Згодна з сумеснай заявай дзьвюх краін, яны «ні пры якіх абставінах ня будуць пагражаць адзін аднаму сілай або ўжываць сілу» і «будуць устрымлівацца — словам або справай — ад эскаляцыі канфлікту або рознагалосьсяў».
У заяве таксама абвяшчаецца аб працягу перамоваў у наступныя тры месяцы і падкрэсьліваецца, што спрэчкі будуць вырашацца ў адпаведнасьці з міжнародным правам. Пры гэтым Гаяна настойвае на рашэньні Міжнароднага суду ААН, а Вэнэсуэла яго не прызнае.
14 снежня ў адбылася сустрэча прэзыдэнта Гаяны Ірфана Алі і прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура. У перамовах прынялі ўдзел прадстаўнікі ААН, Карыбскай супольнасьці, Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаў, Бразыліі і Калюмбіі.
Алі надзеў на сустрэчу бранзалет з выявай Гаяны ў яе міжнародна прызнаных межах. Ён заявіў, што мяжа краіны не падлягае абмеркаваньню.
«Гаяна не імкнецца да вайны, але пакідае за сабой права працаваць з партнэрамі, каб забясьпечыць сваю абарону», — сказаў ён. Паводле яго, абодва бакі жадаюць, каб Эсекіба заставалася зонай міру.
6 снежня прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура абвясьціў аб анэксіі багатага на нафту рэгіёну Эсэкіба, разьмешчанага ў заходняй частцы суседняй незалежнай дзяржавы Гаяна. Пра гэта ён заявіў па выніках рэфэрэндуму аб прызнаньні сувэрэнітэту над Эсэкіба. Улады сьцьвярджаюць, што больш за 95% удзельнікаў рэфэрэндуму пагадзіліся з далучэньнем Эсэкіба. Аднак экспэрты ў выбарах і СМІ гавораць пра нізкую яўку і фальсыфікацыі.
Эсэкіба займае амаль тры чвэрці Гаяны. Вэнэсуэла прэтэндуе на рэгіён з 1811 году, калі яна стала незалежнай ад Гішпаніі, а Эсэкіба адышла да Вялікай Брытаніі, калёніяй якой стала Гаяна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Вэнэсуэлы падпісаў указы аб анэксіі рэгіёну суседняй Гаяны. Прэзыдэнт Гаяны прыгразіў адказам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Вэнэсуэлы Мадура паказаў мапу краіны з далучаным рэгіёнам Гаяны і даручыў правесьці там выведку радовішчаў нафты і газу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напружанасьць паміж Вэнэсуэлай і Гаянай узмацняецца, ЗША праводзяць вайсковыя вучэньні