Віцэ-прэзыдэнт Ірану Махамад Махбэр падчас сустрэчы 17 кастрычніка ў Менску заклікаў Аляксандра Лукашэнку выступіць супраць «прыгнёту народу Палестыны і дапамагчы пакласьці канец гэтым злачынствам», паведамляе іранскае агенцтва IRNA.
Таксама ўчора падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам першы віцэ-прэзыдэнт Ірану заклікаў беларускі бок адмовіцца ад «варожых валют» ва ўзаемным гандлі.
Паводле інфармацыі IRNA, Махбэр заявіў, што Іран падтрымлівае Беларусь у яе імкненьні стаць паўнапраўным сябрам BRICS і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Першы віцэ-прэзыдэнт Ірану зьвярнуў увагу на тое, што ягоная дзяржава «знаходзіцца ў цэнтры 15 краінаў», і Беларусь можа «безь якіх-небудзь асьцярог» выкарыстоўваць «магчымасьці іранскага калідора» для экспарту і транзыту тавараў.
Па выніках сустрэчы кіраўніцтва Міністэрства нафты Ірану і канцэрну «Белнафтахім» быў падпісаны мэмарандум аб узаемаразуменьні. Паводле дадзеных агенцтва Iran Press, у дакумэнце адзначаецца, што Іран будзе экспартаваць у Беларусь тэхнічныя і інжынэрныя паслугі, нафтавае абсталяваньне і нафтахімічную прадукцыю.
Іранскі чыноўнік таксама абазначыў тры найважнейшыя пытаньні, якія павінныя вырашыць Іран і Беларусь: банкаўскія разьлікі, зьняцьцё візавых абмежаваньняў і прамыя авіярэйсы паміж краінамі.
Іран шмат гадоў жыве ва ўмовах жорсткага санкцыйнага рэжыму. Больш жорсткага, чым той, у якім цяпер апынулася Беларусь. Прычына — другасныя санкцыі. І Беларусь асьцерагалася ісьці на актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва з Іранам, бо была рызыка трапіць пад другасныя заходнія санкцыі. Гэта і абумовіла пэўны «адыход» ад свайго саюзьніка, падзеньне паказьнікаў. Аднак цяперашняе ўзмацненьне ізаляцыі Рэспублікі Беларусь спрыяе новым пашыраным кантактам з Іранам.