Беларускае рэха маскоўскай «голай вечарынкі». Хто цяпер сапраўдныя героі нашага часу?

Ілюстрацыйны каляж

Кантроль за прыватным жыцьцём людзей — гэта пэўны маркер, індыкатар таталітарнай дзяржавы. І як толькі дзяржава пачынае барацьбу з ЛГБТ пад выглядам змаганьня з «прапагандай нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі», можна пэўна сьцьвярджаць: адбываецца рух да таталітарызму.

Сьцісла:

  • Улады Беларусі люстрана паўтараюць расейскі інфармацыйны парадак дня.
  • Разгон «хэнтай-вечарынкі» ў Менску — гэта дэманстрацыя таго, што ідэалягема «рускага сьвету» з апорай на «традыцыйныя каштоўнасьці» ў Беларусі рэалізуецца больш эфэктыўна, чым у самой Расеі.
  • Сам факт правядзеньня «голай вечарынкі» падрывае фундамэнтальныя ідэалягічныя ўстаноўкі наконт захаваньня ў Расеі «традыцыйных каштоўнасьцяў».
  • Прыкмета таталітарнай дзяржавы — гэта кантроль за прыватным жыцьцём грамадзян.

Рэакцыя, палітычнае рэха «голай вечарынкі» расейскіх зорак шоў-бізнэсу адгукнулася ня толькі ў Расеі. Гэтае рэха ў розных варыяцыях дакацілася і да Беларусі.

Напрыклад, прапагандыст Russia Today Канстантын Прыдыбайла распаўсюдзіў грубы фэйк: апублікаваў фатаздымак нібыта з «голай вечарынкі» ў штабе БНФ у 90-я гады. Насамрэч гэта мантаж з здымка, зробленага ў Расеі шмат гадоў таму.

А сілавікі ў Беларусі разагналі «хэнтай-вечарынку» моладзі. Хэнтай — жанр японскай анімацыі и коміксаў з эратычнай і парнаграфічнай тэматыкай. Затрымалі каля 10 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зладзілі «хэнтай-вечарынку». Адбыліся затрыманьні

Тое, што беларускія ўлады люстрана паўтараюць расейскі інфармацыйны парадак дня, даўно вядома. То Аляксандар Лукашэнка ўручае Рыгору Аазаронку вагнэраўскую кувалду. То сынхронна прымаюцца законы, скіраваныя супраць «прапаганды ЛГБТ».

У гэтым выпадку адметная хуткая рэакцыя сілавікоў на «хэнтай-вечарынку», хоць раней на такія імпрэзы не зьвярталі асаблівай увагі. Важна было прадэманстраваць публіцы, што ў Беларусі «ня рыпнесься»: тут, у адрозьненьне ад Расеі, парадак, такія голыя вечарынкі ці немагчымыя, ці яны хутка спыняюцца АМАПам. А прапагандуецца тым часам навагодні баль з удзелам Лукашэнкі і вышэйшых чыноўнікаў, дзе ўсе ва ўрачыстых строях. Гэта дэманстрацыя таго, што ідэалягема «рускага сьвету» з апорай на «традыцыйныя каштоўнасьці» ў Беларусі рэалізуецца лепш, чым у самой Расеі. Там «голая вечарынка», а тут сілавы разгон «непатрэбства» і навагодні баль. Ацаніце кантраст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія зоркі запісваюць пакаяньні пасьля «голай» вечарынкі. На імпрэзе былі і беларусы

Але вернемся да грамадзка-палітычнага фэномэну «голай вечарынкі» ў Расеі і ўсіх акалічнасьцяў, зьвязаных зь ёю. Гаворка нават не пра сам факт, а пра рэакцыю на яго. Тут шмат аспэктаў.

Гэта і спроба пераключыць увагу грамадзтва, адцягнуць яе ад непрыемных пытаньняў, зьвязаных з хадой вайны супраць Украіны.

Сам гэты выпадак падрывае фундамэнтальныя ідэалягічныя ўстаноўкі, якія імкнецца трансьляваць Крэмль. Бо пачынаючы глябальную канфрантацыю з ЗША і ЭЗ, Масква тлумачыць яе несумяшчальнасьцю каштоўнасных прынцыпаў. Крэмль разглядае цяперашнюю вайну з Украінай і Захадам як экзыстэнцыйны канфлікт цывілізацый. Маўляў, гаворка ня толькі пра NATO і «нацызм» ва Ўкраіне. Тут стаўкі вышэйшыя. Ідзецца пра барацьбу бездухоўнай, маральна разбэшчанай «Гейропы» з «рускім сьветам», які грунтуецца на «традыцыйных каштоўнасьцях», хрысьціянскай маралі, дзе не прызнаюць ЛГБТ ды іншых лібэральных ідэй. Вайна ва Ўкраіне — гэта барацьба за ўратаваньне сьвету ад заходняга вычварэнства. Ні больш ні менш. Гаворка, па сутнасьці, пра расейскае мэсіянства сусьветна-гістарычнага маштабу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзед Мароз ці сьвяты Мікалай? Каго беларусы запросяць павіншаваць сваіх дзяцей сёлета

І раптам у самы разгар гэтай экзістэнцыйнай барацьбы Крэмль атрымлівае такі ўдар у сьпіну. Ледзьве ён пасьпеў пераварыць «здраду» легендаў расейскага шоў-бізнэсу Алы Пугачовай і Максіма Галкіна, як іншыя зоркі мас-культуры, своеасаблівыя мясцовыя «іконы стылю», зьдзейсьнілі ўчынак, які разбурае ўсю міталягему пра славутую расейскую духоўнасьць і традыцыйныя каштоўнасьці. Адсюль такая рэакцыя афіцыёзнай «грамадзкасьці», прымус да пакаяньня (тут ужо нешта пазнавальна беларускае). Цяпер у якасьці «працы над памылкамі» ўсім удзельнікам «голай вечарынкі», верагодна, давядзецца ехаць з канцэртамі на Данбас і ў Крым.

І яшчэ адзін аспэкт. Кантроль за прыватным жыцьцём людзей — гэта такі маркер, індыкатар таталітарнай дзяржавы. Як пісаў вядомы расейскі публіцыст, паэт Дзьмітрый Быкаў, «наша духоўнасьць чамусьці заўсёды забараняльная, а барацьба зь бездухоўнасьцю непазьбежна перарастае ў пагром».

Як толькі дзяржава пачынае барацьбу з ЛГБТ пад выглядам змаганьня з «прапагандай нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі», можна пэўна сьцьвярджаць: адбываецца рух да таталітарызму.

Вельмі адметна, як у Беларусі «інфаказачка» Вольга Бондарава зацята змагаецца з праявамі нетрадыцыйнай культуры. Апошнім разам яна прычапілася да выявы сьнегавіка на Галоўпаштамце, назваўшы яго «элгэбэтэшным старыканам». Вось яна, сапраўдная гераіня нашага часу, а ня нейкія там Кіркораў, Лаліта ці Ксенія Сабчак.