Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што гібель уласьніка расейскай прыватнай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына звузіла для Аляксандра Лукашэнкі поле для манэўраваньня і супрацьдзеяньня паглынаньню Беларусі Расеяй.
«Крэмль працягвае прасоўваць свае стратэгічныя намаганьні ў паглынаньні Беларусі праз структуру „саюзнай дзяржавы“. Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі і Мінэканомікі Беларусі 29 лістапада ўзгаднілі новы пакет саюзных інтэграцыйных мерапрыемстваў на 2024–2026 гады для прасоўваньня намаганьняў Крамля ў паглынаньні Беларусі праз „саюзную дзяржаву“», — адзначаюць экспэрты ў сваёй справаздачы ад 30 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка ў Маскве падпісаў дакумэнты аб мадэрнізацыі тылоў «саюзнай дзяржавы» і дапамозе ДанбасуПаводле іх, падпісаньне гэтага пакету можа адбыцца ў 2024 годзе.
«Раней Лукашэнка супраціўляўся намаганьням Крамля ў далейшай інтэграцыі Беларусі ў саюзную дзяржаву, хоць апошнія падзеі, у тым ліку гібель Яўгенія Прыгожына і зрыў дамоўленасьцяў паміж Пуціным, Прыгожыным і Лукашэнкам ад 24 чэрвеня 2023 году аб перамяшчэньні ПВК „Вагнэр“ у Беларусь, імаверна, пагоршылі здольнасьць Лукашэнкі супрацьстаяць далейшым інтэграцыйным намаганьням у саюзнай дзяржаве», — адзначылі экспэрты ISW.
У справаздачы нагадалі, што нядаўна Аляксандар Лукашэнка «абвясьціў сябе гарантам беларускай дзяржаўнасьці напярэдадні беларускіх парлямэнцкіх выбараў у 2024 годзе і прэзыдэнцкіх выбараў у 2025 годзе, і заявіў 10 лістапада, што наступныя маладыя беларускія лідэры павінны ўзысьці на пасады з мэтай „выратаваць краіну“».
Што папярэднічала
23 лістапада міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Рашэтнікаў заявіў, што ўрады Расеі і Беларусі рыхтуюць новы інтэграцыйны пакет на 2024–2026 гады. Аб гэтым ён заявіў на Беларускім інвэстыцыйным форуме, што праходзіў у Маскве. Паводле яго, новую інтэграцыйную праграму на 2024–2026 гады плянуюць ухваліць у канцы 2023 году. Аднак падрабязнасьцяў ён не паведаміў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве заявілі пра новы інтэграцыйны пакет зь БеларусьсюУ лістападзе 2021 году Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падпісалі дакумэнт, якім зацьвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. З таго часу беларускія і расейскія чыноўнікі рэгулярна даюць справаздачы аб пасьпяховым выкананьні гэтых дакумэнтаў.
Шэраг экспэртаў тады заявілі, што ў выніку гэтага быў часткова страчаны падатковы сувэрэнітэт Беларусі — у абмен на прэфэрэнцыі ў сфэры нафтаперапрацоўкі.
На прэс-канфэрэнцыі 23 сьнежня 2021 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што ўзровень інтэграцыі ў саюзнай дзяржаве «да гэтага часу значна ніжэйшы, чым узровень інтэграцыі ў Эўразьвязе, проста непараўнальна».
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў 26 студзеня 2022 года ў Дзяржаўнай Думе, што рэалізацыя 28 саюзных праграм інтэграцыі Расеі і Беларусі зойме «пару-тройку гадоў».
У студзені сёлета па выніках нарады ў Лукашэнкі ягоная прэс-служба паведаміла, што праграмы інтэграцыі выкананыя «амаль на 68%». У чэрвені расейскі бок ацэньваў выкананьне саюзных праграм на 80%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Растове-на-Доне адкрыюць генконсульства Беларусі, у яго акругу хочуць уключыць і акупаваныя Расеяй рэгіёны ЎкраіныШто важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.