У сераду, 6 сьнежня, цягам 8 гадзін у будынку Гары Трумэна ў Вашынгтоне адбудуцца першыя пасяджэньні. Будынак названы імем 33-га прэзыдэнта Злучаных Штатаў, тут месьціцца Дзяржаўны дэпартамэнт.
«Сувэрэнная, стабільная, дэмакратычная Беларусь»
На першай панэлі «Сувэрэнная, стабільная, дэмакратычная Беларусь» будуць абмяркоўваць:
- Спрыяньне дэмакратычнаму пераходу і дэмакратычным каштоўнасьцям у Беларусі;
- Сувэрэнітэт і супрацьдзеяньне ўплыву і кантролю Расеі;
- Забесьпячэньне бачнасьці і актуальнасьці дзейнасьці для беларусаў у Беларусі.
З амэрыканскага боку возьмуць удзел памочнік дзяржаўнага сакратара ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка адміністратара USAID (Агенцтва ЗША для міжнароднага разьвіцьця) у бюро Эўропы і Эўразіі Марк Сімакоўскі, каардынатарка дапамогі Марыя Лонгі, дырэктар у пытаньнях Расеі Кэралайн Сэвэдж.
Зь беларускага боку ў перамовах выступяць дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, старшыня Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў і прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская разьлічвае распрацаваць сумесную з ЗША «стратэгію па Беларусі»
«Правы чалавека і палітыка»
На другой панэлі «Правы чалавека і палітычныя вязьні» абмяркуюць:
- Праблемы правоў чалавека і стрымліваньня рэпрэсіяў;
- Забесьпячэньне вызваленьня і захады для рэабілітацыі палітвязьняў;
- Пытаньні правоў працоўных (артыкул 33 Статуту Міжнароднай арганізацыі працы; палітвязьні, зьвязаныя з прафсаюзамі, і г.д.).
Дакладчыкамі ад ЗША будуць памочніца дзяржаўнага сакратара зь Бюро дэмакратыі, правоў чалавека і працы Ніколь Чулік, ужо згаданы Крыстафэр Сьміт, дырэктарка офісу падтрымкі ініцыятываў пераходу да дэмакратыі Агенцтва ЗША для міжнароднага разьвіцьця Брытані Браўн і спэцыяльная прадстаўніца ў міжнародных прафсаюзных пытаньнях Келі Радрыгес.
Зь беларускага боку ўдзел у дыскусіі прымуць прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Вольга Гарбунова, жонка палітвязьня і Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, прадстаўніца Каардынацыйнай рады Тацяна Хоміч і прадстаўнік «Рабочага руху» Юры Рававы.
«Мэханізмы справаздачнасьці»
У панэлі № 3 пойдзе абмеркаваньне тэмаў:
- Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН, унівэрсальная юрысдыкцыя;
- Санкцыі;
- Мэханізмы ААН
Ад ЗША ў дыскусіі возьме ўдзел амбасадар Робэрт Гілкрыст, Ніколь Чулік, дырэктар эканамічнага бюро Гізэр Якабсэн, каардынатар офісу санкцый Джым Малінакс, а таксама прадстаўнікі офісу глябальнага крымінальнага правасудзьдзя і бюро міжнародных арганізацыяў Дзяржаўнага дэпатрамэнту, Скарбніцы.
Ад Беларусі выступяць кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўленьня, удзельнік АПК Павал Латушка, дарадца офісу Ціханоўскай у праўных пытаньнях Крысьціна Рыхтэр, праваабаронца цэнтру «Вясна» Алег Пашкевіч.
Увечары пройдзе сустрэча з кангрэсмэнам Дыясам Балартам і камітэтам асыгнаваньняў, а затым удзельнікаў чакае штогадовая лекцыя Ліпсэта і сустрэча з Лары Даймандам — старшым навуковым супрацоўнікам інстытуту Гувэра Стэнфардзкага ўнівэрсытэту і сурэдактарам-заснавальнікам Journal of Democracy.
«Прыватны сэктар і прадпрымальніцтва»
У чацьвер, 7 сьнежня, адбудуцца наступныя панэлі дыялёгу. У 4-й панэлі «Прыватны сэктар і прадпрымальніцтва» ў парадку дня:
- Дыскрымінацыя і зьніжэньне рызыкаў, зь якімі сутыкаецца беларускі бізнэс, які працуе за мяжой; уплыў санкцыяў;
- Зьмяншэньне эканамічнай залежнасьці ад Расеі, рост прысутнасьці на заходніх рынках;
- Падтрымка беларускага бізнэсу і прадпрымальніцкай адукацыі;
- Будучая эканамічная мадэль Беларусі і прыватнага сэктару, падрыхтоўка прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў да вяртаньня.
Ад ЗША ў дыскусіі выступяць Крыстафэр Сьміт, Марк Сімакоўскі, старшая дарадца USAID у пытаньнях Беларусі Маргат Эліс, прадстаўнік дэпартамэнту камэрцыі.
Беларускія прадстаўнікі: кіраўніца Imaguru і сябра Каардынацыйнай рады Тацяна Марыніч, прадстаўнік Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Алесь Аляхновіч, эканаміст BEROC і прадстаўнік Каардынацыйнай рады Зьміцер Крук.
«Мэдыя і супрацьдзеяньне прапагандзе»
На пятай панэлі ў парадку дня:
- Супрацьдзеяньне прапагандзе рэжыму і расейскай дэзынфармацыя;
- Падтрымка незалежных мэдыя;
- Стратэгічныя камунікацыі; зварот да ўнутранай і цяжкадаступнай аўдыторыі;
- Тэхналягічныя праблемы (кібэрбясьпека);
- Біг-тэк; доступ насуперак цэнзуры і рэпрэсіям.
Прадстаўнікамі амэрыканскага боку будуць Марк Сімакоўскі, Ніколь Чулік, Крыстафэр Сьміт, кіраўніца аддзелу лічбавай дэмакратыі і правоў Вэра Закем, а таксама прадстаўнік Глябальнага цэнтру ўзаемадзеяньня.
Ад беларусаў выступяць: галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, прадстаўніца АПК у справе нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык, прадстаўніца Прэс-клюбу Натальля Белікава, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэсе ЗША рыхтуюць новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі«Беларуская ідэнтычнасьць, культура, спорт, праблемы дыяспары»
У пятніцу, 8 сьнежня, у будынку Атлянтычнай рады пройдзе абмеркаваньне тэмаў панэлі № 6. Сярод тэмаў:
- Міжлюдзкія сувязі;
- Прапаганда беларускай мовы і культуры; змаганьне з навязваньнем расейскіх каштоўнасьцяў, гістарычнага наратыву і мовы ў Беларусі з боку Крамля;
- Удзел беларускіх спартоўцаў у міжнародным спаровым жыцьці;
- Падтрымка беларускай дыяспары/эмігрантаў, гісторыя.
Удзельнікі ад ЗША: намесьніца памочніка сакратара ў Бюро пытаньняў асьветы і культуры Ніколь Элькан, Брытні Браўн, прадстаўнікі USAID, бібліятэкі Кангрэсу.
Выступоўцы ад Беларусі: Аліна Коўшык, прадстаўніца Моладзевай рады Маргарыта Ворыхава, адна з стваральніц Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы Надзея Нортан, прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Павал Церашковіч, Яраслаў Бекіш.
Таксама ў Атлянтычнай радзе заплянаваныя круглы стол дыяспары і падзея з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прайшлі слуханьні аб Беларусі з удзелам Ціханоўскай. ВІДЭААмбасада ЗША: «Мы рады працаваць разам дзеля дэмакратычнай Беларусі»
Амбасада ЗША ў Беларусі прывітала пачатак Стратэгічнага дыялёгу ЗША і Беларусі:
«Сёньня ў Вашынгтоне вітаем Сьвятлану Ціханоўскую і больш за 20 дэмакратычных лідараў з Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінэта і іншых груп грамадзянскай супольнасьці для ўдзелу ў Першым стратэгічным дыялёгу з урадам ЗША. Мы рады працаваць разам дзеля дэмакратычнай Беларусі».
Ціханоўская і Кавалеўскі пра чаканьні ад Стратэгічнага дыялёгу
Прадстаўнік АПК у замежных справах Валер Кавалеўскі, які прымаў актыўны ўдзел у запуску Стратэгічнага дыялёгу, акрэсьліў свае чаканьні наконт працы пляцоўкі:
«Стратэгічны дыялёг выводзіць адносіны дэмакратычных сіл Беларусі з урадам Злучаных Штатаў Амэрыкі на вышэйшы ўзровень. Гэты фармат унікальны і для саміх Злучаных Штатаў: такія стратэгічныя дыялёгі звычайна пачынаюцца менавіта зь дзяржавамі. Камунікацыя дэмакратычных сілаў Беларусі з афіцыйнымі структурамі ЗША на такім узроўні — і яшчэ і на пастаяннай аснове — значнае для нас дасягненьне.
Стратэгічны дыялёг сьведчыць аб асэнсавананьні важнасьці Беларусі ў вачах Злучаных Штатаў. Ён дазволіць больш апэратыўна вырашыць практычныя пытаньні, якія на парадку дня ўжо сёньня, і абмеркаваць стратэгію сумесных дзеяньняў».
Прадстаўнік у замежных справах Кабінэту дадаў, што разам з Стратэгічным дыялёгам адбываецца праграма візыту кіраўніцы Кабінэту ў ЗША, у прыватнасьці перамовы ў кангрэсе.
Сьвятлана Ціханоўская ў The Washington Post адзначыла:
«Стратэгічны дыялёг выводзіць супрацоўніцтва ЗША і дэмакратычных сілаў на новы ўзровень. Гэта можа зьмяніць правілы гульні ў нашай трыццацігадовай барацьбе за свабоду. Спадзяюся, што гэта дасьць нам шанец вярнуць Беларусь да дэмакратыі і вызваліць яе з кіпцюроў Расеі. Аднойчы і назаўсёды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для чаго дзяржаўнаму сакратару ЗША варта званіць Лукашэнку. Тлумачыць палітолягСтратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.