Ужо месяц як краязнаўца з Баранавічаў Уладзімер Гундар адбывае пакараньне ў крытай турме № 4 у Магілёве, куды ён трапіў з бабруйскай калёніі паводле рашэньня суду ў Бабруйску.
Як паведаміла Свабодзе дасьведчаная крыніца, трымаюць інваліда Гундара, у якога няма адной нагі, у адзіночнай камэры. Паводле суразмоўцы, у пачатку яго ўвязьненьня ў магілёўскай турме Ўладзімера Гундара выводзілі на прагулкі на мыліцах, але потым гэта стала немагчыма.
«Выявілася, што ў яго сьцерліся гумовыя наканечнікі мыліц, а замяніць іх там няма чым. Такая сытуацыя не прадугледжана. Уладзімер зьвярнуўся да сваякоў, тыя сабралі рэчавую пасылку, але ці дайшла яна, невядома. Ужо тры тыдні ад Гундара няма лістоў, адзіны званок быў у лістападзе. Сваякі толькі ведаюць, што пасылка была падпісаная, і спадзяюцца, што ён урэшце яе атрымае. Бо да таго прагулкі немагчымыя», — сказала дасьведчаная крыніца.
Ад крыніцы вядома, што на пагаршэньне стану здароўя Ўладзімер Гундар ня скардзіўся і падчас апошняга зь ім званку размаўляў бадзёра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Стала вядома, колькі гадоў «крытай турмы» прысудзілі бязногаму «тэрарысту» ГундаруГундару 63 гады. Ён інвалід 2-й групы, у палітвязьня няма адной нагі вышэй калена. У СІЗА Уладзімер Гундар часткова страціў слых на адно вуха, пазьней слых аднавіўся, але вязьню дагэтуль трэба прымаць спэцыяльныя лекі.
У 2022 годзе Ўладзімера Гундара, ужо асуджанага за напад на міліцыянта, асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня ў крымінальнай справе аб тэрарызьме — так званай «справе Аўтуховіча». У канцы студзеня Ленінскі суд Горадні асудзіў Гундара за абразу супрацоўніцы пракуратуры яшчэ на два з паловай гады пазбаўленьня волі. Частковым складаньнем пакараньняў канчаткова Гундара асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Сваёй віны Ўладзімер Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы назвалі яго палітычным вязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкамэндавалі дыхальную гімнастыку і зноў пасадзілі ў карцар. Што вядома пра палітвязьня без нагі Ўладзімера Гундара ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля тэлефоннай размовы ноччу спаў як забіты». Што новага ў фігурантаў справы Аўтуховіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Гундара зьмясьцілі ў ШЫЗА, зь ім няма сувязі 42 дні