КНДР запусьціла балістычную ракету, здольную дасягнуць тэрыторыі ЗША

Ракета «Хвасон-18»

Паўночная Карэя ў панядзелак правяла выпрабаваньне міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты «Хвасон-18», здольнай дасягнуць тэрыторыі ЗША.

Пра запуск паведаміла афіцыйнае паўночнакарэйскае агенцтва ЦТАК. За выпрабаваньнямі назіраў кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын.

У паведамленьні гаворыцца, што запушчаная з палігону на ўсход ад Пхэньяну ракета праляцела 4415 сэкундаў, далечыня яе палёту склала 1023 кілямэтры, а максымальная вышыня — 6518 кілямэтраў. Яна, як паведамляецца, прызямлілася ў моры ў зададзеным квадраце на захад ад японскага вострава Хакайда.

Кім Чэн Ын назваў запуск «сыгналам агрэсіўным сілам, якія нарошчваюць сваю безразважную гістэрыю ваеннай канфрантацыі». Паводле яго слоў, запуск ракеты паказаў гатоўнасьць КНДР даць «магутны і рашучы адпор» ЗША і Паўднёвай Карэі. Таксама, як сьцьвярджаецца, ён паставіў новыя задачы па разьвіцьці стратэгічных ядзерных сілаў КНДР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя закрыла чатыры амбасады. У Паўднёвай Карэі заяўляюць, што гэта сьведчыць пра цяжкое эканамічнае становішча краіны


«Хвасон-18» — найбольш сучасная і магутная ракета, якая знаходзіцца на ўзбраеньні КНДР. Яна здольная несьці ядзерную зброю, радыюс яе дзеяньня тэарэтычна ўключае ў сябе ўсю тэрыторыю ЗША. Першае выпрабаваньне ракеты правялі ў красавіку 2023 году.

Злучаныя Штаты, Паўднёвая Карэя і Японія асудзілі запуск. Рада бясьпекі ААН у аўторак зьбярэцца на запыт ЗША, каб яго абмеркаваць. Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі адзначаюць, што КНДР парушае рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН.

ЗША апошнім часам выказвалі занепакоенасьць у сувязі з разьвіцьцём ваеннага супрацоўніцтва Паўночнай Карэі з Расеяй. Паводле паведамленьняў, афіцыйна не пацьверджаных Масквой і Пхэньянам, КНДР сёлета пачала пастаўляць Расеі вялікія аб’ёмы боепрыпасаў. Масква, у сваю чаргу, паспрыяла ў падрыхтоўцы запуску на арбіту вайсковага спадарожніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Паўднёвай Карэі: КНДР паставіла Расеі больш за 1 мільён артылерыйскіх снарадаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя, праўдападобна, рэзка павялічыла пастаўкі зброі Расеі