Наадварот, сам Лукашэнка падчас перамоваў са старшынём КНР Сі Цзіньпінам ускосна пацьвердзіў гэта, падзякаваўшы кітайскаму лідэру «за апэратыўнасьць».
Сьцісла:
- Здарылася нейкая неспадзяванка, нешта непрыемнае, што запатрабавала неадкладнай новай сустрэчы на найвышэйшым узроўні.
- Лукашэнка не наведваў трэці форум «Адзін пояс — адзін шлях», які прайшоў у Пэкіне 17-18 кастрычніка.
- Праекты ў беларуска-кітайскіх дачыненьнях пастаўленыя на паўзу.
- Дасюль стратэгія Кітая адносна Беларусі грунтавалася на тым, што беларуская тэрыторыя разглядалася як транспартны хаб, транзытны мост у Эўропу. Але ў выніку вострага канфлікту Беларусі з ЭЗ, заходніх санкцый свой транзытны статус краіна ў значнай меры страціла.
Сёлета гэта ўжо другі візыт Лукашэнкі ў Кітай. Першы раз ён быў там з 28 лютага па 2 сакавіка. Каб цягам аднаго году двойчы наведваць Кітай — такога ў практыцы беларуска-кітайскіх адносін яшчэ не здаралася. Гэта прыкмета таго, што адбылося нешта нечаканае, непрыемнае і ўзьнікла вострая патрэба ў неадкладнай новай сустрэчы на найвышэйшым узроўні.
Падчас цяперашніх перамоваў у Пэкіне абодва бакі шмат ухвальных слоў сказалі пра кітайскі праект «Адзін пояс — адзін шлях». Ён, акрамя чыста эканамічных, лягістычных чыньнікаў, зьяўляецца спробай Пэкіна стварыць геапалітычную альтэрнатыву Захаду. Кіраўніцтва Беларусі актыўна падтрымлівае ідэю будаўніцтва альтэрнатыўных Захаду міжнародных інстытутаў, намагаецца ўступіць у ШАС і БРІКС. Таму гэты праект рэалізуецца якраз у рэчышчы такога замежнапалітычнага канструкту. Аднак на трэці форум «Адзін пояс — адзін шлях», які адбыўся ў Пэкіне 17-18 кастрычніка, Лукашэнка не прыехаў. Хоць там зьбіраліся лідэры ўсіх краін, якія прэтэндуюць на саюзьніцкія ці асаблівыя дачыненьні з Кітаем. Не паехаў туды нават міністар замежных спраў Беларусі. Наагул не было ніякай інфармацыі аб прысутнасьці высокіх беларускіх прадстаўнікоў на гэтым форуме. І гэта быў красамоўны сыгнал, што ў беларуска-кітайскіх адносінах нешта ня так.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі брама зачыняецца. Што адбываецца ў беларуска-кітайскіх дачыненьнях?29 лістапада Лукашэнка на чале дэлегацыі паляцеў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты на сусьветны кліматычны форум. Напярэдадні, 27 лістапада, ён правёў нараду, на якой абмяркоўвалася праграма знаходжаньня ў Дубаі, дэталі візыту.
Цікава, што падчас гэтай нарады Лукашэнка згадаў кітайскую тэму. Паводле ягонай прэсавай службы, ён папрасіў праінфармаваць і аб сытуацыі ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем: «Вельмі важная для нас краіна. Натуральна, шмат пытаньняў, якія ўрад павінен быў „разруліць“, калі можна так сказаць, у адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Што плянавалі, што зрабілі, чаго не зрабілі».
Такім чынам, з гэтай рэплікі можна зрабіць высновы, што, па-першае, у адносінах з Кітаем «шмат пытаньняў»; па-другое, іх павінен «разруліць» урад; па-трэцяе, ніякай гаворкі пра магчымы візыт самога Лукашэнкі не было.
Што тычыцца паездкі ў Эміраты, то Лукашэнка часта туды лятае, любіць там адпачываць. Нельга выключаць, што і цяпер у яго былі пляны затрымацца ў гэтай краіне. Тым больш што кліматычны форум будзе праходзіць цягам двух тыдняў.
Аднак раптам ён перапыняе візыт у Эміраты і тэрмінова ляціць у Пэкін. З гэтага можна зрабіць выснову, што беларускі бок прасіў аб сустрэчы на найвышэйшым узроўні. Бо, мяркуючы па ўсім, спрэчныя пытаньні ў двухбаковых адносінах нельга вырашыць на ўзроўні ўраду. Відаць, нарэшце ў працоўным графіку Сі Цзіньпіна знайшлася фортка і Лукашэнку запрасілі прыехаць. Ён усё кінуў і паляцеў. І падчас перамоваў не забыўся аддзячыць старшыні КНР за сам факт сустрэчы і за апэратыўнасьць.
Калі ацэньваць публічную частку перамоваў, то з тых узаемных камплімэнтаў у адрас адзін аднаго і двухбаковых адносін цяжка знайсьці згадку аб праблемах. Хіба што варта зьвярнуць увагу на словы Лукашэнкі: «Мы не знайшлі ніводнага пытаньня, у якім бы не было руху. Адзінае пытаньне, якое я хацеў бы з вамі абмеркаваць сёньня, — гэта хуткасьць». З гэтага можна зрабіць выснову, што праекты ў беларуска-кітайскіх дачыненьнях пастаўленыя на паўзу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чалы: Імпарт кітайскіх аўтамабіляў выгаднейшы за зборачную вытворчасьць у Беларусі і РасеіДасюль стратэгія Кітая адносна Беларусі грунтавалася на тым, што беларуская тэрыторыя разглядалася як транспартны хаб, транзытны мост у Эўропу. Паводле дадзеных за 2019 год, празь Беларусь праходзіла больш за 80% усіх чыгуначных перавозак паміж Эўразьвязам і Кітаем. Але ў выніку вострага канфлікту Беларусі з ЭЗ, заходніх санкцый свой транзытны статус краіна ў значнай меры страціла. Паводле ацэнкі эканаміста Льва Львоўскага, абарачэньне грузаў празь Беларусь зьменшылася прыкладна на 40% у параўнаньні з 2021 годам. І праблема абвастраецца. Назіраецца ступар на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах, стаіць пытаньне пра іх поўнае перакрыцьцё. Кітай гэтым не задаволены.
Аднак праблема канфлікту ў адносінах Беларусі з ЭЗ сёньня невырашальная. Незразумела, што тут Лукашэнка мог паабяцаць Сі Цзіньпіну.
Яшчэ цікавы момант. Паводле агенцтва Сіньхуа, старшыня КНР і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Пэкіне абмяркоўвалі «ўкраінскае пытаньне». Аднак беларускія дзяржаўныя мэдыя пра гэта не згадалі. Бо ў такім далікатным пытаньні негалосна прысутнічае чыньнік Расеі.
Варта таксама адзначыць, што сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай прысутнічаў на працоўным абедзе бацькі зь Сі Цзіньпінам як паўнавартасны чалец беларускай дэлегацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Злом трэнду праз вайну і санкцыі. Глядзім, як Беларусь гандлюе з Расеяй і Кітаем