ў горадзе Керман у Іране адбыліся два выбухі. Яны раздаліся падчас праходжаньня жалобнай працэсіі да магілы Сулеймані. Адзін з выбухаў адбыўся за 700 мэтраў ад магілы, другі — за кілямэтар.
- Паводле апошніх зьвестак, у выніку двух выбухаў загінулі 84 чалавекі, яшчэ 284 атрымалі раненьні.
- Тэгеран паабяцаў адпомсьціць за тэракты. «Рукі салдат Сулеймані нанясуць ім вельмі моцны ўдар», — заявіў першы віцэ-прэзыдэнт Ірану Махамад Махбэр.
- Касем Сулеймані ўзначальваў элітнае спэцпадразьдзяленьне «эль-Кудс» у Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) і займаўся рэалізацыяй таемных апэрацый па-за межамі Ірану. Яго забілі ў Багдадзе ў 2020 годзе ў выніку авіяўдару па аўтакалёне.