Вядомы літоўскі актор Уладас Багдонас расказаў, што ягоная жонка, грамадзянка Беларусі Алены Ліопа, была вымушаная зьехаць на радзіму, бо ў яе скончыўся дазвол на жыхарства ў Літве. Сям’я зьвярталася ў літоўскі Дэпартамэнт міграцыі, але, паводле Багдонаса, адказу не атрымала. На пост актора ў сацсетках адгукнулася кіраўніца ведамства Эвэліна Гудзінскайце, піша Delfi.lt.
Праблему, зь якой сутыкнулася ягоная сямʼя, Уладас Багдонас апісаў у Фэйсбуку і папрасіў парады. Ён сказаў, што тры гады таму ажаніўся з грамадзянкай Беларусі. 9 сьнежня ў яе скончыўся тэрмін дзеяньня дазволу на жыхарства, і ёй давялося вярнуцца ў Беларусь. Багдонас заўважыў, што вайна пачалася ў 2022 годзе, і ягоная жонка «ня мае нічога агульнага з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну», і дадаў, што зьвярнуўся ў Дэпартамэнт міграцыі і ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі.
29 сьнежня на пост Багдонаса ў сацсетках адрэагавала кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы Эвэліна Гудзінскайце. Яна запэўніла, што заяўку па справе жонкі актора Алены Ліопа разглядаюць, а рашэньне па ёй будзе прынятае 13 студзеня.
«Я вас разумею, разумею, што важна быць з блізкім у сьвяты, гэта найважнейшае. Але зараз у нас ёсьць такіх 18 000 чалавек, якія для кагосьці важныя. Усе заяўкі мы імкнемся разгледзець як мага хутчэй. Усе дзяржаўныя ведамствы працуюць, стараюцца, але колькасьць гадзін у сутках абмежаваная. Прашу вашага цярпеньня і разуменьня», — пісала Гудзінскайтэ.
Уладас Багдонас — літоўскі актор тэатру і кіно, народны артыст Літоўскай ССР, ляўрэат Нацыянальнай прэміі Літвы ў галіне культуры і мастацтва. У 1985 годзе выканаў ролю партызана Рубяжа ў фільме «Ідзі і глядзі». Ягоная жонка Алена Ліопа — тэатральная журналістка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Літвы дэпартавалі беларуса, які 17 гадоў пражыў там паводле дазволу на жыхарстваГэта ня першы раз, калі грамадзяне Беларусі сутыкаюцца з праблемамі падаўжэньня дазволу права жыхарства ў Літве. Delfi ужо пісала пра тое, што беларуса Аляксея, які пражыў тут 17 гадоў, напрыканцы лістапада 2023 году выслалі на радзіму, і яму давялося пакінуць жонку і дваіх дзяцей.
Від на жыхарства яму наогул не працягнулі. Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы вырашыў, што гэты мужчына ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы, бо 20 гадоў таму служыў у беларускім войску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы ўхваліў папраўкі, якія дазволяць выдаваць беларусам гуманітарны дазвол на жыхарства на 3 гады- 26 сьнежня Сейм Літвы ўхваліў папраўкі да закону аб прававым статусе іншаземцаў, якія сярод іншага дазволяць выдаваць беларусам, што прыбылі краіну пры пасярэдніцтве МЗС, дазвол на жыхарства з гуманітарных прычын не на адзін, а на тры гады.
- Закон адправілі на подпіс прэзыдэнту Літвы Гітанасу Наўседу.
- Прапанову павялічыць тэрмін дзеяньня гуманітарнага ДНЖ да трох гадоў унесла міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце. Яна аргумэнтавала гэта тым, што адпаведны дакумэнт выдаюць у асноўным грамадзянам Беларусі, якія ратуюцца ад рэжыму Лукашэнкі, а сытуацыя ў Беларусі ўжо «доўгі час не мяняецца».
- Камітэт нацыянальнай бясьпекі і абароны Сейму, які ўзначальвае дэпутат Лаўрынас Кашчунас, выступіў супраць гэтай прапановы, камітэт замежных справаў такія папраўкі падтрымаў.