Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная Карэя закрыла чатыры амбасады. У Паўднёвай Карэі заяўляюць, што гэта сьведчыць пра цяжкое эканамічнае становішча краіны


Адна з амбасадаў Паўночнай Карэі ў Эўропе
Адна з амбасадаў Паўночнай Карэі ў Эўропе

У Пхэньяне афіцыйна заяўляюць, што пераглядаюць свае міжнародныя адносіны, а ў Сэуле бачаць у гэтым пагаршэньне эканамічнага стану суседняй ядзернай дзяржавы.

Улады Паўночнай Карэі заявілі, што нядаўняя сэрыя закрыцьця амбасад — «звычайная справа» і служыць для паляпшэньня зьнешніх адносін. Такім быў адказ Пхэньяну на думку ўладаў суседняй Паўднёвай Карэі, дзе лічаць гэта прыкметай цяжкага эканамічнага становішча Пхэньяну, піша AFP.

На мінулым тыдні Паўночная Карэя закрыла амбасады ў Анголе і Ўгандзе, якія зьяўляюцца хаўрусьнікамі рэжыму Кім Чэн Ына ў Афрыцы. Акрамя таго, афіцыйны Пхэньян спыніў працу сваіх дыпляматычных місій у Ганконгу і Гішпаніі, пра што паведамілі дзяржаўныя СМІ і мясцовыя ўлады.

На гэтым тыдні Сэул заявіў, што закрыцьцё прадэманстравала «жахлівую эканамічную сытуацыю ў Паўночнай Карэі, дзе цяжка падтрымліваць нават мінімальныя дыпляматычныя адносіны з традыцыйнымі хаўрусьнікамі».

Але неназваны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Паўночнай Карэі ў адказ на гэта заявіў, што зьмены зьяўляюцца «звычайнай справай».

«У адпаведнасьці са зьменамі міжнароднай абстаноўкі і замежнай палітыкі дзяржавы мы альбо закрываем, альбо адкрываем наноў дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў іншых краінах», — сказаў чыноўнік.

Ён адзначыў, што ў ранейшыя гады Паўночная Карэя неаднаразова рабіла так.

Паводле зьвестак Міністэрства аб’яднаньня Паўднёвай Карэі, Карэя Паўночная мае дыпляматычныя адносіны з больш чым 150 краінамі, але колькасьць місій, якія яна падтрымлівае за мяжой, скарачаецца з 1990-х гадоў, і прычынай гэтаму ёсьць фінансавы стан.

Экспэрты кажуць, што апошні раз Паўночная Карэя адмаўлялася ад дыпляматычных прадстаўніцтваў у такім маштабе ў сярэдзіне - канцы 1990-х гадоў, калі там быў вялікі голад, у выніку якога загінулі сотні тысяч чалавек (паводле некаторых ацэнак, больш за мільён).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG