Пра гэта паведаміў дэпутат парлямэнту Паўднёвай Карэі Ю Сан Бом пасьля брыфінгу для парлямэнтароў, якія 1 лістапада правялі прадстаўнікі выведслужбы, піша Radio Free Asia.
Агулам, паводле дэпутата, выведка зафіксавала больш за 10 выпадкаў пастаўкі снарадаў з КНДР у Расею. Для гэтага выкарыстоўваліся транспартныя самалёты і судны. Сьцьвярджаецца, што снарады пасьля чыгункай перавозілі на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, дзе іх выкарыстоўвалі на фронце.
1 мільён снарадаў, паводле ацэнкі паўднёвакарэйскай выведкі, хапае для вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў ва Ўкраіне на працягу двух месяцаў.
У абмен на снарады Расея, як сьцьвярджае выведка Паўднёвай Карэі, перадала Пхэньяну тэхналёгіі для запуску спадарожніка. У траўні і жніўні запускі былі няўдалымі.
Паводле Ю Сан Бома, выведка таксама лічыць, што паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын шукае магчымасьцяў надаць дапамогу палестынскай групоўцы ХАМАС у вайне з Ізраілем. Раней ізраільскія вайскоўцы пацьвярджалі, што баевікі ХАМАС выкарыстоўваюць зброю з Паўночнай Карэі.
Афіцыйны Сэул пакуль не камэнтаваў заявы дэпутата. Раней Паўднёвая Карэя і яе саюзьнікі, у тым ліку ЗША, заяўлялі пра асьцярогі ў сувязі з магчымымі пастаўкамі як боепрыпасаў з КНДР Расеі, так і расейскіх ракетных тэхналёгій КНДР. Пхэньян, заяўляючы аб падтрымцы Расеі ў вайне з Украінай, адмаўляў пастаўкі. Іх адмаўляла і Масква.
У верасьні Кім Чэн Ын наведаў Расею і сустрэўся з Уладзімірам Пуціным, а таксама міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу. Нядаўна ў Пхэньяне зь візытам пабываў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.