Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова расказала, якія крокі зьбіраюцца рабіць Злучаныя Штаты і якія аспэкты жыцьця палітычных вязьняў Беларусі іх найбольш цікавілі.
«Усё, што мы расказвалі нашым партнэрам, — гэта тая рэальнасьць, у якой жывуць палітвязьні сёньня ў Беларусі, знаходзячыся ў месцах няволі. Мы расказвалі рэальныя выпадкі. Гісторыі зьнікненьняў вядомых палітычных дзеячаў, новую тэндэнцыю 2023-га — інкамунікада, гуманітарны сьпіс палітвязьняў, пра тое, што людзям экстрана неабходная мэдыцынская дапамога і мы павінны рабіць спробы да іх вызваленьня.
ЗША ў гэтым пытаньні для нас вельмі важны стратэгічны партнэр, бо ў іх вельмі вялікі досьвед — кожны дзень, мне здаецца, ЗША працуюць зь іншымі краінамі, дзе ёсьць праблемы ў грамадзян ЗША. У іх ёсьць вялікі досьвед у вызваленьні людзей, у тым ліку палітзьняволеных грамадзян ЗША. Па сутнасьці, гэта тое, што хочам рабіць мы. Мы як беларусы таксама хочам вызваляць грамадзян Беларусі, якія, праўда, знаходзяцца ў зьняволеньні ў сваёй уласнай краіне.
З тых кірункаў, якія мы прапанавалі да разгляду — стварэньне двухбаковай працоўнай групы, куды ўвайшлі б прадстаўнікі як зь беларускага боку ад дэмакратычных сіл, так і з боку ЗША: каб маглі сустракацца экспэрты, выпрацоўвацца канкрэтныя пляны дзеяньняў і, адпаведна, рэалізоўвацца.
Мы падымалі пытаньне, зьвязанае зь недастатковасьцю рэсурсаў для рэабілітацыі палітвязьняў, якія ўжо выйшлі. І казалі зноў аб пытаньні стварэньня міжнароднага фонду падтрымкі палітвязьняў, падтрымку недзяржаўных арганізацый, якія масава зьліквідавалі ў Беларусі, але шмат хто ў выгнаньні аднаўляе сваю працу, падтрымлівае блізкіх і палітвязьняў, якія выйшлі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся Стратэгічны дыялёг ЗША зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Што ў праграме?Вольга Гарбунова радая, што пытаньне палітвязьняў прыярытэтнае.
«Я расказвала, напрыклад, пра такія лічбы, што, згодна з апошнім дасьледаваньнем, 10% беларусаў унутры краіны лічаць палітвязьняў злачынцамі і што яны павінны сядзець цалкам вось гэтыя незаконна прысуджаныя тэрміны. Рэжым стварае ўсе ўмовы, каб разарваць сацыяльныя сувязі паміж тымі, хто ў выгнаньні, і тымі, хто знаходзіцца ў краіне. Але 90% людзей унутры краіны ня лічаць гэта нармальным, ня лічаць, што людзі ні за што павінны сядзець такія жудасныя тэрміны ў такіх катавальных, бесчалавечных умовах.
Мне здаецца, гэта знаходзіць пэўны водгук у нашых партнэраў, бо ўрэшце ў іх ёсьць разуменьне, што іхныя грамадзяне таксама перажывалі розныя падзеі і сёньня па ўсёй плянэце вельмі шмат месцаў, дзе грамадзянам ЗША таксама патрэбна дапамога».
Найбліжэйшымі днямі ў Вашынгтоне беларускія дэмакратычныя дзеячы будуць сустракацца і вызначаць магчымы склад двухбаковай працоўнай групы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваш зварот разгледжаны». Што адказваюць родным зьніклых палітвязьняў у адміністрацыях калёніяўУдзельніца Каардынацыйнай рады і сястра палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч адзначыла, што амэрыканцы ведаюць пра ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў у Беларусі, ведаюць пра іх колькасьць.
«Якраз яны самі казалі пра тое, што каля году таму ці двух гадоў таму яны перазапусьцілі праграму падтрымкі палітвязьняў, у тым ліку трое палітвязьняў зь Беларусі ў гэтай праграме. Наколькі я памятаю, гэта Марыя Калесьнікава, мая сястра, Ігар Лосік; я магу памыляцца, хто трэці палітвязень, якога падтрымліваюць. Але сапраўды такая праграма дапамагае падтрымліваць публічна, заяўляць публічна, нагадваць усяму сьвету пра сытуацыі з палітвязьнямі ў Беларусі».
Асобна беларускі бок спыніўся на катаваньнях палітычных вязьняў у Беларусі.
«Мы казалі аб тым, што шмат у каго, калі выходзяць праз 2-3 гады з калёніі, фактычна крышацца зубы. І той дапамогі, якая ёсьць для рэабілітацыі палітвязьняў, зараз недастаткова. Гэта патрабуе падтрымкі ініцыятыў, якія сёньня аказваюць такую дапамогу, каб яны маглі маштабавацца, бо праблема на самой справе для нас глябальная, а сыстэмных праграм рэабілітацыі няма. Яны ўсе ёсьць кропкавыя ў розных краінах».
Хоміч падкрэсьліла, што нават праз тры гады беларускія праваабарончыя арганізацыі і арганізацыі, якія аказваюць дапамогу і падтрымку палітвязьням, пакуль не змаглі адаптавацца, каб дапамагчы ўсім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Верталёт, тэлефон і каб тата хутчэй вярнуўся дахаты. Якіх падарункаў чакаюць дзеці палітвязьняў на КалядыДзярждэпартамэнт ЗША: Да вызваленьня палітвязьняў зьмякчэньня санкцыяў ня будзе
Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер падкрэсьліў, што ЗША «радыя прымаць першы Стратэгічны дыялёг паміж ЗША і беларускім дэмакратычным рухам і вітаць беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятлану Ціханоўскую ў Дзярждэпартамэнце», паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.
Што да санкцыяў, Мілер нагадаў, што 6 сьнежня офіс кантролю за замежнымі актывамі Казначэйства ЗША ўвёў санкцыі ў дачыненьні 19 фізычных і юрыдычных асобаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, працуюць у беларускім абаронным сэктары і падтрымліваюць Расею ў яе ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
«Нашае пасланьне Лукашэнку і тым, хто праводзіць рэпрэсіі, яснае і дакладнае: мы ня будзем гаварыць пра зьмену нашай палітыкі, зьмякчэньне санкцыяў і паляпшэньне нашых адносінаў, пакуль рэжым ня вызваліць усіх палітвязьняў, ня спыніць усе рэпрэсіі ў дачыненьні да беларускага народу і не перастане ўдзельнічаць у расейскай вайне супраць Украіны», — сказаў Мілер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС назвала «рытуальнымі танцамі» новыя санкцыі ЗША адносна Беларусі. Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту кажа пра «пасланьне Лукашэнку»