«Спыняйце рэкляму, спыняйце дзейнасьць, пішыце заяву на ліквідацыю»
Як расказаў Свабодзе выкладчык польскай мовы (мы не называем ягонае імя дзеля бясьпекі. — РС), на мінулым тыдні ў Менску закрылі прынамсі дзьве прыватныя школы польскай мовы.
Здымкі візыту людзей у форме ў адну з установаў апублікаваў тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў.
Як расказаў Свабодзе дырэктар адной з польскіх школаў у Менску Сяргей* (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС), супрацоўніцу навучальнай установы затрымлівалі на мінулым тыдні. Суразмоўца мяркуе, што гэта быў ГУБАЗіК. У яе патрабавалі статут і іншыя дакумэнты школы.
Да таго ж сілавікі настойвалі, каб ім выдалі сьпісы навучэнцаў польскіх курсаў за апошнія гады. Такіх зьвестак школа не перадала. На доўгі тэрмін іх не захоўваюць. Актуальныя сьпісы знаходзяцца ў дырэктара школы, які працуе з-за мяжы. Той апынуўся ў складанай маральнай сытуацыі: або падставіць кліентаў школы, або сваіх супрацоўнікаў.
«З аднаго боку, [сілавікі] ціснуць на супрацоўнікаў, каб яны гэта ўсё выдалі. І я ня ведаю, што зь імі зробяць, калі яны гэтага не пакажуць. З другога боку, супрацоўнікі ціснуць на мяне, бо баяцца за сябе і за сваё жыцьцё. З трэцяга боку, я разумею, што калі мы выдадзім зьвесткі сотняў, калі ня тысяч людзей, для іх гэта можа скончыцца прафіляктычнай размовай, а мо і чымсьці горшым», — разважае Сяргей.
Падчас візыту сілавікі прапаноўвалі добраахвотна закрыць курсы.
«Хутчэй за ўсё, іхнай мэтай было запалохваньне. „Спыняйце рэкляму, спыняйце дзейнасьць, пішыце заяву на ліквідацыю“. Пачалі гаварыць, што толькі дакумэнтаў будзе досыць, каб усіх пазакрываць, таму, маўляў, давайце самі, бо іншым разам прыйдуць людзі больш сур’ёзныя і ў масках», — пераказвае словы сілавікоў суразмоўца.
Ён кажа, што ім не пакінулі выбару — школу будуць закрываць. Супрацоўнікі баяцца працаваць далей пад такім ціскам. Але фірма цяпер у складаным фінансавым становішчы. Цяжка адразу разьлічыць работнікаў перад звальненьнем, аплаціць арэнду памяшканьня. Перавезьці школу ў Польшчу таксама ня так проста. Складана будзе плаціць заробкі выкладчыкам, калі яны будуць заставацца ў Беларусі.
«Зараз мы ў патавай сытуацыі. Невядома, што рабіць», — прызнаецца Сяргей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі для палякаў цяпер найгоршае становішча ў сьвеце» — Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы«Выдалілі нават назву курсу „Для паступленьня за мяжу“»
Цягам апошніх месяцаў у іхную школу некалькі разоў прыходзілі прадстаўніцы аддзелу адукацыі, расказаў дырэктар.
«Яны казалі, што хадзілі па ўсіх польскіх курсах у раёне. Пыталіся, паводле якіх падручнікаў мы вучым, як праходзяць заняткі, колькі груп. Адсканавалі сабе статут школы і іншыя дакумэнты», — расказвае Сяргей.
Цягам апошніх гадоў у школу прыйшоў ліст, пэўна, зь Міністэрства адукацыі, каб фірма прыпыніла рэкляму адукацыі за мяжой.
«Мы ўсё выдалілі, нават назву курсу „Для паступленьня за мяжу“. Мы перасталі рэклямаваць „карту паляка“. Але наш сайт і сайты яшчэ каля 30 арганізацый заблякавалі, бо яны, на іхную думку, не адпавядаюць, бо нібыта там ёсьць рэкляма адукацыі за мяжой», — расказвае Сяргей.
Іхная школа польскай мовы калісьці была вельмі вялікай. Падчас каранавірусу колькасьць студэнтаў зьменшылася. Новая хваля попыту пачалася ў канцы 2020 году. У апошнія год-паўтара зноў пайшоў спад прыкладна на 20%, бо давялося прыбраць частку рэклямы, да таго ж пасьля ад’езду дырэктара зь Беларусі перарвалася супрацоўніцтва зь некаторымі буйнымі кліентамі, расказаў суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскамоўны пратэст. Рэпэтытары расказваюць, як беларусы пасьля 2020 году кінуліся вывучаць польскуюПерасьлед польскасьці ў Беларусі
Перасьлед польскасьці ў Беларусі абвастрыўся пасьля 2020 году, калі Лукашэнка вінаваціў Захад у падтрымцы пратэстаў, а МЗС Беларусі запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх дыпляматаў у краіне. Пасьля закрылі межы нібыта праз каранавірус. У сакавіку 2021 году арыштавалі кіраўнікоў Саюзу палякаў Беларусі. Урэшце арыштавалі журналіста Анджэя Пачобута і асудзілі на 8 гадоў калёніі. Пачаліся праверкі ў іншых польскіх арганізацыях, якія прапаноўвалі беларусам моўныя курсы.
Дзьве сярэднія школы з польскай мовай навучаньня ў Горадні і Ваўкавыску з 2022 году перавялі на расейскую мову, не пакінулі нават факультатываў польскай мовы і літаратуры. Тады ж закрылі адну з самых старых і буйных прыватных школаў у Горадні — «Польскае школьнае таварыства» (Matierz Szkolna), якая рыхтавала сотні дзяцей да паступленьня ў Польшчу амаль 30 гадоў.
З новай хваляй эміграцыі ў 2021 годзе вырас попыт на польскую мову ў Беларусі. У апошнія гады на курсы польскай мовы сталі хадзіць чыноўнікі ад адукацыі, правяралі дакумэнты, патрабавалі прыбраць рэкляму паступленьня за мяжу. Амаль усім моўным школам пасьля 2020 году блякавалі сайты. Некалькі супрацоўнікаў польскіх школаў затрымлівалі, арыштоўвалі на «суткі», на кагосьці заводзілі крымінальную справу. Шэраг дырэктараў і выкладчыкаў ад перасьледу выехалі за мяжу і адтуль вядуць дзейнасьць. Некаторыя моўныя школы прыбралі польскую мову са спэктру паслуг, іншыя вымушаныя былі закрыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ведаю, чым гэта скончыцца». Размова з палякам, якога асудзілі за пашкоджаньне агароджы беларускай амбасады, а ён адмовіўся плаціць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Польшча — прыклад таго, што можна зрабіць з краінай за 30 гадоў». Размова з кіраўніком варшаўскага «Беларускага дому»